Дзень пралятае незаўважна і безвынікова: нічога не зроблена, а сіл няма нават нармальна павячэраць. Знаёма? Працягваем дзяліцца падказкамі, як захаваць і павялічыць свае энергетычныя запасы, каб іх хапала не толькі на працу, але і ўласна на жыццё.
Чытайце таксама: Няма ні на што сіл. 5 падказак, дзе іх знайсці
Падказка 1: сочым за сваім меню!
Ежа – крыніца нашых сіл. І, вядома, без якаснага харчавання казаць пра ўзнаўленне і захаванне рэсурсаў арганізма цяжка. Сёння, калі паставіць сабе мэту, падабраць дыету можна на любы густ і гаманец, таму падрабязна распісваць меню на кожны дзень не будзем. Проста адзначым, што, выконваючы разнастайныя практыкі па ўзнаўленні і захаванні энергіі, нельга забывацца на “базавыя элементы”.
Прагледзьце ўважліва сваё меню на тыдзень, месяц. Ці ўключаныя ў яго рыба, тварог, яйкі, зеляніна, садавіна, гародніна, арэхі, карысныя спецыі (напрыклад, куркума дапамагае мозгу хутчэй апрацоўваць інфармацыю). Можна нават на 2-3 месяцы зрабіць чэк-ліст: прачытайце яшчэ раз пра карысць тых ці іншых прадуктаў і абярыце тое, што падыходзіць менавіта вам. Адзначце гэтыя прадукты ў колькасці, патрэбнай на тыдзень, месяц. Выкрэслівайце тое, што спажываеце. Пасля ўключэнне гэтых прадуктаў у штодзённае меню ўвойдзе ў звычку, і пільна адсочваць гэты пункт ужо не будзе патрэбы.
Падказка 2: спім!
Сон – таксама адна з базавых патрэб арганізма. Не задаволіўшы яе, наўрад можна разлічваць на тое, што вы будзеце працаздольныя на ўсе 100 %. Так, амаль усе сыходзяцца на думцы, што спаць трэба не менш за 8 гадзін на суткі. Ці нават болей – калі таго патрабуе ваш арганізм. Пытанне ў дробязі – дзе знайсці гэтыя 8-10 гадзін?
Тут разгледзім два варыянты таго, як можна вырашыць пытанне сну. Першы – спаць 5-6 гадзін, вызваляючы для справаў (ці для забавак) 2-3 гадзіны на суткі. Але пару разоў на тыдзень даваць сабе адсыпацца па максімуме – пакуль не выспішся. Толькі трэба ўважліва сачыць за сваім станам: калі вам кепска, нездаровіцца, трэба рабіць пазапланавыя “адсыпныя”.
Другі варыянт патрабуе больш намаганняў спачатку, але і плён ад яго большы. Тут трэба знайсці “свой” сонны час. Можна спаць па 5-7 гадзін на суткі і пры гэтым пачувацца добра, толькі гэта мусяць быць “ідэальныя” для вас гадзіны. Тут трэба спрабаваць розныя варыянты і ўважліва назіраць за сабой: за агульным станам, настроем, працаздольнасцю і г.д. Паспрабуйце легчы, напрыклад, у 22.00 і падняцца ў 4.30 ці 5 ранку. Ці класціся ў гадзіну ночы і ўставаць а 7-й. Спрабуйце пабудаваць свой графік сну. Але варта памятаць, што 1 раз – не паказальнік. Спрабуйце кожны варыянт цягам 5-7 дзён, каб вызначыцца, ці падыходзіць ён вам.
Падказка 3: выпрацоўваем рэфлекс на пазітыўныя думкі!
Напэўна, нікому не трэба даводзіць, што чым пазітыўней мы думаем, тым лепш і хутчэй ідуць справы. Але вельмі цяжка часам устрымацца ад змрочных думак накшталт: “нічога не паспяваю”, “як усё абрыдла”, “маё жыццё – беспрасветнае” і г.д. Альбо як жа не “абмяняцца” з калегай/сябрам сакральным: “кіраўнік прыдзіраецца”, “жонка/муж не любіць”, “сябры не разумеюць”. Час ад часу нават самыя аптымістычныя асобы збягаюць думкамі ў такі негатыў. Але калі такія думкі пачынаюць панаваць, нармальна жыць робіцца немагчыма.
Яшчэ адна парада ад трэнера – надзеньце на руку звычайную тонкую гумку, якімі змацоўваюць пачкі грошай ці папяровыя скруткі. І як толькі ў галаве ўзнікае штось накшталт такога – адцягвайце гумку і ляскайце сябе па запясці. Гэта балюча. І на нейкі час на руках застаюцца прыпухласці. Але ўсё гэта хутка знікае, то фізічна вы сабе не пашкодзіце ніяк. Затое выпрацуецца рэфлекс думаць пазітыўна. Пару тыдняў такой практыкі – і ад дрэнных думак нічога не застанецца!
Падказка 4: прыбіраем гаджэты!
Не палохайцеся – не назаўжды. Як бы скептычна вы ні ставіліся да таго, што нейкі час трэба быць “не ў сетцы”, гэта працуе. У ідэале адны суткі на тыдзень было б добра пакідаць выключаным свой смартфон, не падыходзіць да ноўтбука.
Зразумела, гэта складана. Таму прапаноўваю рабіць дэтокс ад гаджэтаў і сацыяльных сетак хаця б на гадзіну-дзве на дзень. Вазьміце за звычку “забываць” тэлефон дома, калі ідзяце на прагулку са сваім сабачкам. Ці пакідайце тэлефон у бязгучным рэжыме ў іншым пакоі, забаўляючыся з дзецьмі, размаўляючы з блізкімі, сустракаючыся з сябрамі.
Спачатку гэта будзе выклікаць дыскамфорт, адчуванне страты, нават паніку. Але ігнаруйце гэтыя эмоцыі. І паступова вы звыкнецеся і нават пачняце атрымліваць асалоду ад такіх момантаў рэальнага жыцця. А ваш мозг тым часам атрымае цудоўную магчымасць адпачыць ад плыні інфармацыі: навінаў, падпісак, вітанак ад знаёмых і не вельмі людзей. За гэта ён будзе вельмі ўдзячны, падвысіўшы вашую працаздольнасць у разы.
Падказка 5: ствараем атмасферу!
Знайдзіце 3-5 рэчаў, якія асацыююцца ў вас з самымі прыемнымі момантамі жыцця. Самае простае – раздрукаваць некалькі любімых фотаздымкаў. Важна: яны неабавязкова мусяць быць самымі прыгожымі, іх галоўная роля – нагадаць вам пра адчуванне шчасця, якое панавала ў момант здымкаў. Таму “студыйныя” фота ці фота, дзе вы “пазіруеце”, лепш не браць. Можна больш глыбока задумацца і знайсці нейкія аксэсуары, цацкі, паштоўкі – усё, што выклікае у вас замілаванне і прыемныя згадкі ці асацыяцыі.
Пакладзіце такія “прыемнасці” ў важныя для вас месцы. Каля свайго ложка, каб, прачнуўшыся, пабачыць такую рэч, успомніць ці памарыць пра нешта дарагое для вас. Таксама пакладзіце штосьці падобнае на працоўным месцы. І калі ў вас будзе цэйтнот ці непаразуменні з калегамі, паглядзіце (вазьміце ў рукі) такую рэч-асацыяцыю і падумайце пра прыемнае. Яшчэ варта пакінуць такі сюрпрыз для сябе там, дзе вы праводзіце шмат часу (напрыклад кухня ці лазенка) – у паўсядзённых клопатах і “шэрых буднях” ён абавязкова вас парадуе.
У любых абставінах шукаем нагоду жыць і радавацца жыццю!
Вікторыя Лебедзева, budzma.by