10 лютага ў судзе Гарадзенскага раёну пачаўся разгляд крымінальнай справы жыхароў Скідзеля Крысціны Палтавец і Андрэя Апанасовіча, паведамляе Гарадзенская Вясна. Абодвух вінавацяць паводле артыкулу 341 КК РБ (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).
Справу разглядае старшыня Гарадзенскага раённага суду Ганна Чылека. Дзяржабвінаваўцай выступае пракурор Марына Цярэшка.
Вызначаны наступны парадак разгляду: допыт абвінавачаных, апытанне сведак, даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы.
У справе фігуруе каля 20 розных эпізодаў. Пачынаючы з канца жніўня і да 21 снежня 2020 года мастачка Крысціна Палтавец у розных месцах горада Скідзель, а таксама на прыпынках і мастах Гарадзенскага раёну, у вёсках і мястэчках Саволеўка, Бірулічы, Сухаўляны, Абухава, Азёры выконвала мастацкія малюнкі з рознымі выявамі. Пры тым ніякіх гвалтоўных заклікаў ці непрыстойнасцяў яна не малявала. Наадварот, мастачка нават замалявала некалькі нецэнзурных напісаў на аб’ектах.
Палтавец позна ўвечары ездзіла пераважна на ровары ў розныя кропкі згаданых месцаў і рабіла разнастайныя выявы буслоў, катоў, дзяўчын з бел-чырвона-белымі валасамі, герба «Пагоні», бел-чырвона-белая ялінкі, былі таксама напісы салідарнасці «Жыве Беларусь!», «Далучайся!», «Я выхожу», выява Рамана Бандарэнкі.
З канца восені ў некаторыя месцы Палтавец падвозіў на сваёй асабістай машыне Андрэй Апанасовіч. Так у снежні яны здзейснілі тры супольныя выезды, пры тым Апанасовіч толькі падвозіў Палтавец, але не дапамагаў ёй у маляванні.
Агулам абодвум абвінавачаным налічылі 596 рублёў 21 капейку — на гэтую суму нібыта былі нанесеныя страты розным дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам. Гэтая штрафная сума выплачана абвінавачанымі яшчэ да суду.
У першы дзень у працэсе прайшоў пракурорскі допыт абвінавачаных. Пракурор Цярэшка доўга зачытвала пералік эпізодаў справы з характэрнымі фармулёўкамі кшталту «циничное изображение в виде аиста», «чем существенно снизила эстетические характеристики стены забора» і т. п. Абодвум абвінавачаным пракурор і суддзя задавалі пытанні.
Працэс працягваецца сення, 11 лютага. У гэты дзень плануецца апытанне сведак па справе.