Усходняя Беларусь лічыцца не надта багатай на гістарычныя славутасці. Але варта наведаць Смаляны на ўскрайку Віцебшчыны, і міф разаб’ецца ўшчэнт: каменны свецкі замак, пабудаваны на мяжы з Масквой, драўляная царква з унікальнай архітэктурай, магіла Тамаша Зана, сядзібы Валяр’яна Цітова — усё гэта складаецца ў насычаны гістарычны комплекс. Паразмаўлялі пра смалянскія таямніцы з беларускім гісторыкам, культуролагам, грамадскім актывістам Цімафеем Акудовічам.
Цімафей Акудовіч, беларускі гісторык, культуролаг, грамадскі актывіст
«Смаляны — унікальнае месца Усходняй Беларусі. Фармальна гэта невялікае мястэчка на тэрыторыі, якую лічаць значна менш багатай на славутасці, чым іншыя часткі Беларусі. Смаляны здзіўляюць аб’ёмам гістарычнай спадчыны, колькасцю артэфактаў, іх арыгінальнасцю. Тут ёсць руіны каменнага замка, што для Усходняй Беларусі не характэрна — іх сапраўды няшмат. Смаляны ўражваюць ландшафтам — мястэчка не дужа змянілася візуальна з часоў малюнка Напалеона Орды, толькі на дахах цяпер шыфер», — кажа Цімафей.
Смаляны на малюнку Напалеона Орды, 1877 год
Белы Ковель. Замак без абарончых валоў на мяжы з Масквой
Першае, што прыцягвае ўвагу, калі праязджаеш праз мястэчка — узвышша з руінамі старажытнага замка, велічнымі ў сваёй таямнічай маўклівасці. Ад замка літаральна засталася адна сцяна — уявіць, якім быў Белы Ковель, можна толькі разглядаючы малюнак Орды. Падысці да замка няпроста — ён акружаны плыткай, але глеістай рэчкай Дзярноўкай. Варта звярнуцца да мясцовых жыхароў — яны падкажуць, дзе знаходзіцца вузенькая драўляная кладка. Дакрануцца да векавых камянёў атрымаецца, калі не палохае шлях праз бур’ян і крапіву.
Белы Ковель увесну. Штогод пара буслоў звівае на вежы гняздо
«Свецкасць — адна з таямніцаў замка. Яго будавалі напачатку XVII стагоддзя, то-бок, у час, калі ішлі актыўныя войны з Масковіяй, адбываліся знакамітыя паходы Ілжэдзмітрыя. Князь Самуіл Сангушка, вярнуўшыся з такіх паходаў, вырашае пабудаваць вялікі, прыгожы каменны замак, па тых часах вельмі дарагі — такія рэчы маглі дазволіць сабе толькі заможныя магнаты. Падобны замак у канцы XVI стагоддзя ўзвялі Радзівілы, аналагічны з’явіўся ў Заслаўі, у Гальшанах пачыналі нешта такое будаваць — існуе толькі некалькі прыкладаў, і сярод іх — смалянскі Белы Ковель. Гісторыкі не могуць зразумець, ці былі там абарончыя валы — магчыма, не было. Гэта азначае, што замак на самай мяжы з грозным ворагам меў мінімальныя абарончыя прыстасаванні. Вельмі дзіўна і не да канца зразумела, чаму так сталася. Мы не шмат чаго ведаем пра замак, бо ён разбураны, дакументаў засталося мала. Ведаем, што ён быў пафарбаваны на белае, ўнутры былі малюнкі рэлігійна-містычнага зместу, бо Сангушка быў апантаным каталіком», — расказвае Цімафей.
Цэнтральная частка Смалян, Белы Ковель удалечыні
Чаму белы, зразумела. Але адкуль Ковель?
«Шмат пакаленняў Сангушак жылі ў Ковелі, цяпер горадзе на самым захадзе Украіны. Князі паходзілі з Гедымінавічаў — вельмі сур’ёзны статус. У першай палове XVI стагоддзя з імі здарылася дзіўная гісторыя. Адзін з іх так моцна пасварыўся са сваімі братамі, што папрасіў Жыгімонта Аўгуста і Бону Сфорцу забраць у яго Ковель, якім ён тады валодаў, і даць яму любую іншую зямлю, абы не там. Бона Сфорца аддала яму свае ўладанні на Віцебшчыне, сярод якіх — мястэчка Смаляны, дзе яшчэ нічога не было. Ён пераехаў з сям’ёй, уладкаваўся, пабудаваў спачатку вялікі багаты драўляны двор. А ягоны праўнук Самуіл перайшоў у каталіцызм і заснаваў ужо каменны замак — сімвал заходняй цывілізацыі на самым далёкім усходзе».
Цікава, што ў самім Ковелі на Валыншчыне такога замка ніколі і блізка не было.
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі — цэнтр тагачаснай парафіі
Стоячы на ўзвышшы з руінамі Белага Ковеля, можна пабачыць занядбаны Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які калісьці быў самым вялікім каталіцкім храмам у раёне, цэнтрам тагачаснай парафіі. Сярод мясцовых ходзяць чуткі, быццам існуе доўгі падземны ход, які звязвае касцёл з Белым Ковелем. Ці можа такое быць насамрэч?
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Цімафей Акудовіч гэты міф абвяргае.
«Падземныя хады — вечная гісторыя, яе ўсюды можна пачуць. Хутчэй за ўсё, гэта байка. Касцёл таксама мае дачыненне да Сангушак. У другой палове XVII стагоддзя Сангушкі далі вялікія грошы на заснаванне Дамініканскага кляштара ў Смалянах. Казалі, што жонка Сангушкі доўгі час не магла зацяжарыць. Князь паабяцаў: калі ў яго народзіцца здаровенькі сын, ён дасць грошы на храм. Так і адбылося, немаўля назвалі Казімірам. У выніку Сангушкі ахвяравалі вялікі фундуш (дар на карысць якой-небудзь установы, часцей за ўсё касцёла ці манастыра — заўвага рэд.) і зямлю манахам Дамініканцам, якія пабудавалі драўляны храм. Цяперашні каменны касцёл узвёў ужо прапраўнук Сангушак Геранім у другой палове XVIII стагоддзя, то-бок, праз сто гадоў. Гэта ўжо была тэрыторыя Расійскай імперыі. Геранім быў хітры жук: ён паспяваў адначасова займаць сенатарскія пасады ў Рэчы Паспалітай і адначасова высокія месцы ў Расійскай імперыі. Сам ён ужо не жыў у Смалянах — Сангушкі перабраліся назад у Ковель у пачатку XVIII стагоддзя. Але вярнуўся на сваю вотчыну, магчыма, каб ушанаваць магілы сваіх дзядоў, якія ляжалі пад тагачасным драўляным храмам. Геранім уклаў вялікія грошы ў будаўніцтва Касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі».
Руіны касцёла знутры
Касцёл актыўна дзейнічаў у XIX стагоддзі, а ў пачатку XX стагоддзя зрабілі вялікую рэстаўрацыю, запрасіўшы вядомага архітэктара з Вільні. У 20-я гады прыйшлі бальшавікі, забралі храм і зрабілі ў касцёле і кляштары рамонтную базу, мясцовае СТА. Комплекс паціху разбураўся, пасля вайны ім ужо ніхто не займаўся, касцёл паступова дайшоў да такога стану, у якім знаходзіцца цяпер.
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ўвесну
Свята-Праабражэнская царква — уніяцкая спадчына?
Купалы і блакітныя драўляныя сцены Свята-Праабражэнскай царквы відаць здалёк. Цяпер яна праваслаўная. Але не ўсё так адназначна.
Панарама Смалян з боку Белага Ковеля
«Да гэтага часу не да канца зразумела, калі яна была пабудавана — дакументаў не захавалася. Тут дзве цікавыя рэчы. Па-першае, архітэктура: зверху царква драўляная, а ўнізе ёсць каменнае падзямелле — таксама царква. Гэта штосьці зусім нестандартнае для нашых земляў, — разважае Цімафей. — Зрэшты ёсць аналагі: у Віцебску, Барані — цэрквы таксама квадратныя, зацэнтраваныя. Па-другое, у смалянскай царквы ёсць дзве вежачкі спераду — адзнака барока. Мо, яна будавалася як уніяцкая, а потым стала праваслаўнай. Што гэта за падзямелле? Яно магло захавацца з часоў ранніх Сангушак — яны ж прыехалі як праваслаўныя, ім трэба было недзе хаваць сваіх памерлых».
Свята-Праабражэнская царква, Смаляны
Цімафей кажа, што ў Смалянах і раней была царква — Мікалаеўская, у самым цэнтры мястэчка, там, дзе цяпер крама. На малюнку Орды яна захавалася — бачны купал удалечыні. Але гэта была гарадская царква, у Сангушак павінна была быць свая.
«Свята-Праабражэнская царква — унікальны помнік архітэктуры Беларусі, такога амаль нідзе больш не сустрэнеш. Хочацца, каб яна дажыла да нармальнай рэстаўрацыі і даследавання, якое дасць нам адказы на гэтыя пытанні. Пад купалам намаляваны апосталы — там ужо дошкі адвальваюцца. Ясна, што ў мясцовага прыхода не шмат грошай, каб гэта ўсё аднавіць».
Аляксееўская царква і дзве сядзібы Валяр’яна Цітова
Візітоўкай Смалян пасля Белага Ковеля доўгі час была драўляная сядзіба, якая даўно ператварылася ў вучэбны корпус аграрнага каледжа. Зялёныя сцены ўтульна туліліся побач са старым паркам. Некалькі гадоў таму мясцовыя ўлады вырашылі, што будынку тут больш не месца — сядзібу, якую будаваў стацкі саветнік Валяр’ян Цітоў, разабралі літаральна па дошках. Цімафей упэўнены, што калі пакінулі фундамент, яе яшчэ можна аднавіць.
Сядзіба Валяр’яна Цітова, 2014 год. Будынак не захаваўся
«Сядзібаў было дзве — ёсць цікавы момант пра іншы будынак. Панскі дом з мадэрновай разьбой выглядаў надзвычай прыгожа. З багатай сядзібы вырасла школа, якая працягнула існаваць у савецкія часы — тут вучыліся некаторыя вядомыя дзеячы».
Валяр’ян пабудаваў і Аляксееўскую царкву, руіны якой знаходзяцца на Слабадзе, куды можна трапіць праз старую ліпавую алею. Побач з царквой — рэшткі фамільнага склепа.
Руіны Аляксееўскай царквы з рэшткамі фамільнага склепа побач
«Валяр’ян Цітоў — важны персанаж у гісторыі Смалян. Цітовы прыехалі з Расіі, ім спадабалася мястэчка. Пабудаваўшы сядзібы, яны вырашылі залажыць яшчэ і царкву ў 1864 годзе. Царква таксама не пражыла свайго часу — за XX стагоддзе яна амаль разбурылася і зараз стаіць у руінах».
Магіла Тамаша Зана
Тамаш Зан — цікавая фігура XIX стагоддзя, адзін з заснавальнікаў Таварыства філаматаў і філарэтаў, якое існавала ў Віленскім універсітэце, блізкі сябар Адама Міцкевіча, паэт, пісьменнік, даследчык.
«Калі таварыства разграмілі, Тамаш Зан узяў усю віну на сябе і стаў адным з тых, каго саслалі далёка-далёка — у глыб Расіі, дзе ён правёў шмат гадоў. Там ён час дарма не губляў — праводзіў розныя геалагічныя даследаванні. Лічыцца, што Тамаш Зан знайшоў у Расіі залежы золата і атрымаў за гэта залатую табакерку ў падарунак, — распавядае Цімафей Акудовіч. — Нарэшце яго адпусцілі і ён вярнуўся на радзіму суперзоркай: усе ведалі пра Адама Міцкевіча, філаматаў і філарэтаў. Ён ездзіў па сядзібах, яго ўсюды сустракалі хлебам-соллю, ім захапляліся — быў вельмі яркі чалавек. У выніку бадзянняў па ўсёй Беларусі Тамаш Зан пасяліўся ў сядзібе пад Смалянамі і пражыў там апошнія гады свайго жыцця. Ён паспеў завесці сям’ю. Жонка была нашмат маладзейшая за яго, паходзіла з роду Свентаржыцкіх з-пад Маладзечна. Калі ён прыехаў у госці да бацькоў Брыгіды, яна адразу ў яго закахалася. У іх нарадзілася трое дзяцей».
Магілы Тамаша Зана і ягоных сваякоў на смалянскіх могілках
Тамаш Зан пахаваны на каталіцкай, «польскай», як называюць яе мясцовыя жыхары, частцы смалянскіх могілак. Дарэчы, адпявалі яго ў касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Высокі чыгунны крыж самога Зана, надмагільны камень Брыгіды, ледзь бачныя ў траве пагоркі маўкліва сцерагуць пакой славутай сям’і.
Ці ёсць шанец адрадзіць Смаляны?
Усе гістарычныя аб’екты Смалян акрамя Свята-Праабражэнскай царквы, якая дзейнічае і цяпер, знаходзяцца ў відавочным заняпадзе. Ці ёсць шанец даць ім іншае жыццё? Цімафей Акудовіч лічыць, што Смаляны павінны стаць вялікім турыстычным цэнтрам — гэта будучыня мястэчка.
Белы Ковель на заходзе сонца
«Якім чынам заклікаць турыстаў — асобнае пытанне. Мне бачацца Смаляны музейным комплексам — месцам, якое засталося ў мінулым, куды можна прыехаць і адчуць гісторыю, пагуляць па вулачках, якімі хадзіў Тамаш Зан, разумеючы, што яны амаль не змяніліся. Тут можна спазнаваць гісторыю — пэўныя рэчы могуць застацца ў Смалянах не як функцыянальныя аб’екты, а як помнікі. Руіны можна закансерваваць. Гэта здарыцца, калі ў Беларусі можна будзе нармальна развіваць турызм, гісторыю. Там ёсць пра што расказваць, ёсць што паказаць, раскопкі не да канца праведзены — працы вельмі шмат».
Таццяна Краўчанка, budzma.org
Фота з архіва аўтаркі