Знакаміты «чамадан Оскара Шындлера», нямецкага бізнэсоўца, які падчас Другой сусветнай вайны выратаваў жыцці больш за тысячу габрэяў, аблічбаваны і выкладзены ў агульны доступ — цяпер кожны, хто жадае, можа ўбачыць той самы спіс, пра які зняў кіно Стывен Спілберг, распавядае «Новы час».
Знакаміты кадр з культавага фільма Стывена Спілберга «Спіс Шындлера»
50 гадоў прайшло з дня смерці Оскара Шындлера (1908-1974), які выратаваў разам са сваёй жонкай Эмілі больш за 1200 габрэяў ад знішчэння ў канцлагерах. Да гэтай гадавіны федэральны архіў Германіі арганізаваў онлайн-выставу на сваім сайце, дзе знаёміць з аблічбаванай спадчынай прадпрымальніка. Тут жа можна ўбачыць і знакаміты «спіс Шындлера» з імёнамі габрэйскіх паднявольных работнікаў, якія былі перададзены ў распараджэнне СС у Кракаве. Шындлер сцвярджаў, што пералічаныя ў ім людзі патрэбныя яму для працы на яго фабрыцы.
Што ляжыць у чамадане Шындлера
25 гадоў таму ў ніжнесаксонскім горадзе Хільдэсхайме на гарышчы дома, дзе жыла знаёмая Шындлера Анемары Штэр і дзе Шындлер правёў апошнія гадзіны жыцця, быў знойдзены чамадан, які належаў яму, а ў ім — прыкладна 7000 дакументаў і фотаздымкаў. Сярод іх быў арыгінальны спіс выратаваных прадпрымальнікам габрэяў, старанна задакументаваныя выдаткі на прадукты, якія Шындлер купляў для паднявольных работнікаў на чорным рынку, схемы памяшканняў яго фабрык, піша «Deutsche Welle».
Цікавасць уяўляе і зроблены Шындлерам ужо пасля пераезду ў Аргенціну ў 1955 годзе машынапісны пераказ таго, якія канкрэтна меры па выратаванні вязняў канцлагераў ён прадпрымаў паміж 1939-м і 1945 гадамі, будучы ўладальнікам фабрыкі эмаляванага посуду ў акупаваным нацыстамі Кракаве, а пазней — у судэцкім Брунліцы. У чамадане захоўваліся і дакументы, якія сведчылі пра пасляваенны лёс выратаваных ім людзей.
Эмілі і Оскар Шындлеры
Журналісты «Stuttgarter Zeitung», якія даведаліся тады пра знаходку, перадалі яе Федэральнаму архіву Германіі. Пасля таго, як змесціва чамадана было каталагізавана, яго накіравалі ў ізраільскі мемарыяльны музей Халакоста «Яд Вашэм».
Як з’явіўся «Спіс Шындлера»
Германскія войскі ўвайшлі ў Кракаў 6 верасня 1939 года. Да вайны ў горадзе пражывала больш за 66 тысяч габрэяў, мясцовая габрэйская абшчына была самай вялікай у Польшчы — амаль кожны чацвёрты жыхар быў іўдзеем.
Пераслед пачаўся з першага ж дня акупацыі. У кастрычніку Кракаў прызначылі адміністрацыйным цэнтрам нямецкага генерал-губернатарства на тэрыторыі акупаванай Польшчы, і таму ён, у адпаведнасці з ідэалогіяй нацыстаў, павінен быў стаць «свабодным ад габрэяў». Пасля прымусовага перасялення ў 1941 годзе габрэйскае насельніцтва горада складала каля 11 тысяч, там было створана Кракаўскае гета, а таксама два дзясяткі лагераў, дзе габрэяў прымушалі да працы на нацысцкую Германію. У 1942 годзе пачалася дэпартацыя ў лагеры смерці.
Перспектыва прыбытковага бізнесу за кошт эксплуатацыі акупаванай краіны і яе насельніцтва, асабліва габрэйскага, зрабіла Кракаў прывабным месцам для нямецкіх прадпрымальнікаў. Як і многія іншыя бізнэсоўцы, Оскар Шындлер прыехаў у горад у 1939 годзе. У кастрычніку ён арандаваў у Заблоцы пад Кракавым фабрыку, якая раней належала габрэйскаму прадпрымальніку, і запусціў паспяховую вытворчасць посуду для вермахта — палякі выкарыстоўваліся ў якасці таннай працоўнай сілы. Аднак па меры ўзмацнення жорсткасці супраць габрэйскага насельніцтва ў Шындлера, перакананага нацыянал-сацыяліста, расла агіда да палітыкі нацыстаў.
Пасля ліквідацыі Кракаўскага гета ў 1943 годзе многія габрэі былі пераселены ў працоўны лагер Плашуў, дзе ўмовы ўтрымання былі значна горшымі. Шындлер пераканаў каменданта адкрыць падраздзяленне лагера побач з яго фабрыкай, куды перасяліў сваіх габрэйскіх работнікаў з сем’ямі. Там яны менш падвяргаліся самавольству і гвалту з боку ахоўнікаў СС, а іх харчовы паёк быў большым.
У 1944 годзе, з набліжэннем савецкіх войскаў, працоўны лагер Плашуў ліквідавалі, а Шындлеры вымушаныя былі закрыць сваю фабрыку, на якой да таго часу былі занятыя больш за 1000 габрэйскіх работнікаў. Пасля доўгіх угавораў сужэнцам удалося перавезці іх на сваю радзіму, у судэцкі Брунліц, дзе яны адкрылі новую вытворчасць. Больш за тое, Оскар Шындлер здолеў уключыць у спісы сваіх работнікаў іншых вязняў лагера Плашуў, які з пачатку 1944 года стаў канцэнтрацыйным. Менавіта гэтыя 19 старонак далі назву фільму Стывена Спілберга 1993 года «Спіс Шындлера».
Спадчына Шындлера пасля Другой сусветнай вайны
Пасля вызвалення Германіі ў маі 1945 года Оскар Шындлер бег спачатку ў Канстанц, потым у Рэгенсбург. Як сябра НСДАП яго чакаў працэс дэнацыфікацыі. Каб апраўдаць сябе, ён сабраў справаздачы выратаваных ім габрэяў. Справа супраць яго была спыненая ў 1947 годзе — Шындлер быў прызнаны невінаватым. Напрыканцы 1940-х муж і жонка з’ехалі ў Аргенціну, дзе паспрабавалі зарабляць на развядзенні нутрый, але беспаспяхова. Развітаўшыся з Эмілі, Шындлер вярнуўся ў Германіі, дзе паспрабаваў шчасця з фабрыкай па вытворчасці бетону, але таксама марна.
У 1962 годзе ізраільскі мемарыяльны музей Халакоста «Яд Вашэм» удастоіў Шындлера ганаровага звання «праведнік народаў свету». Ён рабіў нямала паездак і ў Ізраіль, дзе ў 1970-х гадах пазнаёміўся з замужняй Анемары Штэр, якая стала яго блізкай сяброўкай, а паводле некаторых звестак — і каханай. У доме Штэр у германскім Хільдэсхайме муж і жонка адвялі Шындлеру асобны пакой, дзе ён і памёр 9 кастрычніка 1974 года.
Пасля яго смерці пакінутая ў Аргенціне Эмілі Шындлер атрымала копіі знойдзеных у чамадане дакументаў. Пазней яна патрабавала вярнуць ёй як спадчынніцы арыгіналы. Аднак, замест гэтага, атрымала ад выдання «Stuttgarter Zeitung» у 2001 годзе грашовую кампенсацыю.
Чамадан са змесцівам па гэты дзень знаходзіцца ў «Яд Вашэм». Захаваная з дапамогай мікрафільмавання і рэпраграфіі дакументальная спадчына Шындлера захоўваецца і ў Федэральным архіве Германіі. Туды таксама была перададзена адна з арыгінальных копій «спісу Шындлера». Цяпер дакументы і фотаздымкі з чамадана Шындлера можна ўбачыць у Інтэрнэце.