«Спявай мне песні пра каханне». Узгадваем беларускія трэкі да Дня ўсіх закаханых

14.02.2023 Музыка

У Дзень закаханых прапануем узгадаць некалькі трэкаў беларускіх музыкаў апошніх дзесяцігоддзяў, прысвечаных аднаму з самых уплывовых пачуццяў, уласцівых чалавеку. Бадай кожная другая песня так ці інакш закранае тэму кахання, шчаслівага ці нешчаслівага. Вядома, усіх не пералічыць. Таму спынімся на суб’ектыўным рэйтынгу. Спадзяемся, ён натхніць пераслухаць добра вядомыя трэкі і зацікавіць новымі імёнамі ў беларускай музыцы.


piano-571968_1920.jpg

Маё каханне Volski

 

Адзін з самых кранальных трэкаў Лявона Вольскага з альбома «Грамадазнаўства», які быў запісаны музыкам пасля чатырохгадовай паўзы. Музыка доўга шукаў патрэбнае гучанне, пакуль не спыніўся на версіі, якая і ўвайшла ў альбом. Трэк «Маё каханне», як і ўвесь альбом, быў запісаны ў Вільні разам з нарвежскім саўндрадзюсарам Снорэ Бергерудам. Было прэзентаванае і відэа на песню, таксама знятае ў Вільні рэжысёркай Марыяй Мяшкавайце, якое і прапануем узгадаць сёння.

Гузік Neuro Dubel

Класіка, якая даўно ўвайшла ў залю славы беларускага рок-н-ролу, заўжды актуальная, шчырая, добрая, як вечная ўсмешка дзядзі Сашы, якая застанецца ў нашых сэрцах назаўжды. Самабытны твор, у стылістыцы гурта пасля змены складу, кранальны, трошку наіўны, іранічны, але цёплы. Усё, што ствараў Аляксандр Кулінковіч, было пра любоў. І «Гузік» таксама адзін з прыкладаў ягоных змястоўных і ў той жа час простых метафараў, якія трапляюць у самае сэрца.

Ксенаморф Leibonik

Працягнем тэму выкшталцонага гумару і іроніі. Адным з найлепшых прыкладаў для таго будзе гурт Leibonik, які і пра каханне спявае ў межах свайго пазнавальнага стылю. Песня «Ксенаморф» адсылае да гісторыі пра каханне, якому не сталася перашкодай рознапланетнае паходжанне ўдзельнікаў гісторыі. Што з таго атрымалася, абавязкова раім паслухаць.

Каханне Addis Abeba

Безумоўны хіт ад колішніх каралёў беларускага рэгі, гурта «Аддзіс Абеба». Прасякнуты сонцам, цеплынёй і любоўю, як і ўся творчасць гурта. Самае тое, каб пагрэцца і адчуць гэтыя промні святла ў апошнія тыдні зімы, калі вясна ўжо, падаецца, зусім блізка. Класічнае мяккае гучанне гурта, з грувам, які закалыхвае, як хвалі цёплага мора, касмічнымі клавішамі і рытмамі, што прымушаюць гайдацца разам з музыкай і расплывацца ў шчырай усмешцы.

Каханне Recha


Лірычная песня ад Андруся Такінданга аб моцных пачуццях, ад якіх не ўратуюць ні замкі, ні краты. Трэку больш за дзесяць год, у 2012-м на яго было знята цёплае відэа з мінскіх вуліцаў, якое глядзіцца сёння, калі мы раскіданыя па розных кутах свету, з асаблівым шчымлівым пачуццём любові і настальгіі.

Стэфка Крама

Лірычны герой Ігара Варашкевіча развітаўся са сваёй Стэфкай ля старога млына. У ягоным голасе чуваць ноткі крыўды і расчаравання адносна адрасаткі ягоных пачуццяў. Раім узгадаць і гэты ў пэўнай ступені праграмны трэк рокавага перыяду беларускай музыкі.

Насуперак Zvonku

Так, не заўжды каханне бывае шчаслівым, а часам сканчаецца даволі прыземлена. Эмоцыі і перажыванні апаноўваюць, і каб знайсці палёгку, мы кідаемся ў гэты вір, перажываем яго і выходзім новымі асобамі. Трэк паводле верша Віталя Рыжкова ад гурта Zvonku. Зроблены ў духу змрочнага трэпу ў спалучэнні з атрыбутамі рок-музыкі, з выбуховымі бітамі, цяжкімі гітарамі і надрыўным вакалам. Тое, што трэба, каб адпакутаваць і пражыць свае эмоцыі пасля расстання.


Мяне Lear, Angst

Пяройдзем да наступнай песні з больш аптымістычным фіналам, але таксама пра не надта вясёлыя перажыванні. Калі як не сёння варта ўзгадаць нечаканы, але вельмі актуальны дуэт Lear і Angst з песняй «Мяне». Атрымаўся стылёвы поп-трэк з якасным флоў ад майстра слова і хіп-хопу Віталя Рыжкова з ноткаміі пяшчоты ад Lear.

Шукала — Iva Sativa

Калі казаць пра актуальную беларускую музыку, то нельга не ўзгадаць Iva Sativa з яе арганічным ды стылёвым спалучэннем сучасных музычных жанраў ды традыцыйных спеваў. Як прыклад трэк “Шукала” пра пошукі кахання, мары, памкненні.

Любоў Ночы

Шмат трэкаў і сучасных беларускіх музыкаў нібы ў традыцыі даўнішніх мясцовых мінорных спеваў, калі і пра шчаслівае спявалася вельмі асцярожна, каб не сурочыць, працягваюць нагадваць пра тое, што любоў і боль заўсёды ідуць побач. Тут можам узгадаць кранальны трэк гурта «Ночы» «Любоў». «Зараз галоўны страх — гэта страта блізкіх. І ён узмацніўся, бо мы далёка ад сваіх родных людзей. Дапамагайце адно аднаму, беражыце адно аднаго. Любіце адно аднаго як быццам гэта ваш апошнi дзень разам», — гэтымі словамі прэзентавалі свой трэк музыкі.

Піт-стоп bayski

Трэк апавядае пра турботы маладога хлопца, аб каханні, якое стартанула, як балід на «Формуле-1». Але з такімі хуткасцямі на паваротах заносіць і вось ужо патрэбны перадых — піт-стоп. Сучасны, модны саунд у лепшых традыцыях поп плыні хіп-хопу новай хвалі. Спадабаецца моладзі, што сочыць за трэндамі сучаснай мэйнстрымавай музыкі.

Марс Leibonik feat. Teleport

Тэма кахання невычэрпная ў беларускай музыцы, і кожны жадаючы можа скласці свой уласны «топ». А мы завершым свой трэкам, дзе можна пачуць і пра каханне, і пра любоў да краіны, космасу ды да ўсяго сусвету.

Кахайце і слухайце беларускую музыку разам з «Будзьма!».

Аглядальнік, budzma.org