1 жніўня 1944 года выбухнула легендарнае паўстаньне супраць нямецкай акупацыі Польшчы. Дзясяткі тысячаў паўстанцаў і каля двух сотняў тысячаў жыхароў Варшавы былі забітыя напрацягу 63 дзён. У гэты час камуністычная Чырвоная армія стаяла ў некалькіх кілямэтрах і глядзела на вынішчэньне іх ідэалягічных супернікаў, піша Павел Хадзінскі ў «Новым Часе».
Выгляд рэшткаў Варшавы пасьля спусташэньня горада
Да лета 1944 года ход Другой сусьветнай вайны павярнуўся супраць нацысцкай Нямеччыны. Чырвоная Армія наступала значнымі сіламі, адціскаючы нямецкія войскі на захад. У гэты самы час польскі супраціў на чале з Арміяй Краёвай убачыў ўнікальную магчымасьць вызваліць Варшаву і ўсталяваць польскі ўрад раней, чым камуністы змогуць навязаць сваю ўладу.
Армія Краёва, якая налічвала каля 50 тысячаў жаўнераў, была дастаткова падрыхтаваная паўстаць супраць нямецкіх акупантаў. Гэтае рашэньне было абумоўленае жаданьнем зацьвердзіць сувэрэнітэт Польшчы і прадухіліць савецкае панаваньне. Кіраўнікі паўстаньня верылі, што Чырвоная Армія падтрымае іх намаганьні па разгрому агульнага ворага — нацыстаў.
Армія Краёва ў Варшаве на цырымоніі пахаваньня
Як вядома, яшчэ 20 ліпеня польскі ўрад у выгнаньні аддаў загад атрадам Арміі Краёвай ва ўзаемадзеяньні з Чырвонай Арміяй вызваляць польскія гарады і абвяшчаць там уладу польскага ўраду. Калі савецкія войскі захапілі два пляцдармы за Віслай, Сандомірскі і Мангушаўскі, камандаваньне АК палічыла гэты момант падыходным для пачатку паўстаньня. Тым болей што маскоўскае радыё зьвярнулася да варшавянаў з заклікам паўстаць супраць немцаў.
Давяраць камуністам ніколі нельга. Вядома, Армія Краёва падначальвалася польскаму Ўраду, які знаходзіўся на выгнаньні ў Лёндане. Гэты Ўрад і блізка ня быў камуністычным, што не магло не выклікаць адпаведнай рэакцыі ў крамлёўскіх стратэгаў. Іх падыход быў простым: дзе стаіць бот камуністычнай арміі, там не мусіць быць іншых ідэалёгіяў. Што захапілі падчас «вызваленьня», тое ўжо не аддаецца былым гаспадарам. Разьлік быў простым: занадта моцная і вялікая польская Армія Краёва магла стаць косткай у горле ў пасьляваеннай арганізацыі польскай дзяржаўнасьці. І гэтую костку неабходна было раструшчыць, ідэальна, каб у агульным вынішчэньні немцаў і палякаў.
Чырвоная бязьдзейнасьць
Зьнішчэньне Варшавы
1 жніўня 1944 года выбухнула Варшаўскае паўстаньне. Армія Краёва пачала скаардынаваны наступ на нямецкія пазыцыі ў горадзе. Але Чырвоная Армія, якая выйшла на ўсходнія берагі Віслы, не прасунулася. 1-ы Беларускі фронт пад камандаваньнем маршала Канстантына Ракасоўскага атрымаў загад спыніць баявыя дзеяньні. Гэта быў наўмысны акт, санкцыянаваны асабіста Сталіным, каб даць паўстаньню праваліцца. Савецкая прапаганда абяцала непазьбежную дапамогу, але ніякай істотнай падтрымкі не было.
Савецкая бяздзейнасьць паставіла заходніх хаўрусьнікаў у цяжкае становішча. Брытанцы і амэрыканцы ведалі пра цяжкую сітуацыю ў Варшаве, але іх магчымасьці былі надзвычай абмежаваныя. Місіям паветранага забесьпячэньня перашкаджала вялікая адлегласьць ад іх базаў на поўдні Італіі і Вялікай Брытаніі. А савецкія камуністы адмовіліся дазволіць заходнім самалётам выкарыстоўваць падкантрольныя ім аэрадромы для дазапраўкі, чым, фактычна, былі сабатаваныя намаганьні па папаўненьні запасаў.
Рашэньне спыніць савецкі наступ і адмовіць у дапамозе паўстаньню мела катастрафічныя наступствы для Варшавы і Арміі Краёвай. Страты горада былі велізарныя: каля 200 тысячаў мірных жыхароў загінулі, а сам горад застаўся ў руінах.
У канцы верасьня 1944 года стала ясна, што Варшаўскае паўстаньне асуджанае на паразу. Нягледзячы на гераічныя намаганьні Арміі Краёвай і жыхароў Варшавы, супраціў быў здушаны. 63 дні гераічнага супраціву нацыстам. 2 кастрычніка ацалелыя жаўнеры Арміі Краёвай былі вымушаныя капітуляваць.
У адказ Адольф Гітлер аддаў загад аб поўным зьнішчэньні горада. Нямецкія войскі квартал за кварталам пачалі руйнаваць Варшаву. Зьнішчаліся будынкі, і гістарычныя помнікі, зраўняліся з зямлёй цэлыя кварталы.
Партрэты Гітлера, раскіданыя пасьля здабычы паўстанцамі адміністратыўнага будынка
Варшаўскае паўстаньне стала сымбалем ахвярнасьці і стойкасьці, але таксама і здрады. Ацалелыя жаўнеры Арміі Краёвай сутыкнуліся з перасьледам як з боку нацыстаў падчас паўстаньня, так і з боку камуністаў пасьля. Савецкі НКУС і яго польскія камуністычныя калябаранты палявалі на ўдзельнікаў супраціву, саджаючы ў турмы або расстрэльваючы тых, хто змагаўся за свабоду Польшчы.
У студзені 1945 года, праз 4 месцы пасьля першых стрэлаў Паўстаньня, так званыя вызваляльнікі з Чырвонай Арміі ўвайшлі ў цалкам спустошаны горад.
Сярод вядомых мне сваякоў былі некаторыя, хто браў удзел у Варшаўскім паўстаньні
Станіслаў Віславух
Станіслаў Віславух (1901-1990). Апошні гаспадарах родавага маёнтку ў Пярковічах пасьля прыйсьця камуністаў у 1939 годзе ад’ехаў на захад ад родных месцаў. У жніўні 1944 года ён далучыўся да паўстаньня і здолеў нават выжыць у ім.
Ендрэк Гашынскі маладым хлопцам трапіў у лік паўстанцаў Арміі Краёвай і трагічна быў забіты ў жніўні 1944 года.
Стэфан «Баляслаў» Завадзкі (1919-2007) быў у шэрагах Арміі Краёвай і змагаўся за волю падчас Варшаўскага паўстаньня. Цікава, што баявая мянушка «Баляслаў» утварылася ад імя яго бацькі — ураджэнца Вільні Баляслава Завадзкага, знакамітага журналіста і маёра польскай арміі, які служыў Падчас пачатку Другой сусьветнай вайны ў 1939 годзе ў Берасьці. Ён быў цяжка паранены і ад наступстваў раненьня сканаў у Варшаве ў 1941 годзе. Сын ваяваў за бацьку.
Баляслаў Завадзкі
Жонка Стэфана Завадзкага — Ева з Гацлоўскіх (1924-2001) мела ў Арміі Краёвай мянушку «Ганка» і таксама ўдзельнічала ў Паўстаньні. Маладым пашчасьціла выжыць і свайго першага сына, які нарадзіўся ўжо па вайне, у 1946 годзе яны назвалі ў гонар дзеда — Баляслаў Завадзкі.
Чытайце яшчэ: «Бліскучая абгортка, пад якой няма цукеркі». Лявон Вольскі пра культ Вялікай Айчыннай