Статуты ВКЛ, рукапісы Ажэшкі і Міцкевіча: што беларусам варта паглядзець у варшаўскім палацы Рэчы Паспалітай

24.05.2024

У Варшаве адкрыўся новы музей — палац Рэчы Паспалітай. Там экспануюцца рэчы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, істотныя для польскай, беларускай і агульнаеўрапейскай гісторыі. Можна паглядзець Статуты ВКЛ, рукапісы Ажэшкі і Міцкевіча. Паказваюць нават пасму валасоў Тадэвуша Касцюшкі, адрэзаную ўжо пасля смерці героя.


Palac Rečy Paspalitaj
 Палац Рэчы Паспалітай

Палац Рэчы Паспалітай — другая назва палаца Красіньскіх, магнацкага роду, на замову якога ў канцы XVII ст. паўстаў будынак. У 1765 г. яго купіла дзяржава і да самай Другой сусветнай вайны там знаходзіліся розныя ўрадавыя ўстановы. Палац згарэў падчас Варшаўскага паўстання, пасля вайны яго адбудавалі і аддалі пад фонды Нацыянальнай бібліятэкі. У 2014 г. пачалася рэстаўрацыя будынка, і вось праз 10 год ён прымае наведвальнікаў у якасці музея. Асноўная частка экспазіцыі — рукапісы і старадрукі.

Interjer Palaca Rečy Paspalitaj
Інтэр’ер Палаца Рэчы Паспалітай

Гравюра з выявай Тадэвуша Касцюшкі і пасма яго валасоў 

У экспазіцыі можна пабачыць кнігі, істотныя для польскай, беларускай і агульнаеўрапейскай гісторыі. Ёсць таксама гравюры, старыя атласы, нобелеўскі медаль Чэслава Мілаша і... пасма валасоў Тадэвуша Касцюшкі, адрэзаная ўжо пасля смерці героя.

Zapiska, što supravadžaje pasmu valasoŭ Tadevuša Kasciuški
Запіска, што суправаджае пасму валасоў Тадэвуша Касцюшкі

Пасма сведчыць пра культ героя, які пачаў фармавацца яшчэ пры яго жыцці і ўзмацніўся пасля смерці. Першым уладальнікам валасоў Касцюшкі быў яго сябра генерал Францішак Пашкоўскі, адзін з ініцыятараў насыпання ў Кракаве кургана Касцюшкі. У сваім тэстаменце генерал пакінуў валасы героя паэту Станіславу Яховічу, ад якога, у сваю чаргу, пасма трапіла ў зборы бібліятэкі Замойскай ардынацыі і зрэшты — у калекцыю Нацыянальнай бібліятэкі.

Frahmient hraviury z vyjavaj Tadevuša Kasciuški
Фрагмент гравюры з выявай Тадэвуша Касцюшкі

У экспазіцыі палаца Рэчы Паспалітай можна пабачыць таксама гравюру з выявай Тадэвуша Касцюшкі.

Статуты ВКЛ

У экспазіцыі можна пабачыць два Статуты ВКЛ. Кнігі знаходзіліся ў бібліятэцы Замойскай ардынацыі, якая ў 1811-1944 гг. размяшчалася ў Блакітным палацы ў Варшаве.

Бібліятэку заснаваў ардынат (землеўладальнік) Станіслаў Костка Замойскі. У 1944 г. падчас Варшаўскага паўстання немцы спалілі большасць бібліятэчных збораў, а частку, што выпадкова ацалела, вывезлі з горада. Чырвоная армія, у сваю чаргу, забрала кнігі ў Маскву, адкуль іх вярнулі ў Польшчу ў 1947 г. Разам з усімі зборамі вандравалі і Статуты. 

Statut VKL 1529 h.
 Статут ВКЛ 1529 г.

Statut VKL 1566 h.
 Статут ВКЛ 1566 г.

Супрасльскі рукапіс

Супрасльскі рукапіс (Супрасльскі кодэкс, Супрасльскі зборнік) ХІ ст. — найвялікшы стараславянскі кананічны рукапіс, які захаваўся да нашых дзён. Там змешчаны жыціі святых, тэксты для набажэнстваў. Гэта самая ранняя і найістотнейшая крыніца па даследаванні славянскіх моў.

Suprasĺski rukapis
Супрасльскі рукапіс ХІ ст.

Зборнік знайшоў у 1823 г. філолаг Міхал Баброўскі ва ўніяцкім базылянскім манастыры ў Супраслі (адсюль і назва кодэксу). У Варшаве захоўваецца толькі частка рукапісу, яшчэ дзве — у Любляне і Санкт-Пецярбургу.

Najstarejšaja kniha, nadrukavanaja kirylicaj — datujecca 1491 h.
Найстарэйшая кніга, надрукаваная кірыліцай — датуецца 1491 г.

Найстарэйшая кніга, надрукаваная кірыліцай, выйшла ў 1491 г. у Кракаве. У ёй змешчаны малітвы і апісанне велікоднай службы на старацаркоўнаславянскай мове.

Рукапісы Адама Міцкевіча

У экспазіцыі можна пабачыць помнікі пісьменства, звязаныя з творчасцю Адама Міцкевіча. «Ода да маладосці», напісаная ў 1820 г., лічыцца маніфестам моладзевага філамацкага руху.

Rukapis «Ody da maladosci» 1820 h. Adama Mickieviča
Рукапіс «Оды да маладосці» 1820 г. Адама Міцкевіча

Праз цэнзуру оду атрымалася апублікаваць толькі праз сем год пасля напісання. Першы зборнік Адама Міцкевіча, пад назвай «Паэзія», выдадзены ў 1822 г. Найбольш істотнай яго часткай лічыцца цыкл «Балады і рамансы», які паклаў пачатак рамантызму ў літаратуры Рэчы Паспалітай. Да гэтага цыкла належыць, напрыклад, балада «Свіцязянка».

Pieršy zbornik paezii Adama Mickieviča, vydadzieny ŭ 1822 h.
Першы зборнік паэзіі Адама Міцкевіча, выдадзены ў 1822 г.

Рукапіс рамана Элізы Ажэшкі «Над Нёманам»

Раман Элізы Ажэшкі «Над Нёманам» у Польшчы лічыцца адным з найбольш істотных твораў у стылі рэалізм. Ён закранае тэматыку паўстання 1863 г., таму летась, на 160-гадовы юбілей гэтай падзеі, раман быў афіцыйна абвешчаны нацыянальнай чытанкай. 

Rukapis ramana Elizy Ažeški «Nad Niomanam»
Рукапіс рамана Элізы Ажэшкі «Над Нёманам»

Рукапіс, які можна пабачыць у Палацы Рэчы Паспалітай, да Другой сусветнай вайны захоўваўся ў адным з музеяў у Гародні, але падчас ваеннага ліхалецця быў адтуль вывезены і ў 1958 г. трапіў у фонды польскай Нацыянальнай бібліятэкі.

Кнігі, каштоўныя для агульнаеўрапейскай гісторыі

У экспазіцыі Палаца Рэчы Паспалітай таксама шмат кніг, істотных для польскай і агульнаеўрапейскай гісторыі: вершы Яна Каханоўскага, Мікалая Рэя і Юліюша Славацкага, трактат Мікалая Каперніка «Аб абароце нябесных сфер», лацінамоўны Новы запавет VIII ст., найстарэйшы англасаксонскі лекцыянарый (від літургічнай кнігі), які датуецца 1000 г. і інш. Можна пабачыць таксама помнікі пісьменства, істотныя для габрэйскай і армянскай культур. 

Vokladka staradruka z vyjavami arla i Pahoni
 Вокладка старадрука з выявамі арла і Пагоні

Фота аўтаркі

Алена Ляшкевіч, budzma.org