Цэнтр новых ідэй плануе серыю лекцый у рэгіёнах “Крэш-курс рэфарматара: як пабудаваць новую Беларусь”.
Рэформы хвалююць большасць звычайных людзей і элітаў, але вакол іх у Беларусі паўстала больш шуму і туману, чым сапраўдных ведаў. Мала хто разумее, якія рэформы патрэбныя і як іх трэба рабіць, навошта нам прыватызацыя, ці станем мы яшчэ бядней, калі пачнуцца рэформы і хто нам дапаможа іх зрабіць.
Гэтыя і іншыя пытанні прапануем вам абмеркаваць з эканамістам і віцэ-прэзідэнтам CASE Belarus Алесям Аляхновічам ды палітолагам і заснавальнікам Цэнтра новых ідэй Рыгорам Астапеням. За адну гадзіну вы даведаецеся пра балючы досвед краінаў-суседзяў і як пабудаваць новую Беларусь.
Дыскусія ладзіцца Цэнтрам новых ідэй — грамадскай арганізацыяй, якая спалучае лепшыя практыкі медыя-платформы, публічнага форуму, адукатара, даследчай арганізацыі і групы па адвакаватаванню. Цэнтр імкнецца зрабіць беларускую палітыку разумнай, эканоміку інавацыйнай, а грамадства адкрытым.
Пра лектараў:
Рыгор Астапеня – заснавальнік Цэнтра новых ідэй. Раней працаваў дырэктарам па развіцці і аналітыкам Цэнтра Астрагорскага. Рыгор рыхтуецца да абароны PhD-дысертацыі ў Варшаўскім універсітэце.
Алесь Аляхновіч – віцэ-прэзідэнт CASE Belarus і аспірант Варшаўскай школы эканомікі. Раней працаваў у кансталтынгавай кампаніі McKinsey і Нацыянальным банку Польшчы.