У дзень памяці выбітнага беларускага дзеяча Рэфармацыі, які пайшоў з жыцця 13 студзеня 1593 года, прыгадваем цікавыя акалічнасці з ягонай біяграфіі. Надрукаваны ім на старабеларускай мове «Катэхізіс» займеў шырокую папулярнасць не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і далёка за яго межамі. Напрыканцы жыцця Сымон Будны ператварыўся ў маргінала і апынуўся ў ізаляцыі, а ягоная асоба і пасля смерці яшчэ доўга выклікала нянавісць у ворагаў. Чаму так сталася? Паспрабуем разабрацца ў артыкуле.
Віктар Маркавец, «Беларускі асветнік XVII ст. Сымон Будны», 1986. Крыніца: zviazda.by
Дакладная дата і месца нараджэння Сымона Буднага невядомыя — навукоўцы ўсё яшчэ працягваюць спрачацца аб іх. Нарадзіўся прапаведнік у Будах недзе каля 1530 года, але дакладна невядома ў якіх — падляшскіх або мазавецкіх. У любым разе гэта тэрыторыя сучаснай Польшчы.
Верагодней за ўсё, вядомы гуманіст паходзіў з Беласточчыны, якая ў той час была яшчэ ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Бо ён добра ведаў простую мову і традыцыі народа, сярод якога рос. Любоў да ўсяго простага і народнага Будны пранясе праз усё жыццё.
У 1544 годзе ён паступіў на факультэт свабодных мастацтваў Кракаўскага ўніверсітэта, які паспяхова скончыў. Працягнуў адукацыю на багаслоўскім факультэце Базельскага пратэстанцкага ўніверсітэта — па тым часе гэта быў вельмі высокі ўзровень. Будны добра валодаў як некалькімі старажытнымі мовамі, так і сучаснымі яму. Гэта дазваляла яму ліставацца з аднадумцамі па ўсім свеце, а таксама знаёміцца са скарбамі еўрапейскай культуры.
Адам Мальдзіс, калі ў 1982 годзе ездзіў у Лондан, адшукаў арыгінал ліста Буднага да англійскага мысляра Джона Фокса. Як адназначаў тады Адам Восіпавіч: «Сам ліст у розных працах ужо называўся і часткова прыводзіўся, але поўны тэкст яго ў нас не друкаваўся».
Сымон Будны быў цудоўным знаўцам антычнай спадчыны, якую ўважаў за крыніцу еўрапейскай філасофскай думкі. У сваіх творах ён даволі часта цытуе такіх знакавых асоб старажытнага свету, як Гамэр, Герадот, Арыстоцель, Платон, Сенека, Цыцэрон, Тацыт, Вергілій ды іншых. Быў добра знаёмы Будны і з творамі бліжэйшых да яго Эразма Ратэрдамскага, Марціна Лютэра, Жана Кальвіна ды іншых еўрапейскіх мысляроў.
З 1558 года Сымон Будны жыў у Вільні, а праз два гады перабраўся ў Клецк, дзе стаў пастарам евангелісцкай царквы. Крыху пазней разам з Мацеем Кавечынскім і Лаўрэнам Крышкоўскім заснаваў у Нясвіжы пратэстанцкую друкарню, дзе працягнуў справу Францыска Скарыны. Менавіта там у пачатку лета 1562 года быў надрукаваны знакаміты пратэстанцкі «Катэхізіс». Гэта была першая друкаваная кніга на старабеларускай мове, якая была выдадзена на ўласна беларускіх землях.
Тытульны ліст «Катэхізіса» Сымона Буднага, 1562. Крыніца: nlb.by
«Катэхізіс» — кніга, дзе ў даволі простай форме пытанняў — адказаў тлумачыліся асновы пратэстанцкага вучэння, папулярны ў XVI стагоддзі фармат. Распаўсюд падобнага кшталту літаратуры пачаўся яшчэ ў часы Лютэра — такім чынам пратэстанты імкнуліся істотна пашырыць уплыў сваёй канфесіі.
Вельмі хутка «Катэхізіс» Буднага займеў шырокую папулярнасць не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і далёка за яго межамі. Вакол яго разгарнулася шырокая палеміка, бо Сымон Будны заклікаў не толькі любіць і шанаваць родную мову, звяртацца да сваёй культуры, але таксама адмовіцца ад рэлігійнай нецярпімасці і цемрашальства. А гэта, мякка кажучы, не вельмі падабалася зацятым прадстаўнікам іншых канфесій.
Максім Гарэцкі ў сваёй знакамітай «Гісторыі беларускае літаратуры», якая ў 1920-я гады вытрымала некалькі перавыданняў, так характарызаваў гэты старадрук:
«Гісторыка-літаратурнае значэнне ў гэтай кнізе мае прадмова і прысвячэнне, якія адбіваюць між іншым, перайманне падобных прадмоў Ф. Скарыны. Выдаўцы глядзяць на сваю кніжку як на падручнік для дзяцей у пачатковых школах. Далей змяшчаюцца нападкі на сучаснае духавенства, усё хрысціянства якіх было ў тым, каб чалавек у ведамыя дні мяса не еў, міласціну, хоць бы і ліхам набытую, даваў, святым маліўся ды каб папам, калі хто меў, на ўспамін душы даў, каб яго цела на пасвячонай зямлі палажылі, праводзілі, і траціны, дзевяціны, паўсарочыны, сарочыны, паўгодкі і ўгодкі і іншыя такія высылы чынілі...»
Пры непасрэднай падтрымцы ўладальніка Нясвіжа Мікалая Радзівіла Чорнага і будучага канцлера Вялікага Княства Літоўскага Астафія Валовіча Сымон Будны разгарнуў шырокую асветніцкую дзейнасць. У тым жа 1562 годзе свет пабачыла «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам», якое было прысвечана Валовічу і да нашага часу не дайшло. Вядомае яно толькі па ўскосных апісаннях.
У сваіх палемічных тэкстах Сымон Будны прапаноўваў рэфармаваць існы ў яго час парадак. З аднаго боку, ён не прымаў ідэяў сацыяльнай варажнечы, якія ўжо ў XVI стагоддзі пачыналі набываць пэўную папулярнасць у Еўропе і сталі прадцечамі камуністычных і анархічных рухаў будучыні. З іншага, ён адмаўляў цэнзуру, цемрашальства і тыранію, якія таксама квітнелі ў тую пару.
Дзякуючы ў тым ліку і ягонай асветніцкай дзейнасці, у Трэцім статуце ВКЛ 1588 года былі заканадаўча замацаваныя такія базавыя для нашага часу рэчы, як рэлігійная талерантнасць, прэзумпцыя невінаватасці і вяршэнства закона. Бо, як ведаем, займаліся падборам праўнікаў для яго стварэння непасрэдна Аўстафій Валовіч і Леў Сапега. Статут быў даволі прагрэсіўным зводам законаў.
Разам з тым гісторыя самога Буднага складвалася не вельмі шчасліва. Ён паспее яшчэ выдаць у Лоску зборнікі «Аб галоўных артыкулах хрысціянскай веры» і «Аб свецкай уладзе», а таксама зрабіць пераклады Бібліі і апокрыфаў, якія пабачаць свет у 1570-я гады. У 1574 годзе ён зробіць пераклад Новага Запавету.
У тым жа 1574 годзе Будны адправіць з Лоска, дзе тады жыў, ліст у Англію, які і адшукаў Мальдзіс. «Наколькі можна меркаваць з беглага прагляду пісьма, Будны падрабязна выклаў свае асноўныя палажэнні, даў новую, адметную, філалагічную трактоўку асобных мясцін з Евангелля. У канцы беларускі асветнік просіць англічаніна выказаць сваю думку наконт узнятых пытанняў і абяцае, атрымаўшы адказ, выслаць свае кнігі», — зазначае даследчык.
Тытульны ліст «Бібліі» Сымона Буднага, 1752. Крыніца: wikimedia.org
Пошук аднадумцаў у такім далёкім замежжы быў натуральным працэсам, бо з цягам часу Будны ўсё больш аказваўся ў ізаляцыі. Вакол былі не толькі каталікі з праваслаўнымі, якія былі ў канфрантацыі з ім, але таксама і былыя паплечнікі па рэфармацыйным руху. Будны расчароўваўся і ў іх. А ўжо на пачатку наступнага дзесяцігоддзя, у 1580-х, ён наогул трапіць у няміласць за свае надта «прагрэсіўныя» погляды і ператворыцца ў маргінала.
Фрагмент гравюры з палемічнай кнігi езуіта Станіслава Рэшкi «Пра атэiзм i пустаслоўе евангелiкаў». Неапаль, 1596. Будны выяўлены ў пекле. Крыніца: wikimedia.org
Памёр Сымон Будны ў Вішневе, дзе жыў у свайго сябра пана Льва Малкона. Нават пасля смерці яго асоба яшчэ доўга выклікала цікавасць у прыхільнікаў і нянавісць у ворагаў.
Л. Г., budzma.org