«Ухапіць за хвост сонца». У гурта Syndrom Samazvanca выйшаў новы кліп

29.07.2025 Музыка
Гурт Syndrom Samazvanca выдаў кліп на песню «Pa-za hajem» з альбома «Mahajba». Прыдумала і стварыла музычнае відэа рэжысёрка Дар’я Каляда, вядома па супрацы з беларускімі гуртамі і выканаўцамі «Пятля прыхільнасці», POLYN, KETEVAN і інш.

У кліпе героі відэа гуляюць па вуліцах летняй Варшавы ў вобразе калядоўшчыкаў.

У песні «Pa-za hajem» спляліся «калядныя / шчадроўныя беларускія матывы і рытмы ды гітары з афрыканскага року, — пішуць музыкі на старонцы гурта ў Фэйсбуку. — Ідэя палягала ў тым, каб нягледзячы на тую рэчаіснасць, якая штодня ўрываецца ў нашыя жыцці бруднымі ботамі, намагаецца патаптаць, параніць і ўдарыць, паспрабаваць ухапіць за хвост сонца, нешта беспадстаўна, нават часам, бяздумна пазітыўнае і радаснае. Хай сабе хоць на 5 хвілін, пакуль гучыць песня».