Напрыканцы верасня беларускі музыка Андрусь Такінданг прэзентаваў кліп на сваю новую песню «Шэры камень». Гэты твор ён прысвяціў Міраславу Лазоўскаму — беларускаму ваяру, які загінуў 16 траўня 2023 года ў баі ў Бахмуце.
«У Мінску Міраслаў займаўся культурай, распаўсюджваў кнігі. Я часам сустракаў яго на канцэртах, імпрэзах. Засяроджаны, спакойны ён выглядаў, як шэры моцны камень», — распавядае Андрусь Такінданг пра гісторыю стварэння песні, якую ён сам называе эпітафіяй.
Міраслаў Лазоўскі
Музыка кажа, што асноўная фраза тэксту і зерне мелодыі нарадзіліся ў галаве адразу як рэакцыя на сумную навіну. Затым ужо дапісваліся куплеты і прыдумлялася аранжыроўка.
«Смерць Міраслава далучылася да іншых беларускіх страт, трывог, пакут. Я не чакаў такой навіны і быў моцна прыгаломшаны. Тэкст песні напісаўся разам са слязьмі па спачылым.
Для мяне кожны суайчыннік — гэта каштоўны скарб. Я хацеў бы, каб усе беларусы захавалі жыццё і здароўе, але здараюцца такія сітуацыі, калі нехта адзін ахвяруе сабой, каб зберагчы іншых».
Відэа да песні ствараў Яўген Курыльчык. Большасці ён вядомы як музыка, але на досыць высокім узроўні займаецца і здымкамі, працягвае Андрусь:
«Я не ведаю, як здымаць кліпы на такую тэму, таму мы пайшлі па самым відавочным шляху — я проста заспяваў на камеру. Вядома, мне не ўдалося цалкам пазбегнуць трывіяльнасці і пафаснасці, але зерне, закладзенае ў песні — гэта мая праўдзівая эмоцыя. На жаль, нас чакае яшчэ шмат музычных эпітафій ад розных артыстаў. Такі час...».
Андрусь Такінданг. Фота: фэйсбук музыкі
За некалькі дзён кліп Андруся Такінданга набраў нямала праглядаў і кранальных водгукаў:
«Мне падабаецца, як вы пераплятаеце такую „лёгкую“, „летнюю“ (у добрым сэнсе) музыку з такімі важнымі, грунтоўнымі думкамі і словамі. Ад вашых песень ідзе бясконцая любоў да людзей. Дзякуй!»
«Шчыры дзякуй спадар Андрэй за кранальны, глыбокі твор! Моцна!»
«Сапраўды, вельмі кранае!»
Песня «Шэры камень» увойдзе ў новы альбом Андруся Такінданга, над якім музыка цяпер актыўна працуе.
Чытайце яшчэ: Змагаўся за свабоду Украіны дзеля будучыні Беларусі. У памяць пра беларускага патрыёта Міраслава Лазоўскага