Сёння, 11 сакавіка, спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Тодара Кляшорнага. Ён пражыў кароткае жыццё, але паспеў зрабіць надзвычай шмат. Як паэт-пачатковец з правінцыі ператварыўся ў сталічную багемную зорку? Якім быў шлях на беларускі Алімп і чым ён скончыўся? У дзень нараджэння класіка нашай літаратуры прыгадваем цікавосткі з ягонага жыцця.
Нарадзіўся Тодар Кляшторны ў беднай сялянскай сям’і на Лепельшчыне. У гэтым плане яго біяграфія хрэстаматыйная і не надта вылучаецца нейкімі адметнымі дэталямі: нішчымнае дзяцінства, служба ў войску, вучоба на рабфаку ў Оршы.
Многія з тагачасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў і былі ўвасабленнем таго, аб чым пісалі ў сваіх творах. Яны з уласнага досведу ведалі, што такое цяжкая фізічная праца, акопныя будні, жыццё на вёсцы і ў горадзе, якія былі разбураныя пасля войнаў і рэвалюцый.
Дэбютаваў са сваімі вершамі Тодар Кляшторны на старонках «Аршанскага Маладняка» ў 1925 годзе. У гэты час малады аўтар далучаецца да «Маладняка», які быў не проста самым масавым літаратурным аб’яднаннем на той час, але і меў філіі ў беларускіх гарадах і мястэчках і нават за мяжой.
Літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк». Першы ўнізе — Тодар Кляшторны. Менск, 1927 г.
У Менск Тодар Кляшторны пераязджае ў 1927 годзе. На гэты момант ён ужо заўважны аўтар, які рэгулярна выступае ў друку са свамі вершамі. У гэты ж час выходзіць і яго першы зборнік вершаў, які называецца «Кляновыя завеі». Пасля ў друку з’явяцца і іншыя паэтычныя зборнікі — «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Палі загаманілі» (1930), «Праз шторм — на штурм» (1934).
Паэзія Кляшторнага вылучаецца асцярожным аптымізмам адносна будучыні, які непараўнальна лепш чытаецца, чым папулярны ў той час агітацыйны пафас:
Хоць палі нашы
Бедны вясною,
Але час наш
Святлей і мілей,
Бо над нізкай сялянскай страхою
Палымнеюць зарніцы надзей.
Другая палова 20-х гадоў — гэта акурат тая пара, калі літаратурнае жыццё ў Савецкай Беларусі віруе. Кляшторны, як і некаторыя іншыя пісьменнікі і паэты, выходзіць з «Маладняка» і далучаецца да «Узвышша», якое ствараецца ў траўні 1926 года. Сабраліся там галоўным чынам літаратары, якія адчувалі, што могуць пісаць троху лепш за плакатныя агіткі. Да ўсяго і «Маладняк» з часам пачаў пераўтварацца ў аб’яднанне, дзе стаць сябрам мог любы, хто мае хаця б мінімальнае ўменне складаць словы ў сказы і рыфмаваць. Таксама Тодара Кляшторнага вабіла багемнае жыццё...
Акрамя афіцыйных суполак, якія засталіся ў гісторыі беларускай літаратуры ў якасці сур’ёзных арганізацый, ён быў сябрам легендарнага «Таварыства аматараў выпіць і закусіць», вядомага таксама як ТАВІЗ. Ужо сама назва ў яе скарочаным варыянце — гэта яўная іронія над грувасткімі савецкімі абрэвіятурамі, папулянымі ў той час.
У розны час сябрамі гэтай нефармальнай суполкі былі Алесь Дудар, Міхась Багун, Сяргей Дарожны, Валеры Маракоў, Васіль Каваль ды іншыя больш або менш вядомыя паэты і пісьменнікі. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Тодар Кляшторны часцяком заходзіў у сталічны Дом пісьменніка, які месціўся на Савецкай вуліцы, крыху нападпітку. Сядаў недзе ля вакна ды «думаў вершы».
Тодар Кляшторны быў чалавекам глыбока занураным у сябе, які спрабаваў спасцігнуць свет сузіраючы яго, але не спрабуючы перабудаваць. Пэўна менавіта таму ў ягонай творчасці мы сустракаем ноткі меланхоліі і нават песімізму, без якіх не бывае сапраўднай паэзіі. У якасці прыклада добрай пейзажнай лірыкі сімпатычна глядзіцца верш «Раніца»:
Сонца з-за ўзгоркаў не выйшла
Ў росах свой твар паласкаць.
Шэпчуць калоссямі ўзвышшы,
Пахне расой сенажаць.
Гай апушыўся туманам,
Гай заглядзеўся у высь, -
Кудрамі лісцяў з кургану
У прозалаць возера звіс.
У канцы 80-х гадоў Максім Лужанін успамінаў, як у свой час яны з Тодарам хадзілі на рыбу:
«Тодар змайстраваў дзьве вудачкі і ранічкаю стаў зьнікаць з дому да майго абуджэньня. Даводзілася доўга чакаць на сьнеданьне — гукнеш, а ў адказ маўчаньне. Я пачынаў абшарваць узьбярэжныя кусты. І падгледзеў: Тодар з прыстылай да губіны папяросінай сядзеў на беразе возера і неадрыўна глядзеў, як скача і жывіцца мошкамі рыба. Вуды ляжалі каля яго ненажыўленыя».
У 1931 годзе Тодар Кляшторны скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Пасля працаваў на радыё, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. На гэты час ён ужо абсалютна «свой» у літаратурнай тусоўцы, нягледзячы на тое, што яму ўдаецца захоўваць і пэўную асабістую дыстанцыю. За нейкія 6 гадоў Кляшторны адольвае пакручасты шлях на беларускі Алімп: паэт-пачатковец з правінцыі ператвараецца ў сталічную багемную зорку.
Але не варта думаць, што ў паэта ўсё складалася выключна пазітыўна. Канец 20-х — пачатак 30-х гадоў — гэта той час, калі распачынаецца ўніфікацыя літаратурнага жыцця. Свабодныя аўтары, якія пішуць тое, што думаюць, болей не патрэбныя. Тое самае адбываецца і наогул з літаратурай — цяпер тэмы ў ёй вызначае партыя, а не самі паэты ды пісьменнікі. Прыгожае пісьменства мае нагадваць завод, а пісьменнікі — пралетарыяў, якія па замове круцяць гайкі выдаючы неабходны прадукт. А тыя, хто хоць неяк вылучаюцца — жорстка крытыкуюцца.
Той самы Кляшторны ўжо ў пачатку 30-х падвяргаецца жорсткай крытыцы. Уладзімір Сядура, які ў будучым стане зацятым антысавеччыкам, у адным з нумароў «Полымя» за 1931 год літаральна абрынаецца з нецярпімасцю на Кляшторнага за яго зборнік «Ветразі»:
«Зборнік «Ветразі» выяўляе ці прадстаўляе перад намі поэту Т. Кляшторнага двума яго абліччамі. — (Кажучы гэтак, мы маем на ўвазе, вядома, крайнія полюсы, гэтае творчасці, між якімі ляжыць цэлы пераплёт тэндэнцый прамежна пераходнага характару).
З аднаго боку Т. Кляшторны тут той паэта, якім ён прыйшоў у беларускую літаратуру, а менавіта — поэта мелянхолічнага суму, пэсымізму, сьпявак тонкіх «лірычных» любоўных перажываньняў пад гітарныя гукі і ліцьцё слёз па пражытым, поэта рангу эпігонаў Есеніна, поэта «ледзяных гітар» з якіх выціскаюцца аўтарам песьні аджываючай і паміраючай клясы, якая, сыходзячы з гістарычнае арэны, шукае сабе «збавеньне» ад назойлівых думак аб сваёй гібелі, забаву і асалоду ў чадзе моральнай і матэрыяльнай богэмы, у разбэшчанасьці, у разлажэньні».
На гэты час нейкія ўнутраныя перажыванні былі ўжо проста непатрэбныя. Нармальны савецкі літаратар той пары меў ствараць вобраз «новага чалавека», які ніколі не азіраецца назад, але глядзіць толькі наперад — у светлае камуністычнае заўтра.
Паэзія Кляшторнага дзіўчым чынам сугучная той літаратуры, якая стваралася ў другой палове 20-х гадоў у Еўропе. Наўрадці ён добра ведаў творчасць Эрнэста Хемінгуэя, Эрыха Марыі Рэмарка або Томаса Мана. Але разам з тым ён вельмі блізкі паводле свайго светагляду да гэтых аўтараў, прадстаўнікоў так званага «страчанага пакалення».
Людзі, якія пабывалі на вайне і пабачылі ўсе яе жахі, не могуць знайсці сабе месца ў мірным часе. Яны вядуць багемны лад жыцця, бягуць ад саміх сябе ў кавярні і бары, дзе заліваюцца алкаголем. Нешта падобнае можам адшукаць і ў Кляшторнага:
«Поэта знаходзіць сабе «шчасцьце», якое, па яго словах, бывае наогул толькі «хвіліннае», не ў барацьбе, не ў агні клясавага змаганьня за лепшую будучыню, а ў разбэшчаным каханньні жанчын»,— піша Сядура.
На той час падобнага клашту рэцэнзіі маглі дорага каштаваць герою. Бо гэта быў не проста бяскрыўдны тэкст, які цікавы хіба аматарам творчасці ды спецыялістам. Тым больш, калі ў такім аглядзе творца называўся «спадарожнікам» — гэта ўжо без пяці хвілін вораг. Каб схавацца ад дакучлівых «крытыкаў» Кляшторны сыходзіць у дзіцячую літаратуру, вынікам яго працы становіцца дзіцячая кніжка «Пра зайца, ваўка і мядзведзя» 1935 года.
Але махавік рэпрэсій быў ужо запушчаны, таму яго, як і многіх іншых літаратараў арыштуюць у 1936 годзе. А расстраляны ён будзе ў крывавую ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Вярнулася імя творцы ў беларускі кантэкст толькі ўжо ў познесавецкі час, калі зноў з’явілася цікавасць да літаратуры міжваеннай пары.
Тодар Кляшторны. Турэмны здымак
Л.Г., budzma.org