ТОП – 10 кніг 2010 году ад выдавецтва “Галіяфы”

19.01.2011 Кнігагляд

Сталася новамодным рабіць рэйтынг дзесяці самых цікавых выданняў года. Выдавецтва “Галіяфы” вырашыла таксама скласці свой рэйтынг.

1. Юры Станкевіч. П’яўка (сумесны праект з выдавецтвам “Каўчэг”)

Вострасюжетны раман-папярэджанне Юры Станкевіча створаны ў жанры антыутопіі – абсалютна новай з’явы ў сучаснай беларускай літаратуры. Аўтар і раней ужо не аднойчы дэманстраваў здольнасць прадбачыць будучыню. Цяпер ён …скіроўвае чытача ў 2050 год – час, калі чалавецтва, спасцігнуўшы шэраг тэхнагенных і экалагічных катастроф, (ён называе іх сарамліва і двудушна Непажаданымі Падзеямі), хістаецца і трымціць перад іх наступствамі. У цэнтры наватарскага твора-прытчы, напісанага аўтарам у звыклай для яго дакладнай і жорсткай форме, — магчымы лёс краіны, а таксама лёс дваіх закаханых, што спрабуюць супрацьстаяць цёмным сілам жыцця

2. Адам Глобус. Новае неба

3. Анатоль Вярцінскі. Асобныя радкі

Гэтае ўнікальнае паэтычнае выданне рэкамендуецца для шырокага кола чытачоў.

4. Валянцін Акудовіч. Архіпелаг Беларусь

Кніга дыялогаў складзеная з фрагментаў гутарак, дыскусій ды палемік, у якіх аўтар браў удзел пачынаючы з 1994 г. Усе пытанні і адказы задзіночаныя паводле пэўных тэмаў: гісторыя, культура і рэлігія, літаратура, філасофія, прыватнае жыццё. Кожнай тэме папярэднічае міні эсэ аўтара. Кніга разлічаная на тых, хто ўласнаруч будуе Беларусь.

5. Дыкенс Чарльз. Олівер Твіст



Класіка не старэе. Твор Дыкенса адпавядае нашаму часу яшчэ і тым, што на дзіва арганічна спалучае дзве такія цяжка сумяшчальныя пад вокладкай дзіцячай чытанкі тэмы, як любоў і каханне.

Перакладзены на сотні моў, раман Дыкенса цяпер прадстаўлены чытачу і па-беларуску.

6. Ілля Сін. Тэатральныя дэманы

Вандроўка на субмарыне па затопленым Менску спакваля пераўтвараецца ў экскурсію па нетрах падсвядомасці аўтара, знаёмства з яе флорай і фаўнай. Кніга населеная безліччу эфемерных і яўна прыдуманых істотаў, якія і далі ёй назву. Часам публіка нібы адчувае сябе за кулісамі аматарскага тэатру, дзе любая трагедыя пераўтвараецца ў фарс. Але ўсё ж напрыканцы гэтага трыпа вас можа наведаць нязмушаная надзея на сапраўднасць…

Новую кнігу трансгрэсіўнай прозы Іллі Сіна можна парэкамэндаваць толькі падрыхтаваным чытачам.

7. Зміцер Вішнёў. Замак пабудаваны з крапівы

Адбываецца персаніфікацыя лірычнага героя ў аўтара і наадварот. Здзек з чытача, але і здзек з пісьменніка. Руйнаванне традыцыі і перамыванне костак штучным каштоўнасцям. Разбурэнне рамана як класічнай буйной формы. Трынаццаць частак твора “Замак пабудаваны з крапівы” – гэта, з аднаго боку, кампіляцыя асобных занатовак, замалёвак, казак, журналістыкі і бог ведама чаго, з другога – цэласны тэкст са сваёй выразнай архітэктонікай. Структура прадстаўленай кнігі будзе вымагаць ад чытача рэканструкцыі ўласных эмоцыяў і досведу. Перадусім раман Змітра Вішнёва можа выклікаць абурэнне або захапленне, але не абыякавасць. Рэкамендуецца ўсім аматарам прыгодаў.

8. Сяргей Календа. Казкі: Гісторыі (не) пра нас

Казкі Сяргея Календы блізкія да чароўных, хаця ў іх няма пафасных цмокаў, самотных прынцаў ды непрадказальных феяў, няма чароўных прадметаў ад барады да лямпы. Аднак тут ёсць матывы ўвядзення, матывы пошукаў іншага сусвету і падарожжа ў яго, тут ёсць ініцыяцыі, без якіх немагчыма чароўная казка. Галоўнае – героі ды адносіны паміж імі.

9. Міхась Башура. Думкі – гэта не гульня

Паэзія Міхася Башуры вельмі эмацыянальная і свавольная, бо яна гаворыць пра вечныя чалавечыя каштоўнасці. Вершы, прадстаўленыя ў выданні, разгортваюць перад чытачом каляровую гаму новага свету, дзе няма месца здрадзе, нянавісці і падману. Гэта – светлая кніга, якая рэкамендуецца ўсім прыхільнікам паэтычнага слова.

10. Яна-Тры-Ён

Выданне прысвечанае літаратурнай суполцы “Яна-Тры-Ён”, якая, акрамя яскравых літаратурных выступаў, пакідае пасля сябе і шэраг запамінальных акцыяў і перформансаў.


Усе кніжныя навінкі ёсць у кнігарні “Галіяфы” (Падземка, Незалежнасці, 43). Кніга Ю. Станкевіча “П’яўка” карыстаецца попытам і таму першая частка наклада ўжо разышлася. Мяркуецца, што “П’яўка” з’явіцца зноўку ў продажы праз тыдзень!