Фалькларыстка Алена Ляшкевіч наведвае Падляшша і дзеліцца з чытачамі Budzma.org нататкамі з вандровак. У вёсцы Сакі, недалёка ад мяжы з Беларуссю, можна паглядзець драўляную царкву, а каля яе — аброчныя крыжы. Пра абраз святога Дзмітрыя, які знаходзіцца ў храме, бытуе легенда, што ў XV стагоддзі ён цудадзейным чынам вярнуў жыхара Сакаў з турэцкага палону, а потым не раз дапамагаў вернікам, якія яму маліліся.
Ад вёскі Сакі (гміна Кляшчэлі, Гайнаўскі павет) да мяжы з Беларуссю напрасткі — менш за 13 км. Сакі знаходзяцца амаль на той жа геаграфічнай шырыні, што і беларускія Пружаны. Першая згадка вёскі ў пісьмовых крыніцах — 1567 г. Аднак гісторыкі лічаць, што яна існавала ўжо ў XV ст. Яе заснавалі путныя баяры з замку ў Бельску Падляскім. Іх нашчадкі, дробная шляхта, жылі ў адной частцы Сакаў, а ў другой з’явіўся двор буйнога землеўласніка і сялянскія сядзібы. Верагодна, першыя землеўладальнікі — Сакоўскія. Яны будавалі цэрквы ў вёсцы. У канцы XVIII ст. Сакамі нядоўга валодаў Юзаф Лявіцкі, сын пінскага харужага.
Сакі — цэнтр праваслаўнай парафіі. Тут жывуць таксама католікі (цэнтр іх парафіі знаходзіцца ў Кляшчэлях). Хату, перавезеную з Сакаў, у Музеі сельскай гаспадаркі ў Цеханоўцы класіфікуюць як помнік драўлянай архітэктуры падляскіх беларусаў. За адзін кіламетр ад Сакаў знаходзіцца вёска Заляшаны, трагічна вядомая забойствам праваслаўных беларусаў праз атрад Рамуальда Райса «Бурага» ў 1946 г.
Чытайце яшчэ:«Месца мары, у якое мы пераносімся, аддзяляючыся ад цывілізацыі». Музей у Козліках на Падляшшы, дзе няма дырэктара
У Сакі мне пашанцавала трапіць увосень і ўзімку. Таму фотаздымкі адлюстроўваюць прыгажосць гэтага месца ў розныя сезоны. Царква знаходзіцца на ўскрайку вёскі, на пагорку, парослым сасоннікам.
Абраз Дзмітрыя Салунскага ў царкве ў Саках. 8 лістапада 2016 г. Крыніца: saki.pl
У царкве знаходзіцца абраз, пра які ў ваколіцах ходзіць легенда. Вось як яе распавёў краязнаўца з Бельска Падляскага Дарафей Фіёнік:
«Сакі — то в’ёска баярска. І адзін з сакоўскіх баяраў быў на войне с туркамі. І трафіў у нэволю турэцку. І быў у палоне у пекарні. І одного разу як вкладаў у печ хлеб, заўважыў, што на досцы, которой закрывают печку, ест сьветы. Сьветы, значыт ікона, яку толькі проста выкінулі і зужылі на затулянне печкі. І што, он взяў тую ікону. Она вялікіх помероў была. Але взяў до сэбе там в той свой лагер, чы куды там он жыў. І сховаў под посьцель. Заснуў. А рано будзіцца, а вон не там, в Грэцыі чы Турэччыне, а на погорку коло своей вёскі Сакі. А коло ёго — тая ікона Сьвятога Дымітрыя Солунского. Ну, і он быў фундатором пэршой цэркві... Ну, і тая ікона до сёння там».
Чытайце яшчэ: Вандроўка сцежкамі Кастуся Каліноўскага
Афіцыйная дата пабудовы першай капліцы ў Саках — 1595 г. Святыню зафундаваў мясцовы шляхецкі род Сакоўскіх. Яна была асвечана ў імя святога Дзмітрыя і пазней згарэла. Пра абраз Дзмітрыя Салунскага распавядаюць, што ён ацалеў падчас пажару ў царкве. Калі жыхары Сакаў выправіліся ў бежанства ўглыб Расіі падчас Першай сусветнай вайны, то забралі абраз з сабой. А калі вярталіся, то іх цягнік сышоў з рэек. Аднак вагон, у якім везлі абраз, застаўся стаяць як ні ў чым ні было. Усе жыхары Сакаў, якія ў ім ехалі, ацалелі.
Каля царквы не знойдзеш ні паведамленняў пра яе гісторыю, ні раскладаў набажэнстваў. Значыць, месца лічыцца нетурыстычным, а свае і так усё ведаюць. Цяперашняя царква пабудаваная ў XVIII ст. (першая згадка ў пісьмовых крыніцах — 1727 г.), а званіца каля яе — у ХІХ ст. Яна асвечаная ў гонар святога Дзмітрыя Салунскага. Пад яго ж патранатам у Саках з 2001 г. дзейнічае мужчынскі манастыр. Дзень святога Дзмітрыя святкуецца 8 лістапада.
Чытайце яшчэ: Падляскія замалёўкі: Козлікі — вёска з царквой, якую два разы пераносілі
Каля царквы знаходзяцца могілкі, таксама закладзеныя ў XVIII ст. Надпісы на помніках адлюстроўваюць узаемапранікненне беларускай, польскай і рускай моў: Татяна, Bazyl, Текльа. Ці хутчэй гэта надпісы па-польску і па-руску з уплывам мясцовай гаворкі. На суседніх помніках, дзе яўна пахавана адна сям’я, а надмагіллі аднолькавага дызайну, хоць і пастаўленыя памерлым у розны час, могуць быць надпісы і кірыліцай, і лацінкай, напрыклад, Данилюк і Daniluk, Дмитрук i Dmitruk.
Чытайце яшчэ: Падляскія замалёўкі: Сацы — вёска ў «Краіне адкрытых аканіц»
На могілках стаяць таксама аброчныя бетонныя крыжы, пад якімі ніхто не пахаваны. Людзі, якія іх ставілі, пакінулі надпісы з просьбамі аб здароўі сваёй сям’і і жывёлы. Надпісы зроблены па-руску:
Святий великомученик чудотворец Димитрий, моли Бога онас грещних. Соорудили Симеон Анастасия и Мария Тарасюки д. Грабовец 8 XI.1955 г.
О здравии рабов божих Бориса Антонины Николая Марии Дмитрия и Вери д. Топорки 4.IV.1966 г.
О здравiи Александра, Павлины. Игора — Маріи, Александра. И всех — сроднико. Сей крест соору Александром Шкляруком. 25Х м. Октября 1954
О здравие дорогих детей Кирила, Владимера, Петра, Марии. Сей крест сооружен Анной Иванук д. Малинники 19.VIII.1955 г.
Спаси господи люди твоя. Господи, спаси и сохрани од упадения скота. Сей крест 1971 г. сооружон Верой Зиневич
Оздрави Господи спаси и сохрани од болезни и всякого зла рабов твоих 1970 г.
Блаженни плачущи яко тии утешатся. Спаси господи люди твоя и покрыти их от враг видимых и невидимых, от всякия напасти, беды, скорби и недугов, и охраняя крестом твоим жительства с. в 1976 г.
Альбо папросту:
Сооруж жит. дер. Саки Василием Давидовичом Василюком 30 мар. 1930 г.
На некаторых крыжах ёсць даты, якія сведчаць пра год іх паўставання: 1930-я —1970-я гады. Бываюць пазначаны вёскі, адкуль паходзілі людзі, якія ставілі крыж. Да іх ад Сакаў не больш за 6 км.
На могілках ёсць таксама драўляныя крыжы без надпісаў. Хутчэй за ўсё, яны таксама аброчныя, бо размешчаны блізка адзін ад аднаго і пад імі не відаць надмагільных холмікаў.
Царва на пагорку, парослым лесам, і ў атачэнні аброчных крыжоў нагадвае найбуйнейшую падляскую праваслаўную святыню — гару Гарбарка. Магчыма, Сакі выконвалі ролю лакальнай святыні тады, калі на Гарбарку было цяжэй дабрацца: аброчных крыжоў, малодшых за 1970-я, ужо няма.
Царква, званіца і могілкі ў Саках унесены ў спіс помнікаў архітэктуры Польшчы.
Фота аўтаркі і з сайта манастыра ў Саках
Алена Ляшкевіч для budzma.org