Дзе павінны быць перапахаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага? Ці варта дамагацца ад Літвы іх перадачы для пахаваньня ў Беларусі? На гэтыя пытаньні Свабоды адказалі дэпутат, гісторык, прадстаўнік мясцовай улады са Сьвіслачы, дзе пахаваны брат Кастуся Каліноўскага Віктар.
Раней у Літве афіцыйна паведамілі, што меркаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага, а таксама Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 15 удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863–1864 гадоў, знойдзеныя ў 2017 годзе падчас работ на гары Гедыміна ў Вільні, урачыста перапахаваюць на старажытных могілках Роса альбо Бэрнардынскіх.
Паводле прафэсара Віленскага ўнівэрсытэту Рымантаса Янкаўскаса, у Літве створаная дзяржаўная камісія ў справе перапахаваньня знойдзеных парэшткаў паўстанцаў, якую ўзначальвае прэм’ер-міністар. На апошнім паседжаньні гэтай камісіі вырашана працягваць пошукі парэшткаў, якіх яшчэ не стае, і працу ў ідэнтыфікацыі.
Нядаўна ў сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя, што сярод паўстанцаў 1863 году, чые пахаваньні адшукалі ў Вільні, былі ідэнтыфікаваныя і парэшткі Кастуся Каліноўскага. Аднак канчатковага пацьверджаньня пакуль няма.
Паводле дыпляматаў, беларускі і літоўскі бакі абмяркоўваюць пытаньне пра магчымасьць доступу навукоўцаў да магілы старэйшага брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне. Генэтычная экспэртыза можа даць адказ на пытаньне, ці належаць парэшткі, знойдзеныя ў Вільні на Гедымінавай гары, лідэру антырасейскага паўстаньня ў Беларусі і Літве 1863–1864 гадоў.
НАН Беларусі: «Пра перапахаваньне ў Беларусі размовы не было»
Раней намесьнік дырэктара па навуковай працы Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза сказаў Свабодзе, што перапахаваньне парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусі — пытаньне складанае.
«У якім месцы перазахоўваць на тэрыторыі Беларусі? Ніхто ня скажа. Я думаю, гэта пытаньне вельмі складанае. На яго адказаць адназначна немагчыма. Я размаўляў наконт гэтага з рознымі людзьмі, розныя думкі чуў. Але ў бальшыні калегаў і знаёмых пра перапахаваньне на тэрыторыі Беларусі размовы не было», — кажа намесьнік дырэктара па навуковай працы Інстытуту гісторыі НАН Беларусі.
Дэпутат: «Парэшткі Каліноўскага павінны быць перапахаваныя ў Беларусі»
Старшыня пастаяннай камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валеры Варанецкі мяркуе, што літоўскі бок відавочна не гатовы да такой пастаноўкі пытаньня — аб перапахаваньні парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Да таго ж пакуль навукоўцы ня ўпэўненыя, што гэта менавіта парэшткі Каліноўскага.
У беларускі парлямэнт па дапамогу ў справе ідэнтыфікацыі парэшткаў ніхто не зьвяртаўся. Аднак Валеры Варанецкі ўпэўнены, што парэшткі Кастуся Каліноўскага павінны быць перапахаваныя ў Беларусі.
«Паколькі Каліноўскі зьяўляецца сынам беларускай зямлі, то было б правільна перапахаваць яго на ягонай радзіме. Гэта важна, бо ён унёс свой уклад у энэргетыку нашай зямлі. Ён частка гэтай энэргіі».
Паводле Варанецкага, камісія ў міжнародных справах, якую ён узначальвае, можа зьвярнуцца да літоўскага боку ў справе ідэнтыфікацыі парэшткаў і перапахаваньня іх у Беларусі. Але «трэба мець пазыцыю дзяржавы» наконт гэтага, а такая пазыцыя яму невядомая.
Сьвіслацкі райвыканкам: інфармацыі няма, не камэнтуем
Намесьнік старшыні Сьвіслацкага райвыканкаму Юры Кулікоў сказаў карэспандэнту Свабоды, што ні пра перапахаваньне парэшткаў Кастуся Каліноўскага, ні пра доступ навукоўцаў да магілы Віктара Каліноўскага ў райвыканкаме ніякай інфармацыі няма. Ён адмовіўся камэнтаваць сытуацыю.
Намесьнік старшыні Сьвіслацкага райвыканкаму Юры Кулікоў таксама сказаў карэспандэнту Свабоды, што рашэньне пра эксгумацыю парэшткаў Віктара Каліноўскага не прымалася і пытаньне не абмяркоўваецца:
«Па гэтым пытаньні трэба вывучаць прававую базу, наколькі гэта правамоцна. Мы ня можам самі па сабе пачаць гэтую эксгумацыю».
Гісторык: «Вяртаньне на радзіму было б сымбалічным»
Прафэсар Алесь Смалянчук упэўнены, што месца Кастуся Каліноўскага ў Беларусі.
«Гэта была яго ідэалягічная і рэальная радзіма. Але не ведаю, што ў сёньняшняй сытуацыі будзе з гэтай магілай. І здаецца, пачнуцца ня вельмі прыемныя палітычныя, каляпалітычныя гульні. Я пра гэта думаў у сувязі з чалавекам, пра якога я пішу. Я займаюся гісторыяй Рамана Скірмунта, ягонай біяграфіяй. Таксама магіла ў Парэччы ёсьць, меркаваная магіла, няма дакладнай, але яе можна ўстанавіць.Няма вялікай праблемы знайсьці, дзе пахаваны Раман Скірмунт. Некалькі разоў даходзіў да гэтай праблемы і думаў — навошта? А што будзе потым?
То бок у ідэале мы за тое, каб Каліноўскі быў пахаваны, безумоўна, у Беларусі. Такое вяртаньне на радзіму было б сымбалічным у нейкім сэнсе. Але тут могуць быць нейкія праблемы, зь якімі цяжка будзе справіцца грамадзкасьці. Напрыклад тое, дзе ён павінен быць пахаваны. Тут адразу пачнуцца спрэчкі.
Ён нацыянальны герой і павінен быць пахаваны ў сталіцы на нейкім высокім кургане. Гэта месца павінна быць сымбалічным у вялікай ступені. Думаю, калі ў склад камісіі ўвойдуць прадстаўнікі дзяржаўнай улады, то гэта будзе нешта ў раёне Сьвіслачы, дзе-небудзь у лесе».
Астаповіч: «Трэба шукаць кансэнсус паміж беларусамі і літоўцамі»
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч кажа, а чаму Кастусь Каліноўскі павінен быць пахаваны менавіта ў Беларусі, чаму не ў Літве?
«Ён там быў страчаны, прысуд прыведзены ў выкананьне. На могілках Роса можна было б пахаваць. Ён нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і Літвы. Давайце разглядаць Каліноўскага, кім ён быў сапраўды. Ён быў у першую чаргу літвінам, у другую —прыхільнікам Рэчы Паспалітай, дзе адроджанае Вялікае Княства Літоўскае павінна было быць. Ён не змагаўся за Беларусь, ён змагаўся за Вялікае Княства Літоўскае. І таму казаць, ці ён павінен быць абавязкова пахаваны ў Беларусі — гэта таксама трошкі неправамерна. Трэба шукаць кансэнсус паміж намі і літоўцамі».
Астаповіч мяркуе, што парэшткі Кастуся Каліноўскага могуць быць пахаваныя на радзіме.
«Мастаўляны — гэта Польшча. Ці то ў Мастаўлянах, ці то ў Якушоўцы, ці то ў Сьвіслачы, побач са сваім братам. Калі ў Літве, то могілкі Роса. Наогул я невялікі спэцыяліст па Каліноўскім. Калі б было вядома, дзе знаходзіцца фамільны склеп Каліноўскіх, калі такі наогул існуе, то было б лепей у сямейным склепе, на сямейных могілках пахаваць. Яшчэ з часоў Савецкага Саюзу ў мяне была такая думка. Чаму ўсіх выдатных дзеячаў Савецкага Саюзу цягнуць да Крамлёўскай сьцяны? Чаму не хаваць менавіта на радзіме? Гэта больш па-чалавечы, гэта больш натуральна».
Антон Астаповіч сказаў, што працэдура эксгумацыі і генэтычнай экспэртызы парэшткаў брата Кастуся Каліноўскага Віктара, пахаванага ў Сьвілачы, простая.
«Тым, што ў зямлі мае ўзрост больш за 120 гадоў, займаюцца толькі археолягі. Толькі з дазволу Нацыянальнай акадэміі навук павінен быць вызначаны спэцыяліст, на якога мусіць быць аформлены адкрыты ліст, дазвол НАН. Але гэта толькі спэцыяліст, кваліфікаваны археоляг, з дазволу Акадэміі навук. Гэта не абавязкова Інстытут гісторыі. Любы археоляг, які мае права на атрыманьне дазволу на археалягічныя раскопкі. Прынамсі, эксгумацыя павінна рабіцца пад яго кантролем.
Таксама абавязковы дазвол мясцовых уладаў, бо тут яшчэ дзейнічае закон аб пахаваньні і пахавальнай справе Рэспублікі Беларусь. Трэба прайсьці ўсю працэдуру. Але на гэту магілу не распаўсюджваюцца палажэньні Кодэксу аб культуры, а менавіта закону аб пахаваньні і пахавальнай справе. І калі пачнуць рабіць эксгумацыю, то гэта ўжо археалёгія, бо прайшло больш за 120 гадоў», — кажа Антон Астаповіч.