Беларусы таксама выразалі твары на гарбузах. Але не на Halloween

30.10.2023 Гісторыя

У Заходняй Еўропе і Амерыцы на свяце Halloween зарабляюць, у Беларусі і Расіі яго спрабуюць забараніць. Адзін з галоўных атрыбутаў гэтага дня — гарбуз з выразаным тварам і свечкай унутры. Свяцільнікі з гародніны сустракаюцца ў розных народаў на розныя каляндарныя святы, і нават у беларускай традыцыйнай культуры — не такая і рэдкасць. На якое свята і для чаго беларусы рабілі гарбузовыя свяцільні, распавядаем у артыкуле.


1_2023-10-06_Galeria Polnocna_A.Laszkiewicz_10.jpg
Гарбузовая інсталяцыя ў адным з гандлёвых цэнтраў Варшавы. Кастрычнік 2023 г.

Што такое Halloween і прычым тут гарбузы

Дахрысціянскае кельцкае свята збору ўраджаю Самайн пад уплывам каталіцызму трансфармавалася ў Halloween, супаўшы па даце з пярэдаднем Дня ўсіх святых. У гэты дзень (ці 2 лістапада, у Дзень усіх памерлых) увесь каталіцкі свет ушаноўвае нябожчыкаў. У праваслаўных таксама ёсць традыцыя восеньскага памінання продкаў, але ў розных мясцінах гэта адбываецца ў розныя даты. Напрыклад, у беларускіх лакальных традыцыях акрамя шырока, але не паўсюдна вядомых Змітраўскіх Дзядоў (першая субота лістапада) сустракаюцца Узвіжанскія, Пакроўскія, Міхайлаўскія, Піліпаўскія (адзначаюцца ў верасні — лістападзе).

Найбольш вядомы атрыбут свята Halloween — свяцільня з гарбуза — спалучае ў сабе сімволіку сабранага ўраджаю і памінання продкаў (галава мерцвяка). Выразаць гарбузы ірландцы пачалі толькі пасля перасялення ў Амерыку. Да таго свяцільні рабілі з гародніны, якая расла ў Еўропе да адкрыцця Новага Свету. 

7_2023-10-06_Galeria Polnocna_A.Laszkiewicz_36.jpg
Гарбузовая інсталяцыя ў адным з гандлёвых цэнтраў Варшавы. Кастрычнік 2023 г.

Свяцільня з гародніны ў іншых народаў

Выразанне з гарбуза ці іншай гародніны (бруквы, кабачкоў, рэпы, турнэпсу, буракоў) згадваецца ў Шатландыі, Чэхіі, Славакіі, Швейцарыі, Германіі, Аўстрыі, Украіне, Расіі. 

Свяцільню выкарыстоўвалі падчас рытуальнага абыходу дамоў ці каб пужаць мінакоў. Мабыць, яна сімвалічна пазначала прыход продкаў у «гэты» свет у цёмныя, змрочныя ночы. Лічыцца, што першапачаткова пужанне «галавой мерцвяка» мела рытуальны характар і было прымеркавана да каляндарных свят, але з часам стала проста забавай, якая адбывалася ў любы час.

«Мярцвяцкая ліхтарня» ў апісанні Часлава Пяткевіча

Этнограф і фалькларыст Часлаў Пяткевіч у кнізе «Грамадская культура Рэчыцкага Палесся» апісвае мярцвяцкую ліхтарню з выразанага гарбуза, якую насілі ўвосень і на Масленіцу: «З гарбуза велічынёю прыблізна галавы чалавека пасля адразання з боку кветкі каля адной пятай часткі ўсёй яе даўжыні выразаюць з дапамогаю аднаручнай склобкі, пакідаючы толькі як мага танчэйшую цвёрдую скарынку, у якой праразаюць дзіркі, нібы два вокі, нос і губы з зубамі. У ніжнюю дзірку гарбуза ўстаўляюць драўлянае дэнца з запаленай васковай свечкай, а карэньчык зверху служыць рукаяткаю пры нашэнні гэтага ліхтара. 

2_miartvieckaja lichtarnia.jpg
«Мярцвяцкая ліхтарня» з кнігі Часлава Пяткевіча «Грамадская культура Рэчыцкага Палесся»

Полымя свечкі слаба асвятляе ўсю тонкую шкарлупіну, і на гэтым фоне яскрава выдзяляюцца ўсе адтуліны, робячыся падобнымі да галавы мерцвяка. Яна служыць для таго, каб падурыцца падлеткам падчас цёмных восеньскіх вечароў; на масляным жа тыдні яе, каб папужаць, выкарыстоўваюць і старэйшыя дзецюкі. Штукар альбо шалапут носіць яе з запаленай свечкай пад крысом, каб неспадзявана паказаць яе каму-небудзь спатканаму, які заўсёды мусіць сплюнуць і прабурчэць: Згінь ты, прападзі, нячыстая сіла! Паказваюць яе, таксама знянацку, праз вакно сабраным у хаце на вечарынцы. Іншым часам падлеткі сумесна падпільноўваюць паблізу могілак людзей, што вяртаюцца познім вечарам з кірмаша, каб ім раптоўна паказаць ліхтарню, стварыўшы хвіліннае замяшанне».

Гэта звесткі, якія аўтар памятае з дзяцінства і маладосці. Часлаў Пяткевіч нарадзіўся ў 1856 г. у вёсцы Бабчын (цяпер Хойніцкі раён), працаваў на Палессі і пакінуў гэты край у 1887 г. Рабіць этнаграфічныя нататкі пачаў з 1912 г. па памяці, пасля сустрэчы з польскім этнографам Казімірам Машыньскім.

Свяцільні з гародніны на Каляды

У сучасных запісах пра нашэнне свяцільні з гародніны ў Беларусі шмат звестак прымеркавана да Калядаў. 

3_2020-01-13_Razdzialaviczy_A.Leshkevich_0075.jpg
Калядаванне ў Раздзялавічах Ганцавіцкага раёна 13 студзеня 2020 г.

Вось што распавяла жыхарка Новай Ёлчы Брагінскага раёна студэнтам і выкладчыкам Гомельскага ўніверсітэта:

— Гарбуз выразалі: вочы, зубы. І запальвалі свечку. Так эта перад Новым годам з трынаццатага па чатырнаццатага. Свечку ў гарбуз, тады і вочы, і рот відныя. Спявалі песні. «Дзе каза нагою, там жыта капою…»

А гэта — расповед з вёсцкі Ігаўка Добрушскага раёна:

— На Новы год, пад 13 студзеня, дзелалі фанары з буракоў, унутры  ўсё выразалі і ставілі туды свечку. Гэты бурак свяціўся. А дзелалі гэта для таго, каб бачылі, што ідуць калядоўшчыкі.

Звесткі пра свяцільню з гарбуза на Каляды ў вёсцы Выступовічы Оўруцкага раёна Украіны, на самай мяжы з Гомельшчынай, захоўваюцца ў Палескім архіве расійскай Акадэміі навук. Гарбуз бралі з сабой, водзячы Казу, Мядзведзя, Бусла і Ваўка.

Калядаванне з гарбузом у Раздзялавічах

Аўтарцы гэтага тэксту пашанцавала зафіксаваць калядаванне з гарбузовай свяцільняй у Раздзялавічах Ганцавіцкага раёна 13 студзеня 2020 г.

4_2020-01-13_Razdzialaviczy_A.Leshkevich_0076.jpg
Калядаванне ў Раздзялавічах Ганцавіцкага раёна 13 студзеня 2020 г.

Увечары напярэдадні Старога Новага года гурт работнікаў культуры ходзіць па вёсцы з выдзеўбаным гарбузом, у якім выразаны твар, а ўнутры гарыць свечка. Старэйшыя жыхары Раздзялавічаў ужо не робяць калядны абыход па стане здароўя, таму эстафету перанялі работнікі культуры. 


Як распавяла Ганна Васільеўна Варэйка, 1939 года нараджэння, у час яе маладосці шчадравалі жанатыя, але нестарыя людзі. Кожны калядны гурт займаў сваю вуліцу і насіў уласны гарбуз. Выразалі яго за пару дзён да 13 студзеня, захоўвалі ў холадзе. Сорт гародніны раней быў іншы: плады меншыя і ў паскі. 

5_2020-01-13_Razdzialaviczy_A.Leshkevich_0074.jpg
Калядаванне ў Раздзялавічах Ганцавіцкага раёна 13 студзеня 2020 г.

Цяпер выкарыстоўваюць кармавыя вялікія гарбузы. У плод утыкаюць галінкі хвоі ці яліны, мацуюць стужкі і фабрычныя штучныя кветкі (раней іх рабілі ўласнаруч з паперы). Гарбузу завязваюць вялікі бант ці хустку.


Падчас абыходу таго, хто нёс гарбуз (раней звычайна гэта быў мужчына), запускалі ў хату першым. У сянях запальвалі свечку ўнутры канструкцыі. Велічалі гаспадароў песнямі. Не пераапраналіся ў калядных персанажаў. Чалавек з гарбузом першым і выходзіў з хаты.

Адкалядаваўшы 13 студзеня, гарбуз захоўвалі да 21-га, каб на Па(а)бед-Каляду скарміць карове. Адна з наведанных каляднікамі ў 2020 г. гаспадынь сказала:

— Прынясіце мне свайго гарбуза, я карове аддам.

Па адной з версій жыхароў Раздзялавічаў, традыцыя хадзіць на Каляды з гарбузом з’явілася ў вёсцы ў першай палове ХХ ст. разам з землякамі, якія вярталіся з работ у Аргентыне. Але на карысць таго, што з’ява мясцовага паходжання, сведчаць падобныя звычаі ў іншых беларускіх вёсках.

6_2023-10-06_Galeria Polnocna_A.Laszkiewicz_5.jpg
Гарбузовая інсталяцыя ў адным з гандлёвых цэнтраў Варшавы. Кастрычнік 2023 г.

Свяцільні з гарбуза ў гарадах — проста забаўка

Шэраг звестак, якія атрымалася знайсці ў сацсетках, сведчыць на карысць таго, што перад- і пасляваенныя пакаленні гарадскіх падлеткаў бавілася з гарбузамі, не прымяркоўваючы гэта дзеянне да якога-кольвек каляндарнага свята.

Перад Другой сусветнай вайной на ўскрайку Бабруйска падлеткі насілі гарбуз са свечкай унутры па сваёй вуліцы. Гэта адбывалася на пачатку зімы. У хаты яны не заходзілі. 

У даваенны час гарбуз са свечкай насіла моладзь у Нясвіжы, пужаючы сустрэчных.

У Гомелі ў другой палове 1950-х хлопцы выразалі з гарбуза галаву, у якую стаўлялі свечку. Гэта адбывалася ўвосень, калі ёсць свежы ўраджай гародніны.

— І яшчэ зубы рабілі, а ў вочы стаўлялі чырвонае шкельца, каб страшней было, — расказвае ўдзельнік тых падзей. 

Для артыкула выкарыстаны тэкст, апублікаваны ў кніжцы Алены Ляшкевіч «Традыцыйны каляндар. Нарысы»

Алена Ляшкевіч, budzma.org

Фота і відэа аўтаркі