• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
03.12.2022 | Грамадства Тэатр

Творчасць мастачкі тэатра лялек Людмілы Скітовіч

У стварэнні спектакля для тэатра лялек вельмі шмат ручной працы. І гэта не толькі дэкарацыі, рэквізіт і касцюмы — гэта яшчэ і галоўныя персанажы спектакля — лялькі. Каб крыху болей даведацца пра таямнічы працэс стварэння спектакля, з Людмілай Скітовіч — мастаком-пастаноўшчыкам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, сустрэўся і паразмаўляў ALOVAK.


305.jpg

Як стаць мастаком-пастаноўшчыкам тэатра лялек 

Мне ў дзяцінстве падарылі набор чэшскіх паштовак — і там быў кардонны тэатр лялек. Калі я прыйшла паступаць у Акадэмію мастацтваў, я ўзгадала менавіта гэты момант, і таму абрала спецыяльнасць, звязаную з тэатрам лялек.

Вучоба у вышэйшай установе каштоўная тым, што ты маеш шчасце быць вучнем таленавiтых выкладчыкаў, якія перадаюць досвед працы на тэатральнай сцэне. Вядома, у любой творчай спецыяльнасцi iснуюць саматужныя майстры, для якiх адукацыяй становіцца творчая практыка. А практычны досвед і вырашае творчае развiццё ў прафесii. Мне, дзякуй Богу, пашанцавала атрымаць адукацыю ў Акадэміі мастацтваў і пераняць досвед у вельмi моцных выкладчыкаў і практыкаў сцэны: у мастака-пастаноўшчыка i кiраўнiка курса Алiны Фамiной i рэжысёра Аляксея Ляляўскага.

306.jpg
Сцэна са спектакля «Тута Карлсан. Першая і адзіная» паводле казкі Яна Экхольма (рэжысёр — Кацярына Бялевiч-Ложкiна, мастак — Людміла Скітовіч, кампазітар — Леанiд Паўлёнак)

Мая задача падчас стварэння спектакля — пад непасрэдным кiраўнiцтвам рэжысёра прыдумаць вiзуальны вобраз спектакля (эскiзы лялек і дэкарацый, эскiзы рэквiзiту і касцюмаў для актораў) і распрацаваць тэхнічную частку спектакля (макет і габарытныя схемы-чарцяжы). Уся праца над стварэннем вiзуальнага вобразу спектакля звязана з выбарам рэжысёра, менавiта рэжысёр накiроўвае працу мастака-пастаноўшчыка.

Як нараджаецца спектакль

Звычайна рэжысёр вызначае, якую п’есу ён хоча паставiць i каго з мастакоў i кампазітараў запрасiць. Пасля запрашэння мне як мастаку даецца час пачытаць п’есу, падумаць, памаляваць. Калі нараджаецца першая партыя малюнкаў-думак, мы сустракаемся з рэжысёрам. Важна, каб да першай сустрэчы з рэжысёрам я ўжо мела сваё бачанне будучага спектакля.

307.jpg
Кароль на прэм’еры спектакля «На маёй планеце» паводле казкі «Маленькі прынц» Антуана дэ Сэнт Экзюпэры (рэжысёр — Кацярына Ложкіна-Бялевіч, мастак — Людміла Скітовіч, кампазітар — Леанід Паўлёнак)

Рэжысёрская задума спектакля — гэта адказ рэжысёра на пытанне: «Дзеля чаго я стаўлю гэтую п’есу сёння?» На першай сустрэчы рэжысёр разглядае эскiзы i распавядае пра сваю задуму. Бывае, што пэўная колькасьць маіх эскiзаў адразу прыходзіцца даспадобы рэжысёру і адпавядае рэжысёрскай задуме спектакля. Далей адбываецца маляванне i працяглыя сустрэчы-размовы з рэжысёрам.

Калi праект распрацаваны, мы выходзiм на мастацкую раду тэатра. Рэжысёр распавядае пра сваю задуму, я раскладваю эскiзы дэкарацый, лялек, касцюмаў, малюнкi рэквiзiту i рэчаў, якiя будуць на сцэне. Паказваю макет, на якім у паменшаным выглядзе можна разглядзець сцэнаграфiю будучага спектакля. Часцей робіцца нават не макет, а раскадроўкi па сцэнах. Пасля рады мастаку даюць час на падрыхтоўку тэхнiчных схемаў-чарцяжоў і рэалізацыі ідэй у мастацкім цэху.

308.jpg

Паралельна распачынаюцца чыткi п’есы з акторамі, абмеркаванне задумы спектакля і яе рэалізацыі. Робiцца выгарадка дэкарацый на сцэне. Тымчасова, з падручных матэрыялаў, але натуральнага памеру, каб яшчэ раз спраўдзіць прапорцыі. Пакуль ідуць рэпетыцыі, распачынаецца выраб дэкарацый, лялек, рэквiзiту, касцюмаў для актораў. Калі ўсё падрыхтавана, рэпетыцыi праходзяць ужо ў рэальных дэкарацыях, з лялькамi. Тэкст вучыцца на памяць толькi тады, калi лялька з’яўляецца ў руках актора. Шукаецца рух лялькi, удакладняецца механiка кiравання лялькай, каб актору было зручна. Напрыканцы апранаюцца касцюмы, каб даць актору «абжыць» свой касцюм, прызвычаiцца да яго. Далей прагоны, выстаўленне святла. Усе рэпетыцыi адбываюцца з аўтарскай музыкай кампазітара. Далей прыём, абмеркаванне спектакля на мастацкай радзе — і прэм’ера!

309.jpg
Сцэна са спектакля «Птушкі» паводле п’есы Арыстафана (рэжысёр — Аляксей Ляляўскi, мастак — Людміла Скітовіч, кампазітар — Леанiд Паўлёнак)

Як ствараюцца лялькі да спектакляў

Спачатку малююцца некалькi варыянтаў — і рэжысёр абірае з іх. Часам рэжысёр можа сам запрапанаваць пэўную сiстэму лялек: ці тое будзе марыянетка, ці планшэтная, цi пальчаткавая, ці штокавая, а мо тэатр ценяў. Далей iдзе распрацоўка, мы шукаем вобраз, стылістыку і прастору. У мастака мусіць быць рэжысёрскае мысленне.

310.jpg
Лялькі да спектакляў Mann ist Mann і «На маёй планеце»

У дзяржаўных тэатрах iснуюць майстэрнi. Заўсёды далучаюся да нашай агульнай працы па стварэннi спектакля. Часам, калi спектакль робiцца ў прыватным тэатры, то лялькі я раблю сама ў сваёй майстэрні. Самастойная скульптурная лепка, выклейка пап’е-машэ, аздабленне. А вось механiку часцей за усё замаўляю. Тут патрэбныя мужчынскія інжынерныя рукi.

311.jpg

312.jpg
Працэс працы над лялькамі да спектакля «Мёртвыя душы» (фота з архіву гераіні)

Як ствараўся спектакль пра Маленькага Прынца

Шмат чаго я раблю сваімі рукамі разам з тэатральнымі цэхамі — у самых розных тэхніках. Напрыклад, для спектакля «На маёй планеце» Маленькі прынц быў створаны з паралону, потым лямцам абкладзены, панчохай абцягнуты, а потым у пральную машыну яго — у выніку ўсё ўтрамбоўваецца, як валёнак, потым здымаецца панчоха і атрымліваецца лялька. Лямец — вельмі цёплы матэрыял, хатні, вось і выйшаў такі мілы Маленькі Прынц.

Шторазу я шукаю тэхніку, у якой могуць быць створаныя лялькі. Напрыклад, мы ў спектаклі пра Маленькага Прынца хацелі яшчэ скарыстаць іншую тэхніку — намаляваць лялькі на тканіне.

314.jpg

Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры блізкi мне па настроi аўтар i чалавек. Таму стварэнне спектакля «На маёй планеце» было наскрозь прасякнута ягонай асобай. Праз ягоныя творы і ягоную бiяграфiю я мела натхненне і фантазiю, адтуль чэрпала ўсе вобразы. Напрыклад, у спектаклі фігуруе маленькае крэселка. Калі Антуан быў маленькім, у яго было сваё крэселка. Ён хадзіў за мамай з гэтым крэселкам і сядаў каля яе паслухаць казкі. Ён жа казаў, што ён родам з дзяцінства. І героі спектакля — яны ўсе адтуль.

І вось, напрыклад, апельсін у спектаклі нездарма. Аказваецца, калі Экзюпэры пацярпеў крушэнне на сваім самалёце ў пустыні, у яго з сабой заставаўся адзін апельсін. А парашут за ноч набрыняў расой, і на раніцу ён выціскаў яго, каб крыху спатоліць смагу.

315.jpg

316.jpg 
   Фота са спектакля «На маёй планеце» паводле казкі «Маленькі прынц» Антуана дэ Сэнт Экзюпэры (рэжысёр — Кацярына Ложкіна-Бялевіч, мастак — Людміла Скітовіч, кампазітар — Леанід Паўлёнак)

Пра ўлюбёныя спектаклі

Напэўна, за плячыма ўжо каля 40 спектакляў. Крыху болей за палову з iх для дзетак. Былі спектаклi i ў драматычных тэатрах. Працавала у першую чаргу дома, у Беларусi, але ёсць некалькі спектакляў у любай Украiне, пэўная колькасць у Расеi, тры спектаклi ў Нямеччыне, адзiн, як падарунак лёсу, у Славенii.

Сярод пастаўленых спектакляў цяжка абраць самыя-самыя. Я і «Туту Карлсан» вельмі люблю, і ў спектакль «На маёй планеце» шмат душы ўкладзена, і вельмі важны для мяне спектакль Mann ist Mann — ён пра тое, як чалавека лёгка ператварыць у машыну для забойства.

Калі мы ствараем спектакль для замежнай краіны, то працуем дыстанцыйна, робім лялькі тут, а потым усё цягнем ў валізках і на месцы ствараем дэкарацыі. Такім чынам я сваіх лялек адпускаю у свет. У мяне дома амаль нічога не застаецца, апроч эскізаў у тэчках. Адзінае, нядаўна я стала дубляваць свае лялькі і складваць дублі ў шафу, каб потым, магчыма, зрабіць выставу лялек.

317.jpg
Фота са спектакля Mann ist Mann паводле п’есы Бертольта Брэхта (рэжысёр — Аляксей Ляляўскi, мастак — Людміла Скітовіч, кампазітар — Леанiд Паўлёнак)

Пра натхненне і мару

Я чэрпаю натхненне ад асобы драматурга і ад размоваў з рэжысёрам. Спектакль — гэта сукупнасць аўтарскага матэрыялу, погляду рэжысёра, мастака, кампазітара, а потым яшчэ і акторскага бачання. Спектакль праходзіць праз прызму кожнага чалавека, які ўдзельнічае ў стварэнні спектакля.

318.jpg
Сцэна са спектакля «Евангелле ад Іуды» паводле рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча (рэжысёр — Аляксей Ляляўскі, мастак — Людміла Скітовіч, кампазітар — Леанід Паўлёнак)

Вядома, я сачу за працамі замежных калег. Мне асаблiва даспадобы мастак і рэжысёр Пiтэр Шуман і яго амерыканскi тэатр Bread and Puppet. Таксама ў захапленнi ад творчасцi амерыканскага рэжысёра и сцэнографа Роберта Ўілсана. Вялікi ўплыў на мяне мела i мае творчасць польскага рэжысёра і мастака Тадэвуша Кантара.

Калі казаць пра мары і планы на будучыню, у мяне ёсць жаданне зрабiць асабiсты перасоўны спектакль, якi iлюстратыўным шляхам будзе распавядаць гiсторыю Беларусi. І паехаць з iм па вёсках i мястэчках Беларусi. Такiм вольным хатнiм праектам, як мы рабілі з нашым аматарскім «Крывым тэатрам», калі я яшчэ працавала настаўніцай у гімназіі. Мы ставілі спектакль тэатра ценяў пра падзеі ў Крэўскім замку, ездзілі на разваліны ў Крэва, было шмат святла ад паходняў і жывой музыкі — і ўсё гэта на фоне крэўскіх муроў. Нешта такое хочацца рэалізаваць. Нанова.

Як стварыць хатні тэатр ценяў: мастар-клас ад Людмілы Скітовіч

Лайфхак 1. Экран для хатняга тэатру ценяў можна стварыць з карціннай рамы любога памеру або нават каробкі ад цукерак. Замест палатна для жывапісу прымацаваць да рамы ці каробкі аркуш белай паперы ці тканіны. У выпадку з каробкай экран давядзецца выразаць у яе донцы або накрыўцы. Пажадана прыкруціць ножку-апору або прадугледзець іншае апірышча, каб зафіксаваць экран і не трымаць яго падчас тэатральнага дзеяння.

319.jpg

Лайфхак 2. Лялек можна намаляваць і выразаць са звычайнага кардону.

320.jpg

Лайфхак 3. Лялькі могуць быць выкананыя ў рознай тэхніцы і матэрыялах. Можна нават не браць каляровы кардон, а парэзаць кардонную тэчку і пры неабходнасці скарыстацца фарбамі, калi разам з кардонам выкарыстоўваецца тканiна.

321.jpg

Лайфхак 4. Можна ўзяць для стварэння лялек і пластыкавыя тэчкі — яны прыдадуць фарбаў героям і дэкарацыям.

322.jpg

Лайфхак 5. На пластыку можна маляваць фарбай, а потым сашкрабаць яе для атрымання контураў і фактуры лялькі.

323.jpg

Лайфхак 6. Да лялек трэба прымацаваць клеем ці скотчам палачкі кіравання, якія можна зрабіць з экалагічных саломінак ці дроту. Для рухавасці можна сабраць ляльку з частак і няжорстка злучыць іх пры дапамозе вузельчыкаў вяроўкі.

324.jpg

325.jpg

Лайфхак 7. Прапануйце дзецям самастойна намаляваць лялькі і прыдумаць сюжэт. Як варыянт, вы можаце натхніцца улюбёнай казкай — і паводле гэтай гісторыі стварыць герояў і паказаць спектакль у сямейным коле ці для гасцей.

326.jpg

Тэкст: Паліна Маслянкова, фота: Марыя Сонгаль, архіў гераіні і Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, alovakmag.by

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі

Балота — адметнасць беларускага ландшафту, ці не вызначальная рыса беларускай прыроды. Таямнічы і жудасны свет,...

valiancina_shauchenka
Культура Гісторыя

Увесь музей толькі для вас! Літаратурны музей Петруся Броўкі праводзіць розыгрыш да Дня ўсіх закаханых

Засталося ўсяго два тыдні да самага рамантычнага дня ў годзе ‒ Дня ўсіх закаханых. Традыцыйна Літаратурны музей Петруся...

valiancina_shauchenka
Грамадства Музыка

Затрыманыя вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка

27 студзеня ў Гомелі міліцыяй былі затрыманыя вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка Вікторыя...

valiancina_shauchenka
Літаратура Беларуская мова

«Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа»

У Выдавецкім доме «Звязда» падрыхтавана да друку чарговае, трэцяе па ліку, выданне маляўніча аформленай кнігі —...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі
    Культура Гісторыя
    Увесь музей толькі для вас! Літаратурны музей Петруся Броўкі праводзіць розыгрыш да Дня ўсіх закаханых
    Грамадства Музыка
    Затрыманыя вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка
    Літаратура Беларуская мова
    «Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа»
    Грамадства
    «Сяргей можа застацца без лекаў...». Аляксандр Сацук распавёў пра апошнія навіны ад брата
    Адукацыя
    ЕГУ абвясціў імя новага рэктара
    Літаратура
    «Не забывай, што ў любую хвіліну можа выскачыць з канапель рабая свіння». Што раілі беларускія класікі маладым пісьменнікам
    Грамадства Гісторыя
    Слонімскую сінагогу зноў выставяць на аўкцыён
    Культура Грамадства Гісторыя
    У Мсціславе ў гэтым годзе прыступяць да рэканструкцыі забудовы XII-XIV стагоддзяў на Замкавай гары
    Культура Грамадства
    На вышытай мапе Беларусі кожны рэгіён будзе прадстаўлены сваімі этнаграфічнымі славутасцямі
    Музыка «Музыка»
    «Гэта нас натхніла і працягвае натхняць». Топ беларускіх трэкаў ад гурта «Puaro»
    Грамадства Адукацыя
    «Васьміног» абвяшчае конкурс на атрыманне грантаў для адукацыйных праектаў, якія дапамогуць школьнікам і рэпрэсаваным настаўнікам
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў 4-5 лютага
    Грамадства Тэхналогіі
    Эксперты: Трымайцеся падалей ад расійскіх анлайн-сервісаў
    Культура Грамадства
    Слуцкі пояс і саломка – зацверджаны лагатып сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі

Афіша

  • 10.02 — 12.02

    Паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова ў Вільні

  • 03.02 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 03.02 — 05.02Выстава Наталлі Разуменка ў Мінску
  • 03.02 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 03.02 — 26.02Выстава айца Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» ў Віцебску
  • 03.02 — 27.02Зімовая выстава ў Мінску
  • 03.02 — 26.02«Самародак з Рагачова». Выстава Анатоля Каплана ў Гомелі
  • 03.02 — 28.02Выстава выцінанкі «Зімовыя цуды» ў Маладзечне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Цяпер у мяне ёсць месца, дзе я магу быць шчырай і не думаць пра тое, каб выжыць»: актрыса Святлана Зелянкоўская адкрыла ў Варшаве тэатр-студыю
    • Каго хаваў пад маскамі сваіх герояў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч?
    • «У 73 гады паехала скараць Берлін». Як баба Каця зрабіла вёску вядомай на ўвесь свет
    • Ён, яна і старажытны дуб. Вальс «1863» стаў кліпам да дня народзінаў Каліноўскага
    • Эксперты: Трымайцеся падалей ад расійскіх анлайн-сервісаў
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип