Прэзентацыя кнігі пра Уладзіміра Караткевіча сабрала вялікую аўдыторыю 19 снежня ў бабруйскім філіяле Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта адбылася прэзентацыя новай кнігі доктара філалагічных навук Аляксея Ненадаўца «Уладзiмiр Караткевiч: прырода, фальклор i творца».
Кніга прафесара, загадчыка кафедры грамадскіх дысцыплін і права бабруйскай ВНУ выйшла ў лістападзе ў мінскім выдавецтве «Беларуская навука» паўтысячным накладам. Па словах аўтара, амаль увесь наклад ужо разышоўся і, калі камусьці пашчасціць набыць кнігу ў краме, гэта будзе вялікай удачай…
Сама прэзентацыя доўжылася амаль гадзіну і сабрала ў вялікай студэнцкай аўдыторыі шмат людзей. Большасць прысутных на імпрэзе – студэнты БДЭУ і старшакласнікі. Апошняя акалічнасць некаторых выступоўцаў збіла з панталыку, так што, часам мерапрыемства больш нагадвала прэзентацыю ВНУ…
Але ў зале хапала і прыхільнікаў таленту, як аўтара кнігі, так і выбітнага беларускага пісьменніка, якому гэты труд быў прысвечаны. Свайго калегу з вялікай цеплынёй прадставілі супрацоўнікі універсітэта і непасрэдна – кафедры грамадскіх дысцыплін і права. Слова з гэтай нагоды трымалі Алена Цёсава, Ігар Грэбенчук, Людзміла Паўлава… А ўжо потым пра сваю кнігу распавёў сам Аляксей Міхайлавіч. Вельмі цікава было пачуць не толькі гісторыю яе стварэння, але і адказы на пытанні аўдыторыі: напрыклад, аповед пра дзве сустрэчы з пісьменнікам (аўтар быў асабіста знаёмы з Уладзімірам Караткевічам).
Выданне кнігі Аляксей Ненадавец прымеркаваў да 85-годдзя з дня нараджэння Караткевіча. Па заканчэнні прэзентацыі утварылася сапраўдная чарга па аўтографы да аўтара. Усе засталіся задаволеныя.
Антон Пуціла
babruysk.by