У калекцыі музея Максіма Багдановіча з’явіліся лісты Зоські Верас

04.10.2012 Культура

Частку сваёй асабістай перапіскі з пісьменніцай у дар музею перадаў гродзенскі кампазітар Яўген Петрашэвіч.

У фонды трапілі 5 лістоў, 2 паштоўкі і кніга з аўтографам Зоські Верас.

Яўген Петрашэвіч: “Я спаткаўся з Зоськай Верас дзесьці ў 1963-ім годзе ў Гудзевічах, у маёго дваюраднага брата Алеся Белакоза. Яна прыязджала з сваім пляменнікам. Некалькі дзён мы правялі ў Гудзевічах, мелі вельмі цікавыя гутаркі. Яна многа распавядала пра гарадзенскія суполкі, у якіх калісьці ўдзельнічала: як праводзілі вечарыны, бавілі час, марылі”.

Пасля гэтай адзінай сустрэчы пачалася перапіска, якая доўжылася больш за 20 гадоў.

Яўген Петрашэвіч: “Мы віншавалі адзін аднаго са святамі, Зоська Верас дасылала тэксты песень, якія збірала як фалькларыстка, даслала сваю песьню “Не кукуй зязюленька так раненька”. Гэта была вельмі яркая асоба ў Беларусі, вельмі добры чалавек. А кожны добры чалавек павінен мець пра сябе песьню. Вось я зрабіў песьню на ўласныя словы “Беларусачка Зоська Верас”.

Прэм’ера песьні адбудзецца сёння на вечарыне, якую Гродзенскі музей Максіма Багдановіча ладзіць у памяць Зоські Верас у памяшканні Гродзенскай выставачнай залі.

Кася Крот, Твой Стыль
Здымак: tutgrodno.com