Ён створаны дзякуючы знакамітаму настаўніку і краязнаўцу Вітольду Ермалёнку.
Вітольд Антонавіч Ермалёнак больш за сорак гадоў працуе настаўнікам гісторыі ў Мёрах. У 1984 годзе ён стварыў гісторыка-этнаграфічны музей у сярэдняй школе №3, які смела можна назваць адным з лепшых школьных музеяў краіны. Не так даўно былі створаныя музей кнігі і друку і музей адукацыі.
Задума стварыць музей “Сялянская хата” ўзнікла амаль дзесяць гадоў таму, але хутка ажыццявіць задуму перашкаджала адсутнасць сродкаў. Але дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва раёна і сваёй працы гэты музей паўстаў. Па словах спадара Ермалёнка, гэты музей патрэбны, каб паказаць дзецям, як нашы продкі малолі зерне, як пяклі хлеб і бліны, як апрацоўвалі лён. “Бо ўжо вырасла пакаленне, якое не ведае, што такое серп, газавая лямпа, а мы ж яшчэ не так даўно гэтым карысталіся, мне самому прыходзілася і жаць сярпом, і рабіць урокі пры святле лямпы,” – кажа настаўнік.
На адкрыццё музея сабралася шмат людзей, якія ледзь змясціліся ў прасторнай актавай залі школы. Павіншаваць Вітольда Ермалёнка з адкрыццём музея прыйшлі і прадстаўнікі ўлады на чале з кіраўніком раёна Ігарам Кузняцовым, і былыя вучні, былі нават госці з Латвіі, і, вядома ж, увесь калектыў школы. Шмат хто з гасцей прыйшоў не з пустымі рукамі, а прынёс экспанаты ў новы музей.
Таму, калі будзеце ў Мёрах, абавязкова наведайце “Сялянскую хату”.