Пахаванне часоў Першай сусветнай вайны на могілках у вёсцы Мурава знайшла брыгада “Камунальніка”, паведамляюць “Раённыя будні“.
Сярод карчоў ад спілаваных дрэў і разварушанага грэйдэрам камення налічылі з паўсотні плітак. Частка выкладзена ў радок, частка разрознена ляжыць па ўсёй тэрыторыі. Падобна, ёсць і яшчэ: ажно да старой агароджы могілак яўна бачны абрысы іншых радоў. Але ж каб даведацца, ці скрыта што зямлёй, трэба праводзіць раскопкі.
Мураўскі старажыл патлумачыў журналістам: нямецкае пахаванне знаходзілася непадалёку, каля старой царквы. Калі на яе месцы сталі ўзводзіць клуб, астанкі і пліты перанеслі на могілкі.
Але на самай справе на цэментных плітах – не толькі нямецкія і аўстрыйскія прозвішчы, не толькі даты, што сведчаць аб бойках вясной і летам 1915 года. Тут знайшлі апошні прытулак і салдаты, якія загінулі падчас польска-расійскіх канфліктаў. Вось, напрыклад, надпіс: “Невядомы салдат арміі бальшавіцкай. 23.VII.1920”.
Ірына Сяднёва, Раённыя будні
Тэгі: Пружаншчына