“У суседзяў сотні студый па агучцы кіно на родныя мовы, а ў нас – пустата”

“Крута, што на нашай загучала”, – аднойчы гэта было пачута пасля паказу мультфільма па-беларуску. Атрымліваць у адказ на сваю працу поўную залу – ці толькі для гэтага працуюць перакладчыкі? Мы пагутарылі з тымі, хто непасрэдна задзейнічаны ў гучанні фільмаў на беларускай мове, і даведаліся, як працуе іх сістэма.


 

Кампанія “Кінаконг”, даўно вядомая гледачам па якаснай беларускай агучцы, не першы год збірае аншлаг: квіткі разыходзяцца вельмі хутка, і купіць іх у апошні дзень амаль немагчыма. Хочаш – рыхтуйся загадзя. Пра ўвесь шлях праекта да поспеху распавядае кіраўнік “Кінаконга” Андрэй Кім.

“Як узнікла ідэя? Тут былі дзве нагоды. Па-першае, я падумаў, чаму за столькі гадоў незалежнасці Беларусі ў пракаце не было ніводнага фільма па-беларуску. Па-другое, чаму 90 адсоткаў фільмаў, якія людзі глядзяць у кінатэатрах, такія, што і хадзіць на іх не хочацца? Гэта пры тым, што я ведаю велізарную колькасць сапраўды якасных карцін, якія б варта было паказаць. Першы фільм, за які мы ўзяліся, называўся “Цудоўна ласка”. Ён распавядае гісторыю Уільяма Уілберфорса – чалавека, які доўга змагаўся за адмену рабства ў Вялікабрытаніі і дамогся яе. Крутая і якасная стужка”.

Андрэй расказвае, што каштоўнасны фактар пры адборы фільмаў – гэта самае галоўнае, таму каб трапіць у поле зроку каманды, стужка павінная адпавядаць пэўным крытэрам. “Наша мэта ў тым, – удакладняе Андрэй, – каб чалавеку пасля прагляду захацелася рабіць добрыя рэчы”. Варта зазначыць, што перад паказам фільмаў, што тычацца непасрэдна праблем сацыяльнай тэматыкі, гледачы слухаюць лекцыю ад прафесіянала ў пэўнай галіне (напрыклад, перад фільмам “Добрыя дзеці не плачуць” выступала дасведчаны ўрач-гематолаг Вольга Карась).

На думку Андрэя, пра тое, што беларускае кіно запатрабаванае, пераканаўча сведчаць запоўненыя залы. Дарэчы, паказ стужак адбываецца не толькі ў Мінску – нядаўна і ў Гродне стала можна паглядзець “Маленькага прынца” ў беларускім перакладзе.

На пытанне, ці павялічваецца з кожным разам колькасць гледачоў, кіраўнік “Кінаконга” адказвае так: “Аўдыторыя прырастае больш разнастайнасцю, бо мы кожны раз імкнёмся паказаць новы жанр, таму і прыходзіць шмат людзей. Складана ацаніць дакладна, якім будзе рост аўдыторыі, але з выхадам у рэгіёны нас дакладна робіцца больш”.


 

Адам Трыпутнік, кіраўнік Gavarun_by, таксама займаецца беларускай агучкай. Ён распавядае, чаму вырашыў стварыць праект:

Gavarun_by быў распачаты ў снежні мінулага года. Істотныя прычыны? Для мяне было дзіўна і незразумела, чаму ў Расіі і Украіне існуюць сотні студый, аб’яднанняў і рэліз-суполак па агучцы відэакантэнту на родныя мовы, а ў нас пустата. Гэта нешта таго кшталту, калі ў Вільні заходзіш у кнігарню, а палова крамы заваленая сусветнай літаратурай па-літоўску, у нас жа даводзіцца літаральна паляваць на перакладную мастацкую”.

Калі здаецца, што для паўнавартаснага перакладу стужкі патрэбная вялікая колькасць людзей, Адам запэўнівае: дастаткова трох чалавек. Агучка фільма ідзе на два галасы: мужчынскі і жаночы. Акрамя таго, што ў працэсе запісу пераклад карэктуецца пад працягласць вымаўлення, каб было падабенства пад арыгінал, трэба яшчэ зрабіць і апрацоўку гуку, звесці асобную гукавую дарожку з беларускай агучкай і далучыць яе да відэа. Гэтым займаецца сам Адам.

“Сярод фільмаў мы абіраем тое, што нам даспадобы. Было б дзіўна губляць шмат свайго часу на непрыемныя табе рэчы. Так можна хадзіць толькі на нялюбую працу, каб грошай зарабіць. Стужкі, што выйшлі нядаўна, мы выбіралі разам са спадаром Цімафеем Каліноўскім, з якім апошнім часам Gavarun_by шчыльна супрацоўнічае. Часам людзі і самі дасылаюць свае пераклады, тады ставім іх у чаргу на агучку”.

Цяпер Gavarun_by агучвае міні-серыял, плануе дакументальныя фільмы і навукова-папулярныя праграмы.


 

Акрамя ўжо знакамітых праектаў, накіраваных на распаўсюд стужак для большасці насельніцтва, існуюць і тыя, што ствараюцца для пэўнага кола людзей, і, што цікава, усё больш пачынаюць займацца гэтым юнакі.

Шаснаццацігадовы Уладзіслаў Якаўлеў з Віцебска пачаў ствараць беларускія субтытры для анімэ, калі людзі, што рабілі гэта да яго, спынілі сваю дзейнасць. “Я падумаў: а чаму б мне не працягнуць іх працу, – распавядае Уладзіслаў. – Спачатку знайшоў некалькі людзей, для якіх мая ідэя была цікавай, і мы адразу пачалі працаваць, бо анімэ з субтытрамі існавала зусім мала”.

Акрамя ўдасканалення наяўнай суполкі Belsub, дзе ў абмеркаваннях гледачы просяць хлопцаў перакласці пэўныя рэчы, у планах маленькай каманды Уладзіслава – распрацоўка сайта для свайго кантэнту.

“Чаму для нас гэта важна? Мы проста любім мову, а тое, што мы робім, спрыяе яе папулярызацыі, – тлумачыць хлопец. – Спадзяюся, мы робім карысную справу”.

 

Таццяна Ашуркевіч