• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • Афіша
15.01.2022 | Грамадства Музыка

«Чарговая спроба вызваліць сваё выказванне»: Уладзь Лянкевіч пра новы альбом, «вечную» гісторыю пра дармаедаў і вялікае (не)свядомае музыкі

Псіхадэлік-рок, крыху панку і краут-рок. Новы праект музыкаў Уладзя Лянкевіча і Рамана Жарабцова Syndrom Samazvanca учора, 14 студзеня, прэзентаваў свой альбом Sonk, названы на выдуманай мове бальбута. Памятаеце сінгл «Дармаед», які прагучаў напрыканцы 2021-га? Як кажуць музыкі, будзе яшчэ больш насычана: эмацыйна музыку Sonka можна апісаць як «лямант у пустэльні». «Мы стараліся менш сябе стрымліваць», — удакладняюць творцы.


13.jpg
Раман Жарабцоў (злева) і Уладзь Лянкевіч. Музычны праект Syndrom Samazvanca. Фота: facebook.com/syndromsamazvanca

Напярэдадні выхаду новага рэлізу аглядальніца Reform.by паспела пагутарыць з адным з заснавальнікаў праекта, музыкай і паэтам Уладзем Лянкевічам пра тое, што за сіндром падарыў назву гурту, адкуль узнікла бальбута, і чаму, калі сам штосьці робіш, лепей «анічога не аналізаваць».

«Песень на бальбуце пакуль не будзе»

— Уладзь, што за сіндром такі, які даў назву вашаму праекту?

— Усё значна прасцей: пры выбары назвы гурта мы доўга мучаліся. Альбом зводзіўся — а назвы ўсё не было. Ужо вокладка малявалася , — а назва ўсё не адшуквалася. А потым я прыпомніў раптам, што ёсць такі псіхалагічны тэрмін — сіндром самазванца. І што ў нейкай ступені ён якраз датычыцца нашага пакалення. Такое вечнае апраўданне сваіх поспехаў толькі ўдачамі, нявер’е ва ўласныя сілы. І неяк гэта назва супала: і каларытна гучыць, і файна пішацца — тое, што мы шукалі.

Але, шчыра кажучы, мяркую, што назва можа быць якой заўгодна. Уласна творчасць напаўняе сэнсамі імя гурта: а так можна хоць лічбай назвацца, абрэвіятурай, — з цягам часу, калі ёсць сэнсы ў творчасці, усё «абрасце» значэннямі ды ўсім астатнім.

14.jpg
Вокладка альбома. Крыніца: facebook.com/syndromsamazvanca


— Аднак вы не пайшлі простым шляхам. І ў прыватнасці, альбом назвалі на мове бальбута — мове, прыдуманай беларускім пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам для яго рамана «Сабакі Еўропы». Усё ж такі бачу, што вам не ўсё роўна, як называцца.

— У мяне ёсць проста сантыменты да бальбуты (усміхаецца). Чаму не? Мы часта любім арыентавацца на здабыткі сусветнай культуры. Чамусьці не сорамна браць цытаты ці даты з Сэлінджэра, Шэкспіра ці старажытнагрэцкай драмы — гэта лічыцца нармальным. «О, гэта Гамер, усё крута!» — ніхто не здзіўляецца.

Але і ў нас людзі ствараюць! І мне блізкая такая повязць — лакальная, свая. Ды мне ў прынцыпе падабаецца тое, што робіць Альгерд Бахарэвіч у многіх сваіх іпастасях, ды падабаецца яго раман «Сабакі Еўропы».

— І бальбута цябе захапіла, так?

— Класная штука! Даўно думаў яе неяк выкарыстаць. (На мове бальбута размаўляюць некаторыя персанажы кнігі Альгерада Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Аднак зараз бальбута жыве і па-за межамі рамана — у сацыяльных сетках ёсць суполка прыхільнікаў мовы, якая дае магчымасць вывучаць і карыстацца мовай у рэчаіснасці. Па ідэі аўтара мовы, бальбута задуманая як мова свабоды — заўвага Reform.by).

У нашым альбоме — шэсць трэкаў. І мы хацелі абыграць гэта ў назве, аднак розныя вырыянты ўсё не пасавалі. А потым я паглядзеў у слоўніку бальбуты: і «шэсць» там — цудоўнае слова «sonk», якое ў нечым гучыць і як «song», «песня» — карацей, выглядае вельмі класна. Так і вырашылі, што альбом будзе называцца на бальбуце (усміхаецца).

— А песень на бальбуце не будзе?

— Пакуль не будзе. Усё наперадзе (смяецца). Ведаеш, калі ўжо ўквэцаўся ў гэту бальбуцкую гісторыю, то яна мусіць недзе праскочыць.

15.jpg
Уладзь Лянкевіч і Раман Жарабцоў. Фота: Сярж Мядзведзеў. Крыніца: facebook.com/syndromsamazvanca


«Мы ўсе — дзеці свайго часу і месца»

— Уладзь, ведаю, што музычны праект вы рабілі разам з Раманам Жарабцовым, гітарыстам гурта SnоpSnou. А ці не было ў вас пэўнай гісторыі, звязанай менавіта з узнікненнем Syndrom Samazvanca? Як увогуле вы з Раманам пазнаёміліся?

— З Раманам мы пазнаёміліся даўно, калі яшчэ быў «жывы» гурт Tonqixod, у якім я граў. Раман жа — гітарыст SnоpSnou, і мы перасякаліся на розных канцэртах. А потым трапілі разам на «Басовішча», не памятаю, у якім годзе — я быў ужо, напэўна, у складзе luty sakavik, а Раман усё яшчэ з SnоpSnou. І вось тады мы неяк разгаварыліся і схапілі сябе на пэўных музычных прыхільнасцях. Высветлілася, што нам абодвум падабаецца гаражны рок, краут-рок, панк, псіхадэлік, такія сучасныя ўзоры ўсяго гэтага. І мы запомнілі тады гэты твіт, а потым неяк стэлефанаваліся, сустрэліся, і з першага разу пачалі штосьці джэміць і сачыняць. Так і дайшлі да «Сіндрома самазванца».

— Калі вы непасрэдна пачалі працаваць над Sonk?

— Агулам мы рабілі альбом тры месяцы. Месяц — у 2020 годзе, а потым дароблівалі яго ў 2021 годзе. Ужо ўвосень мінулага года ён быў зроблены. Але ў нас атрымалася пауза ў год з-за вядомых падзей.

Варта дадаць, што частку матэрыялу, які быў запісаны ўвесну 2020-га, мы стваралі разам з Андрэем Алексеенкам, які граў на барабанах у Tonqixod. Астатні матэрыял ужо запісваўся пад драм-машыны. Такія хутчэй джэм-практыкі, уласцівыя нямецкаму краут-року 1970-х. Ды яшчэ Рома адказны і за гук у гэтым альбоме — усё адбывался пад ягоным наглядам, скажам так.

16.jpg
Крыніца: facebook.com/syndromsamazvanca


— Цікавая рэч: часам і паўза ў год — даволі вялікі адрэзак. А ў нас жа яшчэ ў Беларусі за гэты год адбыліся вялікія палітычныя ўзрушэнні, якія падзялілі гісторыю краіны на «да» і «пасля». Як вам удалося зрабіць так, што альбом не састарэў?

— А сэнс у тым, што тэксты былі напісаныя ў апошні момант. Былі нататкі, але я звёў усё ў адно толькі ўвосень 2021-га.

Але альбом усё ж такі ў вялікай ступені — пра музыку, пра музычнае выказванне.

— А ці можна тады назваць яго прадчуваннем будучых падзей?

— Я скептычна стаўлюся да такіх падыходаў. Мне здаецца проста, што ўсім людзям адначасова ўласцівыя ўсе эмоцыі, і бывае так, што выплёскваецца нешта такое, а потым мы ўжо заднім чыслом «падцягваем» канцэпцыю.

У дадзеным выпадку я бы лепш сказаў, мы ўсе — дзеці свайго часу і месца. І гэта натуральна, што ў нас нарадзілася такая музыка. І калі ты не ў масцы нейкай, нязвыклай для цябе, не ў позе, — тут немагчыма «прамазаць». І калі шчыра казаць такім, якім ты ёсць тут, пра тое, што ты пражываеш — гэта ўсё адгукнецца і будзе сугучнае часу. Іначай — проста немагчыма.

«Няма нейкага рацыянальнага аспекту: склалася? паехалі!»

— Напрыканцы года вы далі трошкі зачэпку, якім будзе новы матэрыял. Выйшаў сінгл Darmajed, у якім адчуваецца ваша яраснае, лютае стаўленне да ўсяго таго, што адбываецца, і ў тым ліку да таго, што «ўсіх цікавіць толькі адно, кім я працую і як даўно». Дарэчы, тут не магу ўзгадаць цыкл вершаў Ганны Янкута, прысвечаны Канстытуцыі, а ў вас вось — прывітанне ўсім рэдакцыям дэкрэта «аб дармаедах».

— Тут у нас хутчэй адсылка да вечнай гісторыі, чым да канкрэтнай. Што стаўленне ў грамадстве да людзей творчых прафесій не змянілася яшчэ, не ведаю, з савецкіх часоў. Маўляў, сядзіць гэта багема, невядома чым займаецца: на гітарах сваіх трынкае, карціны мазюкае, нешта папісвае — карацей, займаецца ўсякай бздурай замест таго, каб працаваць у офісе ці на заводзе. І тут можна прыгадаць і Бродскага з яго паказальным судом, і савецкіх рокераў 1980-х, якіх ганялі за дармаедства, — гісторыя не змяняецца. Агульнае адчуванне сітуацыі ў грамадстве — праз што ідэнтыфікуюць чалавека. Такі музычны крык на тэму.


— Я ўжо адзначыла, што назвала бы песню яраснай. Але калі пазначаць вашу музыку такімі эмацыйнымі тэгамі, ці можна казаць пра тое, што ваш альбом будзе злы?

— Насамрэч ён будзе разнастайны. Мы якраз зрабілі Darmajed сінглам, каб паказаць, што ў нас будзе такая нотка. Але яна не будзе стаяць на першых пазіцыях.

Ды пагаджуся, што ў праекце Syndrom Samazvanca мы стараліся менш сябе стрымліваць. Можна сказаць, альбом — чарговая наша спроба вызваліць свае выказванне. Таму не дзіва, што тут эмацыйная амплітуда даволі шырокая. Я не думаю, што гэта злосць у чыстым выглядзе, — хутчэй і спустошанасць, і безвыходнасць, і нуда, якія не хаваюцца. Лямант у пустэчы, — я бы назваў гэта так.

— Што датычыцца музыкі, Уладзь. Калі Tonqixod — гэта былі такія вялікія формы і адсылкі да The Doors, і далей luty sakavik, які рабіўся разам з Эрыкам Арловым-Шымкусам — ужо такая электроніка ды сынты-поп больш лёгкія па характары, то зараз з Syndromам Samazvanca ты прыходзіш ужо да псіхадэлік-року і крыху панку. Як для сябе ты вызначаеш гэту патрэбу — змяняцца?

— Сэнс у тым, што ўсе мы людзі, і ясна, што адначасова можам рабіць рознае. Калі возьмем музыку, то мне, да прыкладу, можа падабацца авангард, нават класік-авангард, і нейкі замаруджаны і пафасны арт-рок у стылі King Crimson, але ў пэўны момант я магу лёгка паслухаць «You my heart, you my soul» Modern Talking. Чаму не? Нездарма кажуць людзі: «Мне зараз пад настрой хочацца паглядзець больш лёгкае (ці іншае) кіно».

Мне падаецца, усё проста. Мы з Ромам супалі па настроі — нам захацелася нечага такога шумнага — і вось яно і выплеснулася. Тут няма нейкага рацыянальнага аспекту: склалася? паехалі!

17.jpg

— Але жанрава вы пазначаеце для сябе тое, што робіце?

— Прызнаюся, не. Мы робім тое больш для іншых, каб апісаць сваю музыку. Без гэтага, на жаль, ніяк. А менавіта падчас працы ў вызначэнні таго, што ствараецца, для нас няма ніякай патрэбы. Мы проста ведаем, якія новыя гурты паслухалі, абменьваемся думкамі і адчуваем, што вось неяк пайшла класная тэма. Калі вы на адной хвалі, лішніх размоваў і не трэба.

«Падсеў на гісторыю гамельнскага флейтыста»

— Дзіўная рэч, але падалося, што ваша музыка адначасова і пра лютасць, але і ў той жа час пра сыход углыб, пра трансфармацыю энергіі. Нібыта вы не ведаеце, што рабіць з гэтай хваляй лютасці, як як пераламіць, ува што. І тое, што выкарыстоўваецца бальбуту, мову вольных людзей — таксама цікавы нюанс, які кажа пра магчымую рацыю маёй версіі.

— Я разумею, пра што гаворка, але аналізаваць самога сябе складана.

І з бальбутай, калі задумацца, атрымоўваецца лагічны працяг гісторыі. Калі мы ствараем музыку на мове (маецца на ўвазе беларуская — Reform.by), якую мала хто ў свеце разумее, чаму не пайсці далей — чаму не праспяваць на бальбуце, якую ведае ўвогуле колькі дзясяткаў чалавек? Усё лагічна.

— Мне падабаецца фраза, што музыка для вас становіцца нібыта вызваленнем. У сувязі з гэтым дазволю сабе абагульненне: а табе не падаецца, што менавіта зараз, асабліва ў Беларусі, музыка і стала вяртаць сабе (у які раз) гэту місію вызвалення і прамаўлення, супольнага калектыўнага пражывання, якую страціла ў часы ўмоўнага размежавання па палічках і субкультурах. Што менавіта зараз музыка становіцца патрэбай для асэнсавання больш глабальных рэчаў, і ў ёй мае патрэбу не невялікая супольнасць, а большасць? У мяне з’яўляецца такое адчуванне.

— Гэта адчуванне, відаць, у цябе выходзіць з таго, што творцы не аказаліся ў баку ад усіх падзей, што скалынаюць Беларусь. У прынцыпе, многія прысвяцілі сваю творчасць, творчую энергію на выказванне, на спробу пераасэнсавання ўсяго гэтага. І хтосьці спрабаваў пісаць гімны, хтосьці зараз стварае па слядах больш трагічных і спрабуе пражыць, «пражаваць» гэту трагедыю, якая зараз адбываецца. Усё так. Але я лічу, што падчас уласна таго, калі ты сам штосьці робіш, лепей анічога не аналізаваць. Рукі робяць, ногі скачуць — уключайся ў гэту хвалю і проста будзь шчырым. І калі так будзе, то сыграецца менавіта тое, што мае быць. І магчыма, слухач выхапіць тую самую эмоцыю, якая ў табе «кіпіць».

18.jpg
Крыніца: facebook.com/syndromsamazvanca

— Цікава, а ці была нейкая тэма, якая вяла цябе падчас напісання альбома?

— Было некалькі. Напрыклад, нешта мяне зацікавіла гісторыя гамельнскага флейтыста — персанажа сярэднявечнай легенды, які выгнаў пацукоў з горада, а калі яму не заплацілі, то вывеў і ўсіх дзяцей. Перачытаў пра яго ўсе артыкулы ў вікіпедыях на розных мовах, палез першакрыніцы глядзець, — падсеў на гісторыю ды яе адаптацыі. Карацей, усё пачалося з запаўнення прагалаў ва ўласнай адукацыі, а потым раз — і штосьці ў нейкіх тэкстовачках пачало прасочвацца, пэўныя вобразы пачалі вымалёўвацца. На ўзроўні пошуку глабальных метафар — так, усё ёсць, але праяўляцца можа зусім не так, як чакаецца.

Слухаць альбом Sonk музычнага праекта Syndrom Samazvanca можна тут.

reform.by

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя Літаратура

Паэт, краязнаўца, перакладчык і гісторык літаратуры. След Уладзіслава Сыракомлі

«Народная Воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед...

valiancina_shauchenka
Музыка

«Упэўнены, што цягам гэтага года ўжо буду рабіць гуслі». Майстар музычных інструментаў, удзельнік гурта «Стары Ольса» Алесь Чумакоў працягвае аднаўляць майстэрню пасля пажару

Навіны з будоўлі такія: брыгада ўжо разабрала дом, вывозіць смецце і пачынае разбор старога фундаменту. Знайшоўся...

valiancina_shauchenka
Грамадства Грамадскі сектар

Рыхтуецца спіс патэнцыйных заказнікаў і помнікаў прыроды. Як далучыцца да працэсу і дапамагчы дзікай прыродзе

Навукоўцы зараз шукаюць патэнцыйныя асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (ААПТ) — заказнікі і помнікі прыроды мясцовага...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Аляксандр Фядута: «Справа за малым – калі-небудзь выйсці жывым з гэтай гісторыі»

Пасля вельмі доўгага перапынку ў перапісцы з нашым калегам — вядомым журналістам, пісьменнікам, літаратуразнаўцам...

Апошнія навіны

    Гісторыя Літаратура
    Паэт, краязнаўца, перакладчык і гісторык літаратуры. След Уладзіслава Сыракомлі
    Музыка
    «Упэўнены, што цягам гэтага года ўжо буду рабіць гуслі». Майстар музычных інструментаў, удзельнік гурта «Стары Ольса» Алесь Чумакоў працягвае аднаўляць майстэрню пасля пажару
    Грамадства Грамадскі сектар
    Рыхтуецца спіс патэнцыйных заказнікаў і помнікаў прыроды. Як далучыцца да працэсу і дапамагчы дзікай прыродзе
    Грамадства
    Аляксандр Фядута: «Справа за малым – калі-небудзь выйсці жывым з гэтай гісторыі»
    Грамадства
    Беларуска Лілія Яноўская ўзняла беларускі сцяг на Эверэст
    Грамадства
    Пасля ператрусу ў кнігарні «Кнігаўка» затрымалі выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу крамы
    Гісторыя
    Беларускі Патоп і «беларускі гетман»
    Грамадства
    У першы ж дзень працы «Кнігаўкі» ў Мінску прыйшлі прапагандысты і сілавікі
    Грамадства
    Ці хочуць рускія вайны?
    Грамадства
    «Я разумела, што не толькі дапамагаю рукамі, але і расказваю пра беларусаў». Заснавальніца праекта «Sex Education» Аліна Бінада пра шлях да актывізму і валанцёрства ва Украіне
    Навіны "Будзьма!" Гісторыя
    «Гісторыя за 5 хвілін». Як апрацоўвалі жалеза на Беларусі ў VII стагоддзі да нашай эры?
    Грамадства
    У Гродне пабудуюць храм з цэнтрам асветы моладзі і музеем Мітрапаліта Філарэта. За прататып узята славутая Каложская царква
    Культура Грамадства Краіна
    Дранікі ўнясуць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Ці з'яўляецца гэта вульгарызацыяй ідэй канвенцыі ЮНЭСКА?
    Грамадства
    Андрэй Мядзведзеў: «Мы сталі братамі па няшчаcцю ў змаганні з гэтым рускім караблём»
    Адукацыя Краіна
    З'явілася інтэрактыўная мапа вольных месцаў у дзіцячых садках

Афіша

  • 18.05 — 17.05

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Анлайн-лекцыя Сцяпана Стурэйкі «Дзе пачынаецца спадчына?»

  • 18.05 — 29.05Замкі і сядзібы Беларусі ў акварэлях Марыі Сыракваш у Мінску
  • 18.05 — 22.05Выстава Аляксандра Шапо «Маладыя багі» ў Віцебску (18+)
  • 18.05 — 15.06Выстава графікі Валерыя Славука ў Мінску
  • 18.05 — 30.05Віртуальная выстава "КАНДРАТ КРАПІВА: да 100-годдзя пачатку творчай дзейнасці"
  • 18.05 — 12.06Выстава Ядвігі Раздзялоўскай у Мінску
  • 18.05 — 29.05Персанальная выстава Дзяніса Барсукова «Ён, Яна, Яны» ў Мінску
  • 18.05 — 28.05Анлайн-фестываль беларускіх фільмаў «Невядомы ўсход»

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Руся, Маляваныч, Pylai і ... Warner Brothers!
    • «Расія — гэта вайна». Як Пазняк у 1994-м апынуўся самотным прарокам у пустыні
    • Аляксей Дзікавіцкі: «У БССР палешукі былі людзьмі трэцяга гатунку»
    • Ад улад нават вянка не было…
    • «У мяне толькі адна радзіма, і гэта Украіна». Ці проста быць украінкай у Расіі
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM