Уладзімір Жылка — адзін з тых таленавітых беларускіх паэтаў, пра якіх у публічная прасторы гавораць, на жаль, нікчэмна мала. Творчасць Уладзіміра Жылкі амаль не вывучаюць у школе: толькі ў праграме літаратуры за 10 клас яго прозвішча значыцца ў спісе «Для самастойнага чытання». Пры гэтым, літаратуразнаўцы называюць Уладзіміра Жылку паслядоўнікам Максіма Багдановіча. У дзень нараджэння паэта узгадваем ягоны творчы і жыццёвы шлях.
Уладзімір Жылка. Крыніца: velvet.by
Уладзімір Жылка нарадзіўся 27 траўня 1900 года ў вёсцы Макашы Навагрудскага павета. Зараз гэтая вёска ўваходзіць у Нясвіжскі раён. Захавалася хата, у якой нарадзіўся будучы паэт: там усталявана сціплая мемарыяльная таблічка.
Хата ў вёсцы Макашы, дзе нарадзіўся Уладзімір Жылка. Крыніца: gdb.rferl.org
Выхадзец з сялянская сям’і, Жылка атрымаў пачатковую адукацыю ў Гарадзейскай царкоўнапрыходскай школе, затым паступіў у Мірскую гарадскую вучэльню. З 1916 па 1917 год сям’я Жылкі знаходзілася ў эвакуацыі ў Тульскай губерніі праз падзеі Першай сусветнай вайны. Што цікава, юнак Жылка вырашыў працягнуць адукацыю падчас свайго бежанства, і некаторы час вучыўся ў Багародзіцкім агранамічным вучылішчы. Калі ў канцы 1917 Жылка вярнуўся ў Мінск, то хутка пайшоў працаваць менавіта аграномам у дзяржаўны маёнтак пад Мінскам.
Паралельна са сваімі сельскагаспадарчымі заняткамі, Жылка пачаў практыкавацца ў паэтычнай дзейнасці. Зацікаўлены тэмай беларускай спадчыны, у 1918 годзе малады паэт стаў чальцом клуба «Беларуская хатка». Гэты клуб быў яскравай з’явай у гісторыі развіцця грамадскіх аб’яднанняў нашай краіны. Чальцы «Беларускай хаткі» былі прадстаўнікамі мастацкай інтэлігенцыі і займаліся пераважна культурна-асветніцкімі справамі: ладзілі тэматычныя вечарыны, дзе чыталі творы беларускіх пісьменнікаў, спявалі беларускія песні і распавядалі пра гісторыю краіны. Неўзабаве на падставе простага асветніцкага клуба пачалося стварэння беларускага тэатра пад кіраўніцтвам славутага драматурга Францішка Аляхновіча.
Францішак Аляхновіч. Крыніца: rupoezd.ru
У гэтым творчым асяродку Жылка асабіста пазнаёміўся з выдатнымі прадстаўнікамі беларускага літаратурнага кола, напрыклад, з Янкам Купалам, Змітраком Бядулем, Ядвігіным Ш. і іншымі.
Здаецца, што ў біяграфіі беларускага літаратара пачатку 20 стагоддзя не можа не быць эпізоду, калі ён захворвае на сухоты. Так здарылася і з Уладзімірам Жылкам: у 1920 годзе, яму быў пастаўлены гэты цяжкі дыягназ, пасля чаго паэт паехаў на лячэнне да сваякоў у вёску. Так да моманту падпісання Рыжскай мірнай дамовы, Жылка апынуўся ў заходняй Беларусі.
Пасля таго, як тэрыторыя заходняй Беларусі адышла да Польшчы, Жылка, забыўшыся на сваю хваробу, наладзіў сувязь з нясвіжскімі паўстанцамі: пачаў пісаць для іх лістоўкі, адозвы і вершы («Каваль», «Дзед», «Гімн беларускіх паўстанцаў»). Таксама паэт пачаў ліставацца з беларускімі дзеячамі ў Вільні. Праз пэўны час паэт таксама з’яджае ў Вільню.
Уладзімір Жылка ў Вільні
У Вільні Уладзімір Жылка шчыльна пасябраваў з Леапольдам Родзевічам — нацыянальным дзеячом і драматургам, разам з якімі яны займаліся тэатральнай студыяй, створанай пры беларускай гімназіі ў Вільні.
Леапольд Родзевіч. Крыніца: wikimedia.org
Там жа ў Вільні Жылка працаваў у беларускай кнігарні.
Святкаванне ўгодкаў абвяшчэння БНР у Віленскай беларускай гімназіі, 1935. Крыніца: gdb.rferl.org
Летам 1922 Жылка вымушана з’ехаў у Латвію, каб пазбегнуць прызыву ў польскае войска. У Латвіі паэт наведваў выпускны клас беларускай гімназіі, і таемна працаваў своеасаблівым сувязным паміж беларускім рухам у Вільні і беларускай дыяспарай у Латвіі.
У канцы 1922, не скончыўшы навучання ў гімназіі, Уладзімір Жылка нелегальна вярнуўся ў Вільню і разам са сваім сябрам Родзевічам апрацоўваў матэрыялы для газет «Наша будучыня» і «Наша жыццё». Гэтыя газеты напаткаў той жа лёс, што і іншую беларускую перыёдыку, якая выдавалася ў міжваенны перыяд на тэрыторыі Польшчы: было выдадзена ўсяго некалькі нумароў, частка з іх была канфіскаваная, і, праіснаваўшы ўсяго некалькі месяцаў, газета зачынілася па загадзе польскага ўрада.
Вільня, 1932 год. Крыніца: parastes.blogspot.com
Адметна, што ў творчасці Жылкі Вільня, дзе паэт пражыў не болей за два гады, займае выключнае месца: менавіта гэтаму гораду прысвечаны вершаваны дыптых. Менавіта ў гэтым горадзе, які паэт лічыў калыскай беларускага адраджэння і які ўзнімаў у сваіх творах, Жылка марыў быць пахаваным. Як і для шматлікіх іншых дзеячаў беларускай культуры, менавіта Вільня, якая ніколі не была цалкам беларускім горадам, была тым месцам, дзе інтэлігенцыя бачыла цэнтр стварэння новай беларускай дзяржавы.
Уладзімір Жылка ў Празе
У 1923 годзе Уладзімір Жылка з’яджае на вучобу ў Прагу: Леапольд Родзевіч параіў яму стаць стыпендыятам чэхаславацкага ўрада. Так Жылка стаў студэнтам філалагічнага аддзялення філасофскага факультэта. Вядома, дзейны Уладзімір Жылка не мог абысціся адной толькі вучобай. Ён стаў адным з ініцыятараў стварэння Арганізацыі беларускага паступовага студэнцтва, і ўдзельнічаў у выданні часопіса «Перавясла» — органа АБПС.
Вокладка часопіса «Перавясла», № 1, 1923. Крыніца: wikipedia.org
У сярэдзіне 1920-х гадоў Жылка стаў рэдактарам часопіса «Прамень» (пазней «Новы прамень») — яшчэ аднаго часопіса АБПС.
Вокладка часопіса «Прамень». Крыніца: digital.nlb.by
У чарговы раз Уладзімір Жылка не прайшоў поўны курс адукацыі: у 1926 годзе ён з’ехаў з Прагі ў БССР
У 1926 у Мінску адбывалася Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу, куды прыехаў і Жылка ў якасці рэдактара часопіса «Прамень». Леапольд Родзевіч параіў сябру перабрацца ў БССР і «смакаваць марксізм». Гісторык Антон Луцкевіч таксама лічыў, што ў Мінску больш прастору для асветніка, чым у Вільні.
Антон Луцкевіч. Крыніца: planetabelarus.by
Таму малады паэт, кінуўшы Карлаў універсітэт, пасяліўся ў Мінску, прыняўшы савецкае грамадзянства.
Але як мог Уладзімір Жылка застацца ў БССР? Няўжо ён не разумеў, што падвяргае сябе небяспецы ў гэтай краіне?
Насамрэч, у дваццатыя гады ў БССР адбываўся працэс беларусізацыі: савецкі ўрад падтрымліваў культурных дзеячаў, якія займаліся асветай і прасоўваннем беларушчыны. Да таго ж, не трэба забывацца, што маладая савецкая краіна значна ідэалізавалася прадстаўнікамі левых палітычных накірункаў на Захадзе. З гэтых прычын шматлікія актывісты нацыянальнага руху ў гэты перыяд вярталіся ў БССР з эміграцыі. У хуткім часе большасць з іх аб гэтым пашкадавалі.
Уладзімір Жылка ў БССР
Па вяртанні ў Беларусь Жылка спачатку працаваў у Інбелкульце, потым у газеце «Беларуская вёска». У 1927 годзе ён стаў загадчыкам аддзела літаратуры газеты «Звязда» — той самай, якая з 1917 года была рупарам бальшавіцкай прапаганды.
Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». У 1928 годзе паэт быў выключаны з «Маладняка» за тое, што «не набліжаецца да пралетарскай літаратуры». Тады Уладзімір Жылка знайшоў падтрымку ў кіраўніцтва літаратурнага згуртавання «Узвышша», заснаванага пісьменнікамі, якія выйшлі з «Маладняка» ў 1926 годзе.
Літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». Уладзімір Жылка трэці справа ў другім радзе. Мінск. 1929 г. Крыніца: wikipedia.org
У 1928 пачалася «контрбеларусізацыя», таму Уладзімір Жылка быў вымушаны пакінуць «Звязду» і выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме, і таксама працаваў перакладчыкам у Белдзяржкіно.
19 ліпеня 1930 года Уладзіміра Жылку арыштавалі па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Гэта палітычна-крымінальная справа, па якой прыцягнулі незлічоную колькасць дзеячаў беларускай культуры. Большасць даследчыкаў мяркуюць, што ніякага «Саюза вызвалення Беларусі» не існавала ўвогуле, а справа была цалкам сфабрыкаваная, каб рэпрэсаваць беларусаў.
Хаця Уладзімір Жылка прызнаў сябе вінаватым, пастанова калегіі АДПУ ад 10 красавіка 1931 года прыгаварыла паэта да 5 гадоў ссылкі ў горад Уржум Кіраўскай вобласці. Там Жылка працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме.
1 сакавіка 1933 года Уладзімір Жылка памёр ад туберкулёзу лёгкіх, і быў пахаваны на мясцовых могілках, а не ва ўлюблёнай Вільні, як ён марыў.
Судовая калегія Вярхоўнага Суда БССР рэабілітавала Уладзіміра Жылку 19 верасня 1960 года. Савецкая ўлада афіцыяльна прызнала, што паэт, які памёр ва ўзросце 32 год, быў несправядліва асуджаны.
Творчая спадчына Уладзіміра Жылкі
Літаратуразнаўцы адзначаюць, што творы Жылкі можна аднесці да стылю рамантызм, які не быў характэрны для першай паловы дваццатага стагоддзя. Менавіта ў гэтым яскравае адрозненне творчасці Жылкі ад большасці тых паэтаў, якія працавалі ў тую ж эпоху. Менавіта праз яго лірычнасць і рамантычнасць, паэта і называюць паслядоўнікам Максіма Багдановіча.
Вокладка кнігі Уладзіміра Жылкі «Пожні». Крыніца: wikimedia.org
Акрамя напісання ўласных вершаў, Уладзімір Жылка шмат працаваў у якасці перакладчыка. У прыватнасці, пераклаў на беларускую мову творы Блока, Міцкевіча, Ібсена, Бадлера і Волькера.
Архіўны тэкст, упершыню апублікаваны 27.05.2022 г.