Беларускі бард Зміцер Бартосік і літаратар Сяргей Чыгрын наведалі райцэнтр Краснаполле Магілёўскай вобласці 21 лістапада. У мясцовым раённым гісторыка-этнаграфічным музеі яны прэзентавалі кнігу “Ачышчэнне душы” (Мінск, “Кнігазбор”, 2014), куды ўвайшлі ўспаміны пра тэатральнага рэжысёра, акцёра, педагога, заслужанага работніка культуры Беларусі Валянціна Ермаловіча (1925-2004) – роднага брата гісторыка Міколы Ермаловіча..
Зміцер Бартосік
Вечарыну адкрыў Сяргей Чыгрын, які распавёў пра знаёмства з Валянцінам Ермаловічам, нагадаў пра тое, калі Валянцін Ермаловіч першы паставіў казку для дзяцей “Снатворны мак” Кандрата Лейкі на сцэне Краснапольскага народнага тэатра, якая была выдадзена ў Вільні ў 1912 годзе. Сяргей Чыгрын таксама падараваў Краснапольскаму музею рэдкія здымкі сцэн са спектакляў, афішы, праграмкі Краснапольскага народнага тэатра, якія выпускаў Валянцін Ермаловіч у 1978-1992 гадах.
Выступленні і згадкі пра тэатральнага рэжысёра суправаджаліся песнямі выдатнага беларускага барда Змітра Бартосіка. Найперш спявак выконваў песні расейскіх паэтаў у перакладзе Рыгора Барадуліна. Зміцер Бартосік падараваў для бібліятэк Краснапольшчыны сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбывалася вечарына.
На сустрэчы прысутнічвалі супрацоўнікі Краснапольскага райвыканкама, якія шчыра дзякавалі гасцям.