Заканчваецца лета, заканчваюцца вакацыі, заканчваюцца адпачынкі настаўнікаў... У Беларусі хутка будуць святкаваць Дзень ведаў, галоўны сімвал якога, зразумела, — кніга... А стваральнікі кніг, пісьменнікі, самі і галоўныя кнігачэі. Таму і персанажы іх чытаюць шмат. Аўтары з дапамогай чытання сваіх герояў яшчэ і мастацкія задачы вырашаюць. Напрыклад, калі створаны Франкенштэйнам монстр у рамане Мэры Шэлі чытае «Пакуты юнага Вертэра», мы разумеем: монстр гэты з пяшчотнай душой і марыць, каб яго пакахалі.
У матэрыяле для zvizada.by Людміла Рублеўская прапануе паглядзець, што чыталі героі беларускай літаратуры.

Максім Багдановіч нездарма называў сябе часам Максімам Кніжнікам. Ён чытаў вельмі шмат, і не толькі сучаснай яму літаратуры... Пра што сведчыць хаця б верш «Кніга», напісаны ў 1912-м годзе.
«Псалтыр, пакрытую няжорсткай,
бурай кожай,
Я ўзяў і срэбныя засцёжкі адамкнуў,
Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай
І воску з ладанам прыемны пах пачуў.
Вось псальма слічная.
«Як той алень шукае
Крыніцы чыстай, так шукаю Бога я».
Як вее свежасцю яе краса жывая!
Як радасна далей спяшыць душа мая!
І бачу я ў канцы няхітрую прыпіску,
Што «кнігу гэтую раб божы, дзяк Гапон,
Дзеля душы спісаў у месце Ваўкавыску
У рок сем тысяч сто васьмы
з пачатку дзён».
Згадзіцеся, падобна, што аўтар трымаў гэтую кнігу ў руках... Верш Максім Багдановіч напісаў пад уражаннем наведвання Беларускага музея ў Вільні, дзе захоўвалася багата рукапісных кніг. Праўда, хаця ўсе прыведзеныя паэтам дэталі праўдападобныя, дакладна такой кнігі, спісанай у Ваўкавыску дзякам Гапонам, навукоўцы не адшукалі. Але «Псалтыр» — сапраўды кніга, вартая заняць першае месца віртуальнай бібліятэкі.

Не заўсёды, праўда, згадка ў літаратурным творы чужога твора паважлівая... Напрыклад, у рамане Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» згадваецца экспанат з музея вёскі Шапялёўка: зборнік вершаў ХVІІ ст. «Ён і яна». Падаецца той зборнік у пераліку з «цікавым рукапісамі ХV стагоддзя „Аб гаспадарчым выхаванні жывёлы“ і „Дзённікам абжэрства (ХVІ ст.)“. Гэты зборнік вершаў „Ён і яна“ насамрэч — паэма Янкі Купалы „Яна і я“. Напісаў яе Купала ў 1913 годзе пад уплывам прачытання этнаграфічных зборнікаў, на першай старонцы рукапіса — загаловак „Яна і я“ (Песня), або 66 і яшчэ 6 песень. Ад песні да песні». У паэме, дзе ўспяваецца сялянскі каляндарны цыкл, угледжваецца паралель з «Песняй песняў» Саламона. Патрыярхальнае жыццё, праца на зямлі... «Паэма выключна своеасаблівая, зямная, паганская і ў той жа час па-беларуску ціхая, акварэльная і зноў, і зноў мужыцкая», — пісаў Фадзееў. А вось маладыя літаратары палічылі твор састрарэлым. Вось і прылічыў яе здзекліва Андрэй Мрый да XVІІ стагоддзя... Таму паспрабуйце перачытаць паэму і ацаніць самі.
Уладзімір Караткевіч быў аматарам інтэлектуальнай гульні з чытачом. Ён зрабіў тое ж, што пазней зробіць Міларад Павіч у сваёй «Скрыні для пісьмовых прыналежнасцяў», героі якой чытаюць Павічаўскі ж «Хазарскі слоўнік». У рамане «Чорны замак Альшанскі» Караткевіча героі абмяркоўваюць раманы... самога Караткевіча.
«Шаблыку гэтая бяседа была такая цікавая, што здохнуў бы разам з мухамі. Таму размова перайшла на тэму, ад якой, мяркуючы па нашых літаратурных газетах, здохлі б мухі ўва ўсім свеце: на „кніжнасць“.
— Ну вось якой ты, Міхась, думкі пра Быкава?
— А нічога. Не выдумляе. Відаць, што сербануў гэтай ваеннай раскошы аж пад пілотку. Не тое што нейкі піша, як Саня лазенным венікам роту немцаў разагнаў... з танкамі.
Мылі, мылі костачкі інжынерам чалавечых душ (пачулі б яны гэта з трыбуны), і скончылася размова яшчэ на адной асобе, да якой я ўвогуле стаўлюся цярпіма:
— Ну а гэты... Караткевіч? — спытаў Шаблыка.
— А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае... Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць».
Сваёй улюбёнай гераіні Паўлінцы Янка Купала таксама дае ў рукі кніжку... Праўда, не зусім звычайным чынам. Да прыгажуні Паўлінкі прыходзіць у госці яе каханы, настаўнік Якім Сарока, скарыстаўшыся тым, што бацькі дзяўчыны з’ехалі на кірмаш.
«Паўлінка (садзячыся за шыццё). Але смела будзь, як у Бога пад прыпечкам. Паехалі абое на торг і, пэўна, позна вернуцца, бо маюць трохі сяго-таго да прадання і маняцца сякія-такія зрабіць пакупкі. Бачыш, заўтра мае быць трохі гасцей з кірмашу. (Абнімае Якіма, раптам знаходзіць у кішэні кнігу.) А гэта што? (Чытае няўмела першыя радкі з „Песні аб Сокале“ М. Горкага. Потым ён забірае ў яе кнігу і сам чытае.)»

Нагадаю першыя радкі таго твора: «Море — огромное, лениво вздыхающее у берега, — уснуло и неподвижно в дали, облитой голубым сиянием луны. Мягкое и серебристое, оно слилось там с синим южным небом и крепко спит, отражая в себе прозрачную ткань перистых облаков, неподвижных и не скрывающих собою золотых узоров звезд».
Зразумела, чытаць Горкага Паўлінка павінна была, каб глядач зразумеў, што Якім — рэвалюцыянер. Вось толькі радкі тыя занадта лірычныя. Таму ў пэўны час воляю рэжысёраў Паўлінка чытала іншы твор Горкага — «Буравеснік» і невыпадкова кнігу знаходзіла, а Якім нібыта па яе просьбе крамолу ёй прынёс. Часам эпізод з чытаннем Горкага ўвогуле са спектакля прыбіраюць. А вось Купала вобраз горкаўскага сокала лічыў знакавым і на смерць Горкага пісаў: «Праспяваў сваю песню аб сокале, Скалыхнуў белы свет буравеснікам», «Мяне ты тады йшчэ заўважыў, мой сокал, Калі была цемра і жудасць навокал».
Герой цудоўнага твору Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях», студэнт, прыязджае пагасцяваць да свайго дзядзечкі, аматара дзівосных гісторый. Вось дзядзечка і давай прасіць вучонага пляменніка:
«— Ты чалавек вучоны, хадзіў у езуіцкую школу, чытаў многа кніжак, гутарыў з вучонымі людзьмі, павінен ведаць шмат разнастайных гісторый, сёння ўвечары распавядзі мне што-небудзь цікавае».
Пачаў хлопец прыпамінаць, чым бы пахваліцца, ды нічога не чытаў, апрача гісторыкаў і класікаў. І вырашыў пачаць з «Адысеі» Гамера, «бо ў гэтай паэме поўна чараў і дзіваў, як і ў нашых простанародных аповесцях».

Вось увечары сабраліся ўсе паслухаць вучонага паніча... Той, каб гісторыя была зразумелай, кораценька распавёў пра самых галоўных грэчаскіх багоў, багінь і герояў, пад рэплікі «Гэтай басні прыпомніць не можна, дужа цяжкая». Тым не менш цытаванне «Адысеі» працягнулася да апоўначы...
«У час майго побыту ў дзядзькавым доме мусіў я амаль пяць тыдняў кожную ноч усыпляць яго пераказам славутых паэм грэчаскіх або лацінскіх класікаў, аднак найбольш яму падабалася з „Адысеі“ мудрасць Уліса на берагах Цырцэі і на востраве цыклопаў. Паўтараў мне не раз:
— А можа, некалі даўно і бывалі такія агромністыя веліканы, толькі дзіўна, што з адным вокам на лбе. Але ж і хітрун гэты Уліс — напаіў, выкалаў вока і выехаў на баране.
Не мог таксама ён забыць шостай песні з Вергілія, дзе Эней увайшоў у пекла. Паўтараў некалькі разоў такія словы:
— Хоць ён быў і паганін, ды якое шляхетнае пачуццё і любасць да бацькі — ісці ў такое небяспечнае месца. Але якая ў іх дзіўная вера, у нас душачкі збавёныя ідуць у неба, а яны сабе прыдумалі нябеснае валадарства так глыбока пад зямлёй. Дзіўная рэч!»
Раман «На ростанях» Якуб Колас пісаў пра сябе, і галоўны герой, малады настаўнік Лабановіч — гэта і ёсць малады Канстанцін Міцкевіч, які пакутліва шукае свій шлях і разважае над сэнсам жыцця.
«Гадзіннік прабіў поўнач. Настаўнік перанёс лямпу ў другі, яшчэ меншы, пакоік, дзе стаяў яго просценькі дзервяны ложак, лёг у пасцелю і чытаў «Зорныя светы і іх насельнікі».
«Шырокі малюнак недасяжных светаў раскрываўся перад вачамі маладога настаўніка ва ўсёй сваёй таемнасці і бязмежнасці. І чым больш мысль захоплівалася гэтым чароўным малюнкам і гэтымі незлічонымі светамі, раскіданымі сярод бяздонных багнаў, такіх страшных, такіх павабных, — зямля і чалавек, пагардлівы гаспадар яе, рабіліся ўсё меней і меней значнымі, нікчэмнымі. Гэта бязмежнасць зацірала зямлю, і яна гублялася ў ёй, як малюсенечкая пылінка. А якім малазначным, непрыметным з’яўляўся чалавек, яго клопат, яго штодзённыя драбніцы жыцця! Новыя думкі і настроі ахінулі маладога настаўніка. Але гэтыя думкі ў момант разляцеліся, як вераб?і, калі ў іх вясёлы гурток паляціць каменьчык, кінуты рукою якога-небудзь падшывальца-жэўжыка; страшны і непрыемны вобраз смерці бліснуў сярод гэтых думак маладога настаўніка і разагнаў іх. На адзін момант жыццё ў ім як бы спынілася. Па яго целе прабегла дрыготка, бо гэты вобраз смерці вынік зусім неспадзявана.

„Я памру! — падумаў малады настаўнік. — Будзе такі час, калі я стану нежывым, трупам!“
На кароткі міг ён як бы адлучыўся ад сябе самога і зірнуў на сябе збоку, як старонні, другі чалавек, і жыва ўявіў сабе той момант, калі ён будзе нерухомым трупам».
Лабановіч доўга разважае на гэтую тэму... А кніга цалкам рэальная — гэта брашура вядомага астранома прафесара Іосіфа Пале «Звездные миры и их обитатели. Введение в современную астрономию», якая выйшла ў 1903 годзе ў Санкт-Пецярбургу як бясплатны дадатак да часопіса «Вестник и библиотека самообразования». Напэўна, Якуб Колас якраз гэтае выданне і меў. Французскі астраном у ім разважае пра магчымасць жыцця на іншых планетах.
Дзеянне аповесці Адама Мальдзіса «Восень пасярод вясны» адбываецца ў XІX стагоддзі, сярод галоўных герояў — паэт Уладзіслаў Сыракомля і яго каханая, актрыса Гелена Маеўская. Чытач трапляе ў свецкія салоны, дзе часам можна пачуць і такое:
«— О, то я панству лепей раскажу, як акрэсліць, колькі карове год, — узрадаваўся магчымасці Дайнаровіч. — Нічога прасцейшага. Ад кожнага цяляці на рагах паяўляецца па колцу. Варта глянуць на рогі — і падлічыць колцы.
— Усё ён ведае, усё помніць! — з захапленнем шапнула пра Дайнаровіча Янінка.
— Супакойцеся, міленькая, — ціха адказаў Сыракомля. — Свае парады ён проста вычытаў у кнізе „Гаспадыня літоўская“ пані Гарватовай з Мінска. Аўтарка на кнізе не абазначана, але ўсе здагадваюцца, хто яе напісаў».

Адам Мальдзіс не дарэмна згадвае кнігу «Гаспадыня літоўская». Менавіта Адам Мальдзіс знайшоў яе, уразіўся сакавітасці, атмасфернасці і беларускасці, і ўсяляк прапагандаваў. Адтуль Уладзімір Караткевіч браў каларытныя дэталі, накшталт блакітнага ліквору і ласіных губ у воцаце. Доўга вяліся спрэчкі наконт асобы аўтаркі, той жа Мальдзіс давёў, што яе звалі не «пані Горватава», а Ганна Цюндзявіцкая. І на сёння «Гаспадыня літоўская» — папулярнае чытво. Рэцэпты, якія там прыводзяцца, і гаспадарчыя парады часам гучаць як мастацкія творы.
Так што густы літаратурных герояў могуць супасці і з вашымі, шаноўныя чытачы. Самы час зацікавіцца беларускай літаратурай.