Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Бліжэйшым часам прапануем даследаваць Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці. Тут нас чакаюць шляхі паўстанцаў 1863–1864 гадоў, сцежкі манахаў-базылянаў, касцёлы, цэрквы, адна з самых вядомых сядзібаў на тэрыторыі Беларусі, месца нараджэння і помнік Тадэвушу Касцюшку ды шмат іншых цікавостак. Такім чынам, прапануем рушыць наступным маршрутам: Артычанка — Быцень — Любішчыцы — Івацэвічы — Шыбельная гара — Косава — Марачоўшчына — Бялавічы — Альба.
Фота: planetabelarus.by
Урочышча Артычанка
Першым пунктам нашай вандроўкі будзе ўрочышча Артычанка, названае паводле рэчкі, што працякае непадалёк, правага прытока Шчары, Артычанкі. Тут варта звярнуць увагу на крушні паштовай станцыі «Чамялы» ХІХ стагоддзя пабудовы (52° 50’2.14"N, 25° 35’28.86"E).
Абавязковым атрыбутам найбольш значных гасцінцаў у ХІХ стагоддзі былі паштовыя станцыі. Тут можна было адпачыць і коням, і людзям падчас доўгай дарогі. Першая паштовая станцыя на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна з’явілася ва ўрочышчы Артычанка, недалёка ад вёскі Сасновы Бор. Другая была пабудавана ў Івацэвічах, а трэцяя ў вёсцы Няхачава.
Фота: fotobel.by
Станцыя ў Артычанцы была збудавана па ўзорным праекце ў 1843 годзе на тагачаснай Варшаўска-Маскоўскай шашы ў неагатычным стылі. Будынак паштовай станцыі ў Артычанцы не толькі помнік архітэктуры, але мае і гістарычнае значэнне. Даследчыкі мяркуюць, што менавіта тут незадоўга да знакамітай бітвы пад Мілавідамі сустракаліся Кастусь Каліноўскі і паўстанцкі ваенны начальнік Слонімскага павета, камандзір атрада, мясцовы шляхціч Францішак Юндзіл.
Зараз будынак знаходзіцца ў занядбаным стане і імкліва ператвараецца ў крушні. Прыклад больш ашчаднага падыходу да падобнай архітэктурнай спадчыны можна пабачыць у Няхачаве. Гэтай паштовай станцыі, пабудаванай у 1846 годзе, пашчасціла больш, яна добра адрамантаваная. Зараз там месціцца рэстарацыя «Гасцінны двор», дзе можна падсілкавацца, а ў суседнім будынку пры жаданні заночыць.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Быцень
Далей прапануем наведаць вёску Быцень, колішні маёнтак, які ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1555 годзе як уладанні роду Давойнаў. Пазней тут часта змяняліся гаспадары. Найбольш адметным у развіцці Быценя стаў перыяд, калі ўладальнікамі маёнтка стаў род Трызнаў. Адбылося гэта напачатку XVII стагоддзя.
Быцень, Рынак Базылянскі, Б. Падбельскі, 1862 г.
У 1607 годзе слонімскі маршалак Рыгор Трызна са сваёй жонкай Рэгінай з Сапегаў заснавалі ў Быцені адзін з самых вядомых уніяцкіх кляштараў на тэрыторыі ВКЛ. Кляштар быў пабудаваны ў стылі ранняга барока, пазней у 1673 годзе пры кляштары была ўзведзена мураваная царква, кансекраваная ў 1710 годзе ў гонар святога Язафата. Язафат Кунцэвіч быў ігуменам манастыра з 1613 года.
Быцень, 1919
У 1615 годзе Папа Рымскі выдаў для Быценьскага кляштара прывілей, які дазволіў адчыніць пры ім базылянскую навучальную ўстанову — навіцыят, у якім пасля вучылася вельмі шмат значных для ўніяцкай традыцыі асобаў, напрыклад, доктар тэалогіі, будучы мітрапаліт з 1714 па 1728 гады Леў Кішка. Базыляне ў Быцені займаліся адукацыйнай, навуковай, выдавецкай дзейнасцю.
Быцень, 1912
Быценьскі базылянскі кляштар быў адным з самых значных цэнтраў захавання ды распаўсюду грэка-каталіцтва. Ён даваў прытулак уніятам, што ўцякалі з поўдня падчас паўстання Хмяльніцкага, па вайне з Расіяй 1654–1657 гадоў тут хаваліся базыляне з Вільні, Полацка, Мінска, Віцебска, быў уратаваны абраз з віленскай Траецкай царквы, захоўваўся абраз Маці Божай Жыровіцкай, адную з першых копіяў якога, зробленую ў XVIII стагоддзі, можна пабачыць і сёння.
Фота: planetabelarus.by
Захоўвааецца абраз у сённяшняй праваслаўнай Свята-Успенскай царкве, якая першапачаткова была ўзведзена ў XVІІ стагоддзі як капліца —пахавальня роду Трызнаў ды з гэтага часу шмат разоў перабудоўвалася. Сёння царква ў вёсцы Быцень унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Фота: vedaj.by
Фота: vedaj.by
У 1775 годзе сваячніца Трызнаў, якія пакінулі маёнтак Быцень за базылянамі, пабралася шлюбам з Казімірам Тызенгаўзам, які адсудзіў маёнтак Быцень у манахаў ды перадаў кляштар каталікам. Храм быў ператытулаваны ў гонар святой Тройцы. Пасля скасавання Берасцейскай уніі і нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў царкву аддалі праваслаўным, а ў 1914 годзе на загад генерала Аляксеева расійскія войскі зруйнавалі і царкву, і кляштар. Канчаткова помнік быў знішчаны за савецкім часам. Сёння Свята-Успенская царква — адзіны будынак, што захаваўся ад колішняга велічнага архітэктурнага ансамблю манахаў базылянаў.
Быцень, Базыльянская царква. Графічная рэканструкцыя, 3D-мадэль і фотаапрацоўка — А. Невар
Быцень, Базыльянская царква. Графічная рэканструкцыя, 3D-мадэль і фотаапрацоўка — А. Невар
Быцень, 1915
Быцень быў тыповым беларускім мястэчкам, дзе на рынкавай плошчы праводзіліся кірмашы, яўрэі трымалі крамы ды корчмы. Была тут і свая сінагога, але да нашых дзён яна не захавалася. Але захаваліся старыя яўрэйскія могілкі, якія варта наведаць.
Фота: wikimedia.org
Любішчыцы
Далей прапануем рушыць у вёску Любішчыцы. Вядома, што паселішча гэтае старажытнае, тут падчас археалагічных раскопкаў было знойдзена шмат крэмневых прыладаў працы, што сведчыць пра тое, што людзі тут жылі яшчэ ў часы неаліту. Упершыню ж у пісьмовых крыніцах Любішчыцы ўзгадваюцца ў 1516 годзе. Напрыканцы XVI стагоддзя паселішча разам з навакольнай пушчай узгадваецца як уласнасць Сапегаў.
Любішчыцы, 1916 год
Цікавы факт, што мясцовыя жыхары не прынялі ўведзеныя Сапегамі павіннасці ў дадатак да падаткаў ды ў 1679 годзе паскардзіліся каралю Яну Сабескаму, які, унікнуўшы ў сутнасць справы, падтрымаў месцічаў ды скасаваў уведзеныя Сапегамі патрабаванні. Увогуле жыхары Любішчыцаў былі вядомыя сваім упартым характарам: у XVIII стагоддзі тут нават адбыўся так званы «Мядовы бунт», калі месцічы адмовіліся сплочваць Ганне Сапяжанцы падатак за вуллі, што паставілі ля сваіх хатаў, што цалкам адпавядала закону, які прадугледжваў «даніну мядовую» толькі з тых борцяў, што размяшчаліся ў казённым лесе. Сапегі гаспадарылі ў Любішчыцах ажно да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. За Расійскай імперыяй маёнтак у Сапегаў забралі ды перавялі на рахунак дзяржавы. Новая ўлада вырашала ўжо ўсе судовыя спрэчкі казакамі ды бізунамі, скарга месцічаў на мясцовага аканома скончылася публічным пакараннем, а 12 чалавек, якія падпісалі скаргу, былі арыштаваныя ды сасланыя.
Ужо пасля скасавання ўніі ў Любішчыцах была ўзведзена праваслаўная царква, асвечаная ў гонар Святой Ганны, якую мы можам пабачыць і сёння. Царква мае вельмі адметны выгляд, бо пабудаваная ў стылі позняга красіцызму ў 1845 годзе, яшчэ да Студзеньскага паўстання, пасля якога на тэрыторыі Беларусі пачалося масавае будаўніцтва цэркваў у рэтраспектыўна-рускім стылі, так званых «мураўёвак», з мэтай наблізіць беларускую праваслаўную архітэктуру да расійскай.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
17 траўня 1863 года ля царквы ў Любішчыцах быў зачытаны паўстанцкі Маніфест. Пра гэты факт мы ведаем дзякуючы даносу мясцовага святара Лук’яна Гамаліцкага, які апісаў падзеі наступным чынам: «17 траўня ў 8 гадзін на дванаццаці паштовых тройках прыбылі ў вёску Любішчыцы ўзброеныя інсургенты. Яны пачалі біць у званы, разаслалі конных збіраць па вёсках сялянаў у царкву...». Тут, ля царквы, мясцовы люд далучаўся да паўстанцкіх шэрагаў, а ўжо 21 траўня 1863 года адбылася знакамітая пераможная бітва пад Мілавідамі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: radzima.org
У ХІХ стагоддзі Любішчыцы лічыліся самай вялікай вёскай Гродзенскай губерні. А на пачатку ХХ стагоддзя насельніцтва вёскі складала ажно больш за дзве тысячы чалавек. З цікавых помнікаў міжваеннага перыяду тут захавалася «польская школа», пабудаваная ў 1939 годзе. Але школа ў Любішчыцах так і не пабачыла вучняў, бо 1 верасня пачалася Другая сусветная вайна і ў будынку размясціўся мясцовы шпіталь.
Фота: wikimedia.org
Івацэвічы
Фота: planetabelarus.by
Далей рушым у сам раённы цэнтр, горад Івацэвічы, які ў пісьмовых крыніцах вядомы з 1519 года. Тагачасныя Івацэвічы ўзгадваюцца ў «Літоўскай метрыцы» як фальварак, які належаў Сапегам, а з 1654 года гаспадарамі тут былі прадстаўнікі знакамітага шляхецкага роду Юндзілаў. Бадай адзіны архітэктурны помнік мінуўшчыны, які ацалеў у Івацэвічах — гэта будынак сядзібы Юндзілаў. Аднапавярховы палац у стылі класіцызм быў пабудаваны тут на мяжы ХVIII — ХІХ стагоддзяў.
Фота: probelarus.com
Фото: intex-press.by
Францішак Юндзіл, як згадвалася раней, быў адным з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання ў Слонімскім павеце, у які ўваходзілі тагачасныя Івацэвічы. Пасля паразы інсургентаў шматлікія маёнткі Юндзілаў былі сканфіскаваныя царскім урадам, у тым ліку і івацэвіцкі. Толькі пасля царскай амністыі Юндзілы вярнуліся ў Івацэвічы. Але з прыйсцем савецкай улады ў 1939 годзе вымушаныя былі назаўжды пакінуць маёнтак. З 1949 года ў сядзібе Юндзілаў у Івацэвічах месцілася раённая лякарня.
Есць у Івацэвічах яшчэ часткова захаваны помнік, але яго можна пабачыць толькі патрапіўшы ў івацэвіцкую выпраўленчую калонію. Гэта касцёл Узвышэння Святога Крыжа 1750 года пабудовы. У 1866 годзе будынак быў перададзены праваслаўным вернікам, у 1922 годзе і да канца Другой сусветнай вайны касцёл зноў служыў каталікам.
Івацэвічы пачалі разбудоўвацца адносна нядаўна, з 1871 года, менавіта тады пабач з маёнткам была пракладзена Маскоўска-Брэсцкая чыгунка ды размешчана станцыя, што вельмі паспрыяла далейшаму эканамічнаму развіццю паселішча. Ужо за савецкім часам, у 1966 годзе, Івацэвічы атрымалі статус горада.
Фота: planetabelarus.by
Ёсць у Івацэвічах яшчэ адна цікавостка — пункт Дугі Струвэ. Памятны знак у гонар самых маштабных даследаванняў формы і памераў ХІХ стагоддзя Зямлі ў Івацэвічах усталявалі ў 1930 годзе.
Фота: radzima.org
Фота: radzima.org
Шыбельная гара
Недалёка ад Івацэвічаў па дарозе на Косава з правага боку знаходзіцца памятная мясціна, звязаная з паўстаннем 1863 года — Шыбельная гара. Тут, у лесе, пасля паразы паўстання царскія карнікі павесілі 20 інсургентаў. Тут жа яны былі і пахаваныя. Паводле расповедаў мясцовых старажылаў, яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на соснах на Шыбельнай гары з-пад кары былі відаць урослыя ў дрэвы іконы. Так пасля паўстання месцічы ўшаноўвалі забітых змагароў. Сёння ў памяць пра загінулых на гары ўсталявана некалькі крыжоў.
Фота: wikimedia.org
Фото: intex-press.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе
ПЖ, budzma.org