Вандруем разам: топ-5 месцаў у Беларусі з містычнымі да дрыжыкаў гісторыямі

Зрабілі падборку самых містычных мясцін Беларусі, якая абавязкова прыйдзецца да спадобы аматарам фільмаў жахаў і фэнтэзі, а таксама тым, хто цікавіцца літаратурай з містычнымі сюжэтамі. Падчас вандровак па гэтым маршруце можна ўбачыць беларускае «вока Саўрана», спужацца прывідаў і вампіраў, зрабіць здымак сапраўднай піраміды, у якой займаліся чорнай магіяй, і магчыма, злавіць русалку.

Выпраўляемся ў падарожжа разам!

Мёртвае возера на Мядзельшчыне

Калі вы аматар аматары творчасці Джона Толкіна і яго «Уладара пярсцёнкаў», абавязкова наведайце гэты вадаём на Мядзельшчыне.

1.pngМёртвае возера. Фота: profkult-gomel.by 

Варта ўбачыць здымак з птушынага палёту, і адразу згадваецца злавеснае вока галоўнага злодзея сагі Толкіна — Саўрана.

2.jpg
Вока Саўрана. Фота: techcult.ru 

Не абышлося і без містыкі: згодна павер’яў, на дне возера ёсць гаючая крыніца, якую раней ахоўвалі русалкі. Міфічныя істоты дазвалялі нямоглым і параненым купацца, каб пазбавіцца ад хвароб. Але, калі да возера прыйшлі п’яныя казакі, то спужалі русалак брыдкімі п’янымі выхадкамі. Русалкі адпомсцілі казакам, затапіўшы іх лагер. А потым разам з рыбамі і жывёламі сышлі невядома куды.

Насамрэч, з-за высокага ўтрымання серавадароду і іншых рэчываў у вадзе возера амаль няма ніякага падводнага жыцця. Толькі дробныя віды рыб ля берага. Таму і пайшла легенда, што ў возера ёсць падвойнае дно, і гэта дадае месцу загадкавасці.

Гальшанскі замак на Ашмяншчыне

Аматарам «Паляўнічых на прывідаў», Каспера ці братоў Вінчэстэраў варта пабываць у Гальшанскім замку. Згодна легендам, тут можна сустрэць як мінімум 2 прывіды!

Падчас будаўніцтва кляштара непадалёк ад замка пастаянна абсыпалася адна са сцен. Каб завяршыць працу, будаўнікі дамовіліся на злую справу — прынесці чалавечую ахвяру. І замураваць у сцяну першую жанчыну, якая з’явіцца на будоўлі.

3.jpgГальшанскі кляштар. Фота: probelarus.by 

У тагачаснай будбрыгадзе толькі пачаў сваю прафесійную дзейнасць малады муляр, што толькі ажаніўся. Сталася так, што першай жанчынай, якая прыйшла на будоўлю была ягоная жонка — прыгожая маладая жанчына ў белай вопратцы прынесла мужу абед. Будаўнікі схапілі яе і замуравалі ў сцяне. Кажуць, да сённяшніх дзён блукае там прывід жанчыны ў белым строі.

4.jpg
Белая панна. Фота: grodnonews.by

Як выявілася, гэта не проста жудасная мясцовая легенда. У 2000 годзе пры рэстаўрацыі кляштара ў адной са сцен быў знойдзены жаночы шкілет. Дваім рабочым далі загад замовіць імшу за супакой душы памерлай, яны ж папросту дзесьці пакінулі скрыню з парэшткамі і нікому не сказалі. А праз некалькі месяцаў самі памерлі. Кажуць, таму што белая панна недалюблівае мужчын, бо загубілі яе.

Другая гісторыя звязаная з прывідам Чорнага манаха. У даўнія часы закахаўся селянін у князёўну Ганну Гальшанскую. Пачаў аказваць знакі ўвагі, а прыгажуня адказала ўзаемнасцю. Закаханыя сталі сустракацца ўпотай уночы, а каб хлопца ніхто не заўважыў па дарозе да князёўны, ён апранаў чорную манаскую вопратку.

Праз пэўны час пра патаемныя сустрэчы даведаўся бацька князёўны, і гэта яго моцна раззлавала. Ён загадаў схапіць няшчаснага юнака і замураваць у адной са сцен замка.

5.jpgЧорны манах. Фота: u-f-l.net 

З тых часоў і бачаць людзі прывід Чорнага манаха, які па начах блукае па разбураных сценах і ахоўвае замак.

Піраміда некраманта ва Уздзе

Ніхто з адмыслоўцаў не можа растлумачыць дзіўную форму фамільнай пахавальні, якую пабудавалі для роду Завішаў. Такая форма не ўласцівая для нашых земляў.

Прадстаўнік роду Завішаў заўсёды вылучаліся цікавасцю да алхіміі і містыкі. Паводле падання, адзін з роду Завішаў цікавіўся некрамантыяй і ўступіў у здзелку з цёмнымі сіламі, каб знайсці сакрэт вечнага жыцця і багацця. Ад той містычнай падзеі і пачалося багацце роду. Пры гэтым жанчыны з Завішаў заўсёды выдаткоўвалі велізарныя сумы на фундатарства кляштараў і касцёлаў.

Згодна легендзе, у XVIII стагоддзі Завішы яшчэ больш захапіліся акультнымі навукамі і сабралі ў сябе ў маёнтку велізарную бібліятэку забароненых кніг, калекцыю незвычайных артэфактаў, за некаторымі з іх была арганізавана экспедыцыя ў Егіпет. У той жа час на могілках была збудаваная піраміда-склеп з патаемным пакоем для забароненых рытуалаў.

7.jpgПіраміда-склеп Завішаў ва Уздзе. Фота: planetabelarus.by

Гэтая піраміда стаіць па сёння і сваім незвычайным выглядам прыцягвае як турыстаў, так і шукальнікаў скарбаў, якія спрабуюць патрапіць у піраміду і знайсці той самы патаемны пакой. Падчас такіх візітаў, згодна мясцовай байцы, з-пад зямлі піраміды пачынае падымацца густы туман, і раздаюцца страшныя гукі. Пасля такога ўжо яўна не захочацца ніякіх скарбаў.

Вёска вампіраў і вурдалакаў на Піншчыне

Вёска Парэ ў Беларусі вядомая дзякуючы мясцовым могілкам, дзе над некаторымі магіламі ўсталяваныя дубовыя калоды з крыжамі або камяні. Згодна мясцовым павер’ям, такія «нарубы» служылі абаронай ад нячысцікаў, вампіраў, упыроў ці кастамахаў — згнілых да костак істот, што палохалі мінакоў каля могілак і паскудзілі ў вёсках.


9.png«Наруб» на магіле. Фота: my-places.by 

Кастамахамі ажыўшых мерцвякоў называюць мясцовыя людзі. У такіх істотаў пераўтвараліся злачынцы, самагубцы і тыя, хто пры жыцці займаўся вядзьмарствам. Легенды пра кастамахаў і нячысцікаў, якія пакідаюць свае магілы ноччу, узыходзяць да старога славянскага фальклору і вядомыя з XVII стагоддзя.

10.jpg
Сяляне на могілках ставяць «нарубы». Фота: mlyn.by 

З-за гэтых легенд Парэ займела славу «самай містычнай вёскі» ў Беларусі і стала месцам прыцягнення для аматараў містыкі, турыстаў і даследчыкаў.

Насамрэч нічога містычнага ў «нарубах» няма. Падобны спосаб пахавання з’яўляецца толькі народнай традыцыяй і спосабам у выпадку чаго адрозніць і знайсці магілу сваяка.

Горад на дне возера Свіцязь на Наваградчыне

Адам Міцкевіч у свой час захапляўся не толькі маляўнічым вадаёмам, але і міфамі пра возера, пра што і распавёў у сваім знакамітым творы «Свіцязь».

У часы Міндоўга на месцы возера стаяў горад. Кіраваў ім князь Туган. Калі пачалася чарговая вайна, вялікі князь загадаў Тугану прыйсці са сваёй дружынай на дапамогу, воі пакінулі горад, і такім чынам ён стаў безабаронным.

Ноччу на горад нечакана наляцелі ворагі. Каб не быць забітымі і не трапіць у палон старыя, жанчыны і дзеці пачалі маліць вышэйшыя сілы аб паратунку. Тады горад нечакана пераўтварыўся ў возера, жыхары — у кветкі, а ворагі патанулі.

sviciaz.jpgВозера Свіцязь

З тых часоў тут і знаходзіцца возера Свіцязь, дзе, згодна яшчэ адной легенды, жывуць незвычайныя русалкі — свіцязянкі. Яны завабліваюць людзей у ваду, дзе тыя і гінуць. Калі злавіць такую русалку, яна раскажа гісторыю былога горада.

12.jpg «Свіцязянка». Казімір Альхімовіч, 1898 — 1900

У 1970-х гадах мінулага стагоддзя на дне возера быў знойдзены фрагмент брукаванай дарогі, што, як мяркуюць некаторыя адмыслоўцы, можа пацвярджаць старажытныя легенды. Археолагі лічаць, што па дне возера калісьці праходзілі старажытныя сцежкі балтскіх плямёнаў.

Сучасныя даследаванні з выкарыстаннем вадалазнага абсталявання таксама выявілі пацвярджэнні існавання чагосьці рукатворнага пад вадой, хоць ілістае дно і каламутная вада абцяжарваюць далейшыя пошукі. На сёння гэты круглы вадаём з маляўнічым ландшафтам і ўнікальнай флорай уваходзіць у склад аднайменнага заказніка.

11.jpg
Возера Свіцязь. Фота: poznaibelarus.by 

Вандруйце і спазнавайце гісторыю роднага краю!