Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па Мёрскім раёне Віцебскай вобласці. Прапануем наступны маршрут: Дзісна — Дарожкавічы — Галомысла — Язна — Мёры — Лявонпаль — Вята — Пруднікі — Ідолта — Дзедзіна — Ніўнікі — Пераброддзе — Камянполле — Кублішчына — Новы Пагост — Стэфанова — Ельня — Балота Мох. Сёння нас чакае вёска Асада-Дзедзіна з рэшткамі палацава-паркавага ансамблю Рудніцкіх, вёскі Ніўнікі і Пераброддзе з унікальнымі драўлянымі храмамі пачатку мінулага стагоддзя, найвышэйшая кропка Мёрскага раёна — гара Воўчая і іншыя цікавосткі.
Фота: planetabelarus.by
Першай кропкай нашага сённяшняга маршруту прапануем зрабіць вёску Асада-Дзедзіна. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Дзедзіна, ці Дзедзінка, ўзгадваецца ў 1517 годзе. Тут часта змяняліся гаспадары: першапачаткова паселішча належала роду Рудамінаў, пасля Агінскім, Мірскім, зноў Рудамінам, якія прадалі яго Рудніцкім, каторыя і пабудавалі палац, што захаваўся да нашых дзён у вёсцы Асада-Дзедзіна.
Фота: vasilitytravel.by
Аляксандр Рудніцкі ў 1810 годзе заклаў у Дзедзінцы сядзібны дом у стылі класіцызм па праекце архітэктара Віткоўскага. Сядзіба будавалася каля дзесяці год. Захавалася падрабязнае апісанне інтэр’ераў будынка. Плошча сядзібнага дома складала 773 квадраты, усе дзверы сядзібы былі зроблены з дубу, у кожным пакоі меўся комін.
Палац Рудніцкіх, Асада-Дзедзіна, 1919–1939 гг.
Сталаваліся гаспадары за масіўным сталом з цёмнага дуба. Галоўная заля была аздоблена мэбляй XVIII стагоддзя, комінам, складзеным з белага мармуру. Пры сядзібе мелася вялікая бібліятэка, якая налічвала некалькі тысячаў выданняў у асноўным ХІХ стагоддзя па-польску, па-французску, па-нямецку, па-лацінску і на шматлікіх іншых мовах.
Фота: belnaviny.by
Пасля палац перайшоў у спадчыну сыну Аляксандра Рудніцкага, пасля Зыгмунту Рудніцкаму, які заклаў маёнтак роду Вішнявецкіх, але перад Першай сусветнай вайной у 1939 годзе швагерка Рудніцкага Алена Яблонская выкупіла маёнтак і падаравала яго Віленскаму ўніверсітэту.
Фота: vasilitytravel.by
Фота: vasilitytravel.by
Падчас Другой сусветнай вайны Зыгмунт Рудніцкі вярнуўся ў Дзедзіна ды быў прызначаны старастам, але быў расстраляны, бо, паводле ўспамінаў месцічаў, моцна дзейнічаў на карысць мясцовага люду і не выконваў загадаў нямецкіх уладаў, за што і быў забіты. За Саветамі ў будынку сядзібы месціўся цэнтр калгаса «Ленінскі шлях», і ён паступова прыходзіў у заняпад.
Фота: vasilitytravel.by
Фота: vasilitytravel.by
Фота: vasilitytravel.by
Сёння з вялікага сядзібнага комплексу, апроч крушняў палаца, захаваліся дзве каменныя гаспадарчыя пабудовы, размешчаныя ва ўсходняй частцы маёнтка, фрагменты пейзажнага парку і дзве сажалкі з колішняй паркавай воднай сістэмы.
Фота: planetabelarus.by
Варта ўзагадаць, што ў Асада-Дзедзіна нарадзіўся і вучыўся ў пачатковай школе Чэслаў Сіповіч — беларускі святар усходняга каталіцкага абраду, першы беларускі грэка-каталіцкі біскуп у ХХ стагоддзі, доктар багаслоўскіх навук, адзін з беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў экуменізму, гісторык, культуролаг, пісьменнік, публіцыст і перакладчык.
Чэслаў Сіповіч
У вялікай ступені дзякуючы Чэславу Сіповічу беларуская грэка-каталіцкая традыцыя захавалася на эміграцыі і вярнулася ў Беларусь ужо ў 1990-я. У Дзедзіна варта наведаць магілу бацькоў Чэслава Сіповіча, куды прывезена і зямля з ягонай магілы, якая месціцца на могілках Св. Панкрата ў Лондане.
Фота: wikimedia.org
Фота: wikimedia.org
Яшчэ адной цікавосткай Дзедзіна з’яўляецца мясцовая крыніца, якая, паводле легенды, з’явілася яшчэ ў той час, калі па зямлі хадзіла Маці Божая, адпаведна, вада крынічная — ейныя слёзы. Месцічы вераць, што вада з Дзедзінскай крыніцы мае лекавыя ўласцівасці, асабліва дапамагае ад хваробаў вачэй ды скуры.
Фота: fotobel.by
Размешчана крынічка на паўднёвым захадзе Асада-Дзедзіна. У 2019 годзе тэрыторыя вакол крыніцы была добраўпарадкавана, таму наведвальнікам там ёсць дзе зручна прыпыніцца на нейкі час.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Наступным нашым прыпынкам на Мёршчыне прапануем зрабіць вёску Ніўнікі — адзін з цэнтраў рассялення старавераў на Беларусі. Першапачаткова вёска мела назву Вялікія Петкуны, а з ХХ стагоддзя ўжо фігуруе як Ніўнікі.
Фота: planetabelarus.by
Вёска размешчана паміж двума вазёрамі: Петкуны і Гарушка. Адной з цікавостак Ніўнікаў з’яўляецца тое, што побач з вёскай знаходзіцца найвышэйшая кропка Мёрскага і Браслаўскага раёнаў — гара Воўчая, якую таксама варта наведаць. Гара Воўчая — найвышэйшая кропка Браслаўскай грады, 210 метраў над узроўнем мора.
Фота: vlib.by
Асноўнай архітэктурнай перлінай Ніўнікаў з’яўляецца стараверская драўляная царква, пабудаваная ў 1906 годзе. Царква ў Ніўніках аб’ядноўвае ў сабе рысы народнага дойлідства і рэтраспектыўна-рускага стылю. Унутры царквы варта звярнуць увагу на абразы ХVIII — XIX стст.: "Жыццё Яна Багаслова, "Уваскрасенне Хрыстова, «Святы Мікалай», «Нараджэнне Хрыстова» ды іншыя.
Фота: wikimedia.org
Фота: wikimedia.org
Далей прапануем наведаць вёску Пераброддзе, якая ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1571 годзе як горад. Вядома, што 25 лютага 1571 года Пераброддзе атрымала прывілей на самакіраванне за подпісам Жыгімонта Аўгуста.
Фота: planetabelarus.by
Вядома пра будаўніцтва тут у 1782 годзе грэка-каталіцкай царквы Св. Юр’я тагачасным гаспадаром Пераброддзя Ю. Касакоўскім. Пасля Лістападаўскага паўстання ўнія была скасаваная, і ўсе ўніяцкія цэрквы пераводзіліся ў праваслаўныя. Так адбылося і з царквой у Пераброддзі. А ў 1900 годзе тут здарыўся вялікі пажар, падчас якога згарэла і старажытная царква. Узвядзенне новага храма пачалося тут у 1908 годзе, ён быў асвечаны ў 1911 годзе і працуе па сённяшні дзень. За савецкім часам у будынку царквы месціўся клуб. Царква была вернута вернікам толькі ў 1990-я гады.
Фота: planetabelarus.by
Царкву Св. Георгія ў Пераброддзі прынята лічыць помнікам народнага дойлідства, але ў яе абліччы можна заўважыць і архітэктурныя элементы, характэрныя для рэтраспектыўна-рускага стылю.
Фота: planetabelarus.by
У 1790 годзе апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацвердзіў Пераброддзю Магдэбургскае права. Жыхары мястэчка, згодна з прывілеям, мелі магчымасць самастойна выбіраць бурмістра, войта, трымаць корчмы, крамы. Кароль меў план на пашырэнне Пераброддзя да вялікага горада. 3 чэрвеня 1792 года мястэчку быў нададзены герб з надпісам «Штандар свабоды і адзінства». У сучаснай Беларусі гэты герб Пераброддзя атрымаў афіцыйны статус 2 чэрвеня 2009 года.
Фота: wikimedia.org
Фота: wikimedia.org
У міжваенны час Пераброддзе знаходзілася пад польскай уладай. У 1933 годзе ў вёсцы з’явіўся невялікі драўляны рыма-каталіцкі касцёл Сэрца Езуса ў стылі мадэрн, які можам пабачыць у Пераброддзі і сёння. Храм за савецкім часам быў зачынены ды ператвораны ў збожжасховішча, праз што будынак імкліва прыходзіў да заняпаду. Толькі напачатку ХХІ стагоддзя вернікі здолелі аднавіць касцёл.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: wikimedia.org
Яшчэ беларуская поўнач вядомая вялікай колькасцю разнастайных валуноў. Пераброддзе не выключэнне. Ля вёскі таксама можна пабачыць валун-следавік вялікіх памераў. Асаблівасць гэтага каменя ў тым, што ён амаль цалкам замшэлы, але месца на ім, дзе месціцца адбітак чалавечай ступні, ніколі не зарастае мохам.
Фота: mijory.by
Фота: mijory.by
Пераброддзе ўтварылася на берагох двух вазёраў Абстэрна і Набіста. Магчыма, адтуль і назва паселішча. Існуе паданне, пра тое як Жыгімонт Аўгуст са сваім войскам шукаў, як перабрацца на іншы бераг, і жыхары рыбацкай вёскі, якая была на месцы паселішча, дапамаглі перайсці ўброд, пасля чаго вёску і пачалі называць Пераброддзе.
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ