У гэтыя дні ў Італіі ідзе 81-шы Венецыянскі кінафестываль — адзін з самых вялікіх і прэстыжных кінааглядаў заходняга свету. У яго багатых конкурснай і па-за конкурснай праграмах хапае жанравых праектаў, якія праз пэўны час трапяць ў шырокі пракат, у тым ліку і ў Беларусі.
Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі наўпрост з Венецыі распавядае пра самае цікавае, што хутка чакае і беларускага гледача.
Венецыянскі кінафестываль 2024. Фота: cinemasolace.com
Дысклэймер / Disclaimer (мінісерыял)
рэж. Альфонса Куарон
Пачатак паказу: 14 кастрычніка (Apple TV)
Адным восеньскім вечарам камфортнае жыццё вядомай журналісткі Кэтрын Рэйвэнcкроўт (Кейт Бланшэт) пераварочваецца. Пасля атрымання прэстыжнай ўзнагароды за сваю працу яе дома чакае яшчэ адзін сюрпрыз, толькі не зусім прыемны — кніга ад невядомага аўтара, які дэтальна апісвае яе любоўныя прыгоды на курорце 20-гадовай даўніны. Праблема ў тым, што муж Кэтрын (Саша Барон Коэн) і сын (Кодзі Сміт-Макфі) пра гэта нічога не ведаюць. А адным толькі адзюльтэрам справа не абмяжоўваецца.
Падаецца, што ўвесь ашаламляльны поспех, атрыманы Альфонса Куаронам пасля выхаду ў 2018 годзе шчырай і шчымліва настальгічнай па настроі аўтабіяграфічнай «Ромы», мастак выдаткаваў на творчы адпачынак. Аддаўшы 6 гадоў прадусаванню чужых аўтарскіх праектаў, мексіканец нарэшце зноў вярнуўся да рэжысёрскага рамяства. Вось толькі не на вялікія экраны, як чакалася, а на малы. Куарон адаптаваў для сэрвіса Apple TV псіхалагічны дэтэктыў «Дысклэймер» пачынаючай пісьменніцы Рэні Найт.
Фармальна да серыяла немагчыма прычапіцца — «Дысклэймер» атрымаўся, як па нотах разыгранай складам галівудскіх зорак, драмай. Двіжучай сілай у ёй (з улікам змешчаных гендарных роляў) становіцца курортная здрада і яе драматычнае сканчэнне. Адвечныя памылкі мінулага не толькі знішчаюць сямейныя адносіны і прафесійны імідж гераіні Бланшэт, але і разбураюць сям’ю яе даўно забытага каханка.
Мацнейшы бок праекта — гэта сцэнар і выбудаваная драматургія. Куарон паступова складае з трох сюжэтных ліній, якія адбываюцца ў розныя перыяды часу, адну вялікую мазаіку гісторыі. У Венецыі паказалі ўсе сем эпізодаў, і па выніку можна сказаць, што перад намі ніяк не меней, чым праект прэміўм-узроўню для стрымінгу. Адзінае, што расчароўвае — аднамернасць літаратурнай першакрыніцы. Дадактовых мэсэджаў «Дысклэймер» пазбаўлены. Гэта проста добра зроблены серыял, які хочацца даглядзець да канца, не пашкадаваўшы вечара. Але калі яго прапусціць, вы дакладна нічога не згубіце.
Марыя / Maria
рэж. Пабла Лараін
Пачатак паказаў: не анансавана (Netflix)
А вы чулі як Анджаліна Джалі спявае оперу «Тоска» Джакама Пучыні? Калі не, дык чылійскі кінарамантык Пабла Лараін хутка дасць магчымасць пабачыць гэты заварожваючы перформанс.
У сваім другім праекце, знятым для амерыканскага стрымінга Netflix, аўтар працягвае ўласны вернісаж драматычных партрэтаў выбітных жанчын ХХ стагоддзя. Пасля «Джэкі», прысвечанай першай лэдзі ЗША Жаклін Кенедзі, і «Спэнсер» пра брытанскую прынцэсу Дыяну на экраны трапіла біяграфія Марыі Калас — сусветна вядомай опернай спявачкі грэцкага паходжання.
Як у выпадку з мінулымі праектамі, Лараін вырашыў засяродзіцца на найбольш трагічным перыядзе жыцця артыстыкі — яе апошніх днях перад смерцю. Пакутуючы ад фармакалагічных галюцынацый і слабеючага голасу, жанчына паступова паглыбляецца ва ўспаміны пра сваё мінулае. Аўтары праходзяцца па ўсіх знакавых эпізодах жыцця Калас: пачатак яе кар’еры ў акупаваных нацыстамі Афінах, міжнароднае прызнанне і выступы на галоўных пляцоўках Еўропы, стасункі з жанатым грэцкім мільярдэрам Арыстоцелем Анасісам, балючыя размовы пра адсутнасць дзяцей і немагчымасць вярнуцца на вялікую сцэну. Рэжысёр уводзіць у аповед неіснуючага журналіста-біёграфа (Кодзі Сміт-Макфі), каб урэшце трымалася драматычная і эмацыйна насычаная вандроўка па няпростым жыцці гераіні. З эклектычных эпізодаў паўстае цэльная карціна характару Калас, яе мараў і унутранага свету.
З усіх кінапартрэтаў, якія рабіў Лараін дагэтуль, «Марыя» на дадзены момант выглядае найбольш паспяховым увасабленнем абранага Лараінам фармату. Хаця б праз тое, што біяграфіі Жаклін Кэнедзі і Дыяны Спэнсер былі найперш адлюстраваннем іх стасункаў з мужчынамі альбо іх таксічнымі сем’ямі. Калас таксама была замужам і мела ўплывовых каханкаў, але маштаб яе асобы і прага да творчасці настолькі дамініравалі ў жыцці, што ўсё астатняе проста не мела вялікага сэнсу. Ролю гэтай яркай асобы з вялікай самаадданасцю выканала Анджаліна Джалі, для якой роля стала адной з этапных з часоў фільма «Падмена» Клінта Іствуда. Да таго ж актрыса, сем месяцаў выдаткавала на трэнінг па оперным спевам. Усе гэтыя высілкі цягнуць на ўзнагароды. Якія? Паглядзім па выніках прэміяльнага сезону.
Бітлджус Бітлджус / Beetlejuice Beetlejuice
рэж. Цім Бёртан
Пачатак паказу: 6 верасня
Гучныя прэм’еры — галоўны скарб уплывовага фестывалю. У цэнтры ўвагі сёлетняй Біенале апынуўся паказ працягу знакавай гатычнай камедыі канца 80-х «Бітлджус». Усё таму што яна распачала рэжысёрскую кар’еру Ціма Бёртана і замацавала статус галівудскай зоркі Майкла Кітана, выканаўца ролі таго самага трыксцера з замагільнага свету з назвы.
Пры гэтым, будзем шчырымі, у сам праект і рэжысёра даўно ніхто не верыў. Распрацоўка сіквела бязвылазна знаходзілася ў «вытворчым пекле» апошнія 30 гадоў, а апошнія праекты Бёртана нязменна цярпелі фіяска ў пракаце. За выключэннем толькі серыяла «Уэнсдэй», які пабіў рэкорды праглядаў на Netflix.
Але можна не хвалявацца, крэдыт чакання аўтары цалкам адпрацавалі — «Бітлджус 2» трымае планку якасці арыгінальнай стужкі.
Сюжэт сіквела засяроджваецца на сям’і Дзіц, якая істотна змянілася. Пасталеўшая Лідзія (Вайнона Райдэр) паспяхова манетызавала сваю здольнасць бачыць мерцвякоў і вядзе рэйтынгаваю перадачу пра паранармальныя выпадкі на тэлебачанні. Яе пранырлівы прадзюсар і бойфрэнд Роры (Джасцін Тэру) настойвае на жаніцьбе, каб таемна атрымаць усе прыбыткі жанчыны. У самой Лідзіі разлад з бунтуючай дачкой-студэнткай (Джэна Артэга) праз трагічную смерць яе бацькі. У замагільным свеце таксама згушчаюцца хмары — з затачэння вызвалілася былая жонка Бітлджуса (Моніка Белучы), якая хоча адпомсціць мужу за гвалтоўную смерць.
Моніка Белучы ў фільме «Бітлджус 2»
Хаос шлюбных стасункаў персанажаў і вір жартаў з гэтай нагоды добра трымаюць увагу гледача. «Бітлджус 2» падобны адначасова на сімпатычны капуснік з галівудскіх зорак і гатычны вадэвіль, які дасягае самай моцы, калі падзеі нарэшце пераносяцца ў замагільны свет, у якім жывуць пясчаныя чэрві і трупы-бюракраты выдаюць навічкам дазвол на праход у свет памерлых.
Пры гэтым чакаць нейкіх адкрыццяў ці аўтарскіх эксперыментаў тут не варта. Як і належыць студыйнаму праекту, «Бітлджус 2» працуе на полі настальгіі і пазнавальнасці, не спрабуючы скочыць вышэй сваёй галавы. У часы, калі камерцыйнае кіно далёка не заўсёды выконвае сваю базавую функцыю — забаўляць гледача, гэта ўжо чагосьці ды варта.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org