У сярэднявечным касцёле стварылі змрочную атмасферу таталітарызму — крыж, пакрыты камерамі назірання, чырвонае святло і пшанічнае поле. І незвычайная страва, прыгатаваная адным з найлепшых кухараў свету. Як выглядае беларуская выстава на адным з найбольш прэстыжных арт-фестываляў расказвае «Наша Ніва».
«Official. Unofficial. Belarus». Фота: сацсеткі С.Г.
Беларусь у Венецыі сёлета адкрываецца з забароненых кніг, камер назірання і турэмных кратаў. З гукаў, якія нагадваюць пра страх. З культуры, якая даўно жыве па-за дзяржаўнымі сценамі, але ўсё роўна вяртае сабе права называцца беларускай.
Выстава «Official. Unofficial. Belarus» («Афіцыйна. Неафіцыйна. Беларусь») адкрываецца ў Венецыі як частка праграмы адной з галоўных арт-падзей свету — Венецыянскага біенале. Яе зрабіла каманда Беларускага свабоднага тэатра разам з мастакамі і кампазітарамі. Куратарка праекта — Даніэла Каляда.
На адкрыцці былі Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка. Выставу наведала і Святлана Ціханоўская.
61‑ы Венецыянскі біенале праходзіць з 9 мая да 22 лістапада 2026 года пад назвай In Minor Keys (што перакладаецца «У мінорных танальнасцях»). У цэнтральнай выставе ўдзельнічаюць 110 запрошаных аўтараў, калектываў і мастацкіх арганізацый, а побач з ёй — 100 нацыянальных прадстаўніцтваў.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Назва выставы «Official. Unofficial. Belarus» гучыць амаль як палітычная формула. Гэта дзве Беларусі: адна — з дзяржаўнымі сцягамі і кантролем, другая — з падпольнымі спектаклямі, эміграцыяй, палітвязнямі, забароненымі імёнамі. Таму прысутнасць незалежных беларускіх творцаў у Венецыі — гэта спрэчка за права адказваць на пытанне: хто сёння мае маральнае права гаварыць ад імя Беларусі?
Ідэя незалежнай беларускай прысутнасці ў Венецыі нарадзілася яшчэ летась. Даніэла Каляда ў гутарцы з «Нашай Нівай» расказвае, што разам з маці, сузаснавальніцай Беларускага свабоднага тэатра, Наталляй Калядой прыехала тады ў Венецыю на адкрыццё тэатральнага біенале. Там яны пазнаёміліся з прэзідэнтам Венецыянскай біенале П’етранджэла Бутафуока і запітчылі яму ідэю.
Але сістэма біенале працуе інакш: нацыянальны павільён можа падавацца толькі праз дзяржаўныя структуры — фактычна праз Міністэрства культуры. Таму Беларускі свабодны тэатр падаў праект як афіцыйную паралельную падзею.
«Нам давялося праходзіць конкурс, — расказвае Даніэла. — Было каля 400‑500 розных арганізацый і мастакоў, якія прадстаўлялі свае праекты. Біенале выбірае прыкладна ад 16 да 30 тых, якія найбольш адпавядаюць канцэпцыі года». Пра тое, што беларускі праект адабралі, каманда даведалася ў канцы снежня. На падрыхтоўку засталося каля пяці месяцаў.
Даніэла Каляда кажа: сваім праектам яны хацелі зрабіць першы крок, ад якога ў будучыні змогуць адштурхоўвацца іншыя мастакі і інстытуцыі і ўдзельнічаць у буйных фестывалях.
Беларуская выстава размешчаная ў касцёле Сан-Джавані Евангеліста. Праект задуманы як шматсэнсарны досвед: яго трэба не толькі глядзець, але і слухаць, адчуваць целам.
Першапачаткова канцэпцыя выставы фармулявалася як «медытацыя пра канец прыватнасці», найперш у сэнсе кіберабяспекі і кантролю над чалавекам праз тэхналогіі. Першы вобраз, які ўзнік у каманды, — крыж з камер відэаназірання. Ад яго і пачала выбудоўвацца ўся экспазіцыя.

Уваход на беларускую выставу ў касцёле. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Касцёл выбралі не толькі як прыгожую гістарычную прастору. Даніэла Каляда тлумачыць, што месца само падказала частку канцэпцыі. У Савецкім Саюзе дзяржава спрабавала заняць месца рэлігіі — прысвоіць сабе ролю ўсюдыіснага і ўсёвідушчага вока. Паводле куратаркі, сёння аўтарытарная дзяржава робіць нешта падобнае: прэтэндуе на поўнае веданне пра чалавека, яго рухі, сувязі, словы і нават страхі.
На гэтым кантрасце і пабудаваная выстава: старая сакральная прастора, дзе раней чалавек гаварыў з Богам, сутыкаецца з сучаснымі тэхналогіямі сачэння.
Унутры царквы — жывапісныя працы гродзенскага мастака Сяргея Грыневіча, задуманыя як своеасаблівыя алтарныя выявы. Гэта знаёмыя вобразы, але з незвычайных, нечаканых ракурсаў.
Для самога Грыневіча ўдзел у выставе стаў, фактычна, кропкай невяртання. Даніэла Каляда расказвае, што пасля 2020 года мастак ужо не мог нармальна паказваць свае працы ў Беларусі.
«Ён разумеў, што, калі будзе ўдзельнічаць у выставе, магчыма, ніколі не зможа вярнуцца ў Беларусь, — кажа Даніэла. — І ён выехаў з Беларусі за дзень да таго, як у сакавіку абвясцілі наш удзел у біенале».

Выстава «Official. Unofficial. Belarus». Фота: сацсеткі С.Г.
Побач, у нішы касцёла — інсталяцыя сузаснавальніка Беларускага свабоднага тэатра Мікалая Халезіна: вялікая сфера з кніг, забароненых у Беларусі, якая ляжыць на каўшы бульдозера.

«Official. Unofficial. Belarus». Інсталяцыя з забароненых у Беларусі кніг. Фота: сацсеткі С.Г.
Кампазітарка Вольга Падгайская стварыла для выставы арганную музыку — паслядоўнасць трывог, нарастанняў і цішыні. The Guardian піша, што ў лістападзе яе мужа затрымалі на 15 сутак падчас паездкі ў Беларусь. Была пагроза працяглага зняволення.
«Я хацела крычаць, — кажа кампазітарка. — Але калі хтосьці ў турме, нельга быць гучнай, бо яго будуць біць». Яна спадзяецца, што ў яе музыцы можна пачуць гэтую траўму і што яна стане напамінам: зло жыве вельмі блізка.
У праекце ёсць і праца дызайнера Уладзіміра Цэслера: з турэмных кратаў ён склаў саламяныя павукі — традыцыйны беларускі абярэг, які ў гэтай прасторы набывае зусім іншае, трывожнае значэнне. Тут жа гучаць сведчанні былых палітвязняў: іх зачытваюць сусветна вядомыя дзеячы культуры, сярод якіх Стывен Фрай і Джыліян Андэрсан. Выстава працуе і з пахам, створаным спецыяльна для гэтай прасторы, і са смакам: дацкі шэф-кухар Расмус Мунк, якога называюць адным з самых эпатажных і найлепшых кухараў свету, прыдумаў гастранамічны элемент, які перадае досвед зняволення пры аўтарытарным рэжыме.
Расмус Мунк — кіраўнік капенгагенскага рэстарана Alchemist, які мае дзве зоркі Michelin і ўваходзіць у лік самых вядомых эксперыментальных рэстаранаў свету. Ідэя ўзнікла з размоў пра досвед палітвязняў і ролю ежы ў турме: як хутка яе смак і якасць страчваюць значэнне, калі ежа ператвараецца ў частку сістэмы прыніжэння і кантролю.
Мунк стварыў круглыя аплаткі колеру беларускай турэмнай робы. Яны зробленыя з метылцэлюлозы і растаюць у роце адразу, як толькі дакранаюцца да языка. Але ў іх складзе ёсць спецыі, ад якіх язык і частка твару часова нямеюць.
«Гэта метафара свабоды і надзеі, за якую ты трымаешся да апошняга моманту, але яна знікае, — тлумачыць Даніэла. — У выніку застаецца толькі ўспамін у форме лёгкага здранцвення ў роце».
На ўваходзе наведнікаў сустракае крыж, сабраны з камер відэаназірання. Гэта адзін з самых моцных вобразаў выставы: у ім сышліся рэлігійны сімвал пакуты і вельмі сучаснае адчуванне, што чалавек пастаянна знаходзіцца пад чыімсьці наглядам.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Адна з арганізатарак выставы, сузаснавальніца Беларускага свабоднага тэатра Наталля Каляда ў інтэрв’ю СМІ тлумачыць, што аўтары імкнуліся да таго, каб наведнік не проста «даведаўся пра сітуацыю», а каб ён прайшоў праз яе: праз гук, пах, назіранне і цялеснае адчуванне. Іншымі словамі, выстава спрабуе паказаць, як рэпрэсіі пасяляюцца ў целе: у тым, як чалавек слухае крокі за дзвярыма, як рэагуе на званок, як замаўкае, калі баіцца нашкодзіць блізкім.
Адзін з самых выразных аб’ектаў выставы — вялізны шар з кніг на каўшы бульдозера, якія ў Беларусі трапілі пад адкрытую забарону або былі выціснутыя з публічнай прасторы.
Сярод іх — «Час сэканд-хэнд» Святланы Алексіевіч, «ГУЛАГ» Эн Эплбаўм, «Лаліта» Уладзіміра Набокава, «Персеполіс» Маржан Сатрапі, «Над прорвай у жыце» Джэрома Дэвіда Сэлінджэра, «На іголцы» Ірвіна Уэлша, «Калыханка» Чака Паланіка, «Самазабойствы цнатлівых» Джэфры Еўгенідзіса, «Сучасная энцыклапедыя для дзяўчынак» Каці Дзянісавай і Марыны Ментусавай, «Беларуская нацыянальная ідэя» Змітра Лукашука і Максіма Гарунова, «Гвалт» Сашы Чарнухі, «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец.
Гэты набор выглядае абсурдна шырокім: у адным полі апынаюцца дакументальная проза пра савецкі досвед, даследаванне ГУЛАГа, класіка ХХ стагоддзя, графічны раман пра жыццё падчас Ісламскай рэвалюцыі ў Іране, кнігі пра гендар, цялеснасць, сэксуальнасць, псіхалагічную траўму, гвалт і асабістую свабоду. І менавіта ў гэтай разнастайнасці — галоўная сутнасць інсталяцыі.
Беларуская цэнзура баіцца не аднаго канкрэтнага жанру або адной канкрэтнай ідэі. Яна баіцца ўсяго, што вучыць чалавека памятаць, сумнявацца, параўноўваць, называць рэчы сваімі імёнамі.

Фота з фэйсбука журналіста Змітра Лукашука
Паводле Беларускага ПЭНа, у Беларусі цяпер 336 кніг забароненыя з палітычных або ідэалагічных прычын, больш за 280 аўтараў знаходзяцца пад забаронай, ліквідаваныя пяць незалежных выдавецтваў.
Даніэла Каляда расказвае, што ўсе працы для выставы ствараліся спецыяльна пад гэты праект: нічога не было гатова загадзя. Спачатку каманда працавала ў Варшаве, а ўжо ў красавіку перавезла працы ў Венецыю. Апошнія тры-чатыры тыдні перад адкрыццём мантаж і дапрацоўкі ішлі ўжо на месцы.
Важнай часткай гэтай працы сталі людзі, якія нядаўна выйшлі з беларускіх турмаў. Паводле Даніэлы, пасля вызвалення ў снежні многія апынуліся ў Польшчы без працы, але з патрэбай зноў адчуць супольнасць. Таму тыя, хто хацеў далучыцца, дапамагалі камандзе.
Імёны гэтых людзей не называюцца. «Яны ўсе пажадалі застацца ананімнымі, — тлумачыць Даніэла. — Праект прыцягвае вялікую ўвагу ўладаў, і ніхто не хоча падстаўляць сем’і або сяброў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Беларусі». Паводле яе, менавіта дзякуючы гэтай дапамозе каманда змагла фізічна сабраць выставу.
Саламянае поле, якое стварылі былыя палітвязні. Фота: сацсеткі С.Г.
Гэтая выстава спрабуе ўлавіць два станы адначасова: здранцвенне таго, хто трапіў у турму, і страх тых, хто застаўся звонку. Але яна не застаецца толькі ў беларускім 2020-м. Даніэла Каляда ў размове з The Guardian кажа, што Беларусь — «унікальная аўтарытарная камбінацыя», але само адчуванне сачэння сёння зразумелае многім. Наталля дадае яшчэ больш жорстка: раней у Беларусі можна было пакінуць тэлефон і пайсці гаварыць у лес, цяпер не дапамагае нават гэта.
«Няма месца, дзе чалавек можа быць у бяспецы», — кажа яна.
Раней Беларусь ужо з’яўлялася на Венецыянскім біенале — у 2019 годзе, а таксама у 2015‑м і 2009-м. Тады беларускі нацыянальны павільён рыхтавалі афіцыйныя структуры: Міністэрства культуры, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і пасольства Беларусі ў Італіі. На гэтым фоне цяперашняя прысутнасць Беларусі ў Венецыі выглядае прынцыпова інакш: як голас незалежнай культуры.
У гэтай выставе ёсць важная інтанацыя — беларуская культура не просіць жалю і не патрабуе, каб яе пашкадавалі. Яна пра права на прысутнасць. Пра тое, што краіну могуць прадстаўляць незалежныя мастакі, кампазітары, людзі ў выгнанні — тыя, хто не атрымаў дазволу, але ўсё роўна гаворыць.
Да выставы лёгка выказаць прадказальны скепсіс: маўляў, Беларусь зноў паказваюць і тлумачаць усяму свету праз рэпрэсіі, турмы, цэнзуру і выгнанне. Усё, надакучыла. Але праблема не ў тым, што беларускае мастацтва зноў гаворыць пра рэпрэсіі. Праблема ў тым, што рэпрэсіі ў Беларусі не сканчаюцца. Маўчанне толькі дапамагае тым, хто хацеў бы гэта сцерці, перапісаць і зрабіць нябачным.
Для Даніэлы гэтая выстава не толькі пра Беларусь. Беларусь тут — кропка ўваходу ў значна шырэйшую размову.
«Да нас прыходзяць людзі з Тайланда, Ганконга, Ірана і бачаць у гэтых працах не нашу гісторыю, а сваю, — кажа яна. — Гэта гісторыя не пра рэпрэсіі. Гэта гісторыя пра тое, што найлепшая форма кантролю — кантроль, які ты перастаеш заўважаць».
У гэтым сэнсе беларуская выстава ў Венецыі прапануе гледачу паглядзець на ўласную краіну і ўласнае жыццё, дзе сачэнне ўжо стала зручнасцю, дзе збор дадзеных выглядае як сэрвіс, дзе чалавек паступова ператвараецца ў набор інфармацыі пра сябе. «Самае каштоўнае сёння — гэта ўжо не самі людзі, а тое, што мы прадстаўляем сабой у выглядзе нашых дадзеных, кода», — кажа Даніэла.
Таму выстава таксама выкарыстоўвае беларускі досвед як люстэрка для свету, які сам рухаецца ў бок усё больш тонкіх і нябачных формаў кантролю. Беларусы проста ўжо ведаюць, як гэта выглядае, калі сістэма перастае хаваць сваю ўладу над чалавекам.
Выстава «Official. Unofficial. Belarus». Фота: сацсеткі С.Г.
Беларуская выстава ў Венецыі з’яўляецца ў вельмі востры момант. Сёлета на біенале вяртаецца Расія — упершыню пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Гэта выклікала вялікі скандал: міжнароднае журы біенале падало ў адстаўку, а вакол расійскага павільёна прайшлі пратэсты.
«Цешцеся відовішчам, ігнаруйце вайну», — гаварылася на плакаце аднаго з пратэстоўцаў супраць расійскай выставы. Бо яна — цалкам апалітычная, нібы няма ні вайны, ні Пуціна, ні «Навічка». Беларускі павільён — зусім іншы, чым расійскі.
Венецыянская біенале адкрыецца для шырокага кола гледачоў 9 траўня і будзе працаваць да 22 лістапада.