У Смалявіцкай сярэдняй школе №1 у канцы лютага і пачатку сакавіка праходзілі дні беларускай мовы і культуры. Адным з мерапрыемстваў стала сустрэча з паэткай Верай Буланда. Паэтка выступала ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Вера Буланда пагутарыла з вучнямі пра паэзію на беларускай мове, пачытала ўласныя вершы і творы іншых аўтараў: Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Максіма Багдановіча. Пяцікласнікі даведаліся, што каб пісаць вершы, трэба спачатку добра валодаць мовай.
З сталі каваць, гартаваць гібкі верш,
Абрабіць яго трэба з цярпеннем,
Як ударыш ты ім, ён, як звон зазвініць,
Брызнуць іскры з халодных каменняў.
(Максім Багдановіч)
Вучні зацікавіліся некаторымі цвёрдымі формамі верша, а паэтка прыгадала, як напісала верш, прысвечаны яе бацьку, калі пазнаёмілася з такой формай як Тэрцына:
Я ноччу бацьку зноў сасніла:
Ён у раі – сярод Багоў,
Даміна светлы – не магіла,
Я клікала яго дамоў,
Мо не пачуў, што і не глянуў,
Не разабраў, магчыма, слоў.
Прачнуцца боязна – устану:
Пачнецца дзень – які праклён:
“Як позна-позна, і як рана”…
Мой татка родны – толькі сон.
Таўтаграма таксама зацікавіла вучняў:
Скарыў сасоннік сон,
Слязой сцякла смала…
Сыду сюды, скашу
Страфу сабе, сусвет,
Сама сабе схлушу,
Сабе сатку санет…
На сустрэчы вучні зразумелі, што на роднай мове можна і трэба гаварыць, і на ёй можна пісаць прыгожыя тэксты.
Актыўным удзельнікам сустрэчы былі ўручаны спецыяльныя падарункі ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”: паштоўкі “Мы – адметныя”, дыскі з мультыплікацыяй і рознымі цікавосткамі “Будзьма беларусамі!”, торбачкі і майкі.