Культурныя адметнасці кожнага народа праяўляюцца ў розных сферах жыцця. Бадай, найбольш яскравыя іх праявы можна назіраць праз народны каляндар: тут і рытуальныя дзеянні, якія паказваюць асноўныя заняткі, і традыцыйная вопратка, і адметнасці кухні, і праявы грамадскіх і роднасных стасункаў... І ўсё гэта грунтуецца на каштоўнасцях і глыбіннай карціне свету таго ці іншага народа.
Народны каляндар беларусаў багаты і цікавы — прымеркаваны да руху нябесных свяцілаў і цыклаў земляробчых работ, з імі звязаных. Да таго ж, наш каляндар мае свае асаблівасці: амаль усё мы святкуем двойчы — па старым (юльянскім календары) і новым (грыгарыянскім календары) стылі — з прыкладнай розніцай у 2 тыдні.
Першы восеньскі месяц у народным календары беларусаў звязаны ўжо не толькі з ураджаем. Гэта і пераходны перыяд — з лета на зіму (бо ў верасні восеньскае раўнадзенства, пасля якога дні стаюць меншымі за ночы). Патроху сціхаюць «палявыя жарсці» — настае час падумаць пра вяселлі.
1 (па новым стылі) і 14 (па старым стылі) верасня — Сымон (Стоўб).
Крыніца: be.animalstend.com
У розных рэгіёнах з гэтым днём звязаныя свае павер’і. Так, на Віцебшчыне, напрыклад, лічылі, што пасеянае напярэдадні Сымона жыта дасць добрую салому. Таксама да гэтага дня намагаліся пастрыгчы авечак, бо баяліся, што пасля Сымон скрадзе воўну сабе на рукавіцы.
Бліжэй да Смаленшчыны правадзілі цікавы абрад выгнання мух: жанчыны скакалі па хаце верхам на чапяле і альховымі галінкамі выганялі мух з хаты, прыгаворваючы: «Чарнушнікі — вон, бялушнікі — у хату!» альбо «Святы Сямён, гані мух вон!».
Лічылася, што з Сымона пачынаюць адлятаць у вырай птушкі, а вужы — вылазяць з вады.
6 (па новым стылі) і 19 (па старым стылі) верасня — Цуды.
Нягледзячы на казачную назву, у гэты дзень чакалі непрыемнасцей. Лічылася, што могуць адбыцца «страшныя» дзівосы. Не палілі святла ў хлявах. Намагаліся скончыць палявыя работы, каб моцны вецер не здзьмуў.
А ў в. Моталь дзяўчаты варажылі на суджанага. Каб ён прысніўся, трэба было ісці ўвечары на скрыжаванне дарог, стаўшы на калені, прачытаць 9 разоў малітву «Ойча наш». Затым зубамі сарваць лісток трыпутніка, прамовіць над ім спецыяльныя словы. Павяртацца дадому, ні з кім не размаўляючы, і пакласці гэты лісцік сабе пад падушку.
7 (па старым стылі) верасня — Баўтрамей (Варфаламей).
Час, калі руплівыя гаспадары сеялі жыта пад зіму. Лічылася таксама, што святы адсылае буслоў, каб праз 9 месяцаў яны павярталіся і «прынеслі» дзетак. Пачыналася вясельная пара.
8 (па новым стылі) і 21 (па старым стылі) верасня — Багач (Багатуха, Раство Божай маці, Другая Прачыстая і інш).
Крыніца: probelarus.by
Свята заканчэння ўборкі зернавых, першага запальвання агню ў коміне пасля лета, пачатку хатніх жаночых работ (т. зв. засідкі). У хрысціянскай традыцыі святкуюць нараджэнне Дзевы Марыі.
У гэты дзень было прынята абыходзіць вёску з багачом — лубок з жытам і свячой. Жыта збіралі ўсёй вёскай, свячу сыкалі таксама спецыяльна для гэтага свята, спяваючы адмысловыя песні.
Гэты прыгожы абрад часта выкарыстоўваюць грамадскія арганізацыі і ўстановы культуры і сёння.
11 (па старым стылі) верасня — Калінавік (Ян, Галавасек, Галаварэз).
Нягледзячы на страшнаватыя назвы (што паходзяць ад царкоўнага наймення дня), нічога асабліва страшнага ў гэты дзень не адбываецца. Адзінае — на Галаварэза нельга сячы ці рэзаць (а ў некаторых рэгіёнах — і есці) усё круглае: хлеб, капусту і г. д.
На Тураўшчыне адзначалі Калінавіка вячэрай са старога пеўня. А ў Рэчыцы — не мылі галаву. На Палессі дзяўчаты ўвечары вілі вянкі, спявалі песні.
Таксама лічылася, што журавіны і каліна, сабраныя ў гэты дзень, будуць добрымі лекамі ад галаўнога болю.
14 (па новым стылі) і 27 (па старым стылі) верасня — Узвіжанне (Здзвіжанне, Часнэйка).
Крыніца: bogislavyan.ru
У хрысціянскай традыцыі гэта свята ў гонар крыжа, на якім быў укрыжаваны Ісус Хрыстос.
У народнай традыцыі тлумачэнне назвы больш простае — да гэтага дня ўсё павінна быць «здзвінута» — з палёў усё мусіць быць звезена на двор.
Узвіжанне — канчатковае развітанне з летам, цяплом. Лічыцца, што ў гэты дзень птушкі адлятаюць у вырай, а змеі збіраюцца ў вялікія клубкі, каб адшукаць сабе месца пад зімоўку. Таму небяспечным можа быць не толькі паход у лес, а нават звычайны шпацыр па садзе (бо некаторыя гадзюкі перад зімовай спячкай запаўзаюць на дрэвы па яблыкі).
Але не толькі дрэннага чакалі ад змей. Лічылася, што на Узвіжанне можна пабачыць Змяінага Цара. Вылучыць яго сярод астатніх паўзучых вельмі проста — гэта самая вялікая і моцная «асоба». Да таго ж на галаве ў яе залатыя рожкі-карона. Калі рассцяліць перад ім абрус з хлебам і соллю, то ў падзяку за пашану Змяіны Цар скіне на гэты абрус ражок са сваёй кароны. Гэты артэфакт дапаможа чытаць думкі іншых людзей, надзеліць свайго ўладальніка незвычайнай мудрасцю і праніклівасцю, а таксама будзе адчыняць усе замкі.
26 верасня — Шаптун Пакроўны (Журавіннік).
Да гэтага дня варта скончыць усе палявыя работы. Бо лічылася, што зямля йдзе на адпачынак і чапаць яе пасля Журавінніка ўжо нельга.
А ў свах і жаніхоў пачынаюцца «таемныя» шаптанні-дамовы, каб зладзіць вяселле.
Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org