Пра гэта гарадзенскі музыка і актор заявіў Tuzin.fm пасьля сольнага канцэрту ў Менску.
Апошнія два альбомы Шалкевіча «Шчасьлівая сямёрка» (2010) і «Гарадзенец прызямліўся ў Менску» (2006) былі запісаны падчас жывых канцэртаў. Студыйніка адзін з самых вядомых беларускіх сонграйтэраў не выдаваў ужо 10 год. «Новага матэрыялу сабралося багата, ёсьць і музыкі, якія гатовыя над ім працаваць. Трэба проста сесьці ў студыі і запісаць. От зараз набуду сабе шыкоўнае фартэпіяна ў Польшчы і будзем пакрысе пісаць», – заявіў Шалкевіч парталу Tuzin.fm пасьля свайго сольнага выступу ў Менску з нагоды 55-гадовага юбілею.
На аншлягавым канцэрце музыка упершыню сыграў пяць новых песень: «Блюз замкнёнага кола», «Блюз з раніцы ў чацьвер», «Агуркі і памідоры», «Украінскую песьню» ды «Вясну».
Відэавэрсію канцэрту 15 лютага Віктара Шалкевіча ў дзьвюх частках можна паглядзець тут.