Віншуем з Днём Волі!

Дарагія сябры!

25 сакавіка 1918 года беларускі народ абвясціў незалежнасць. Абраў свой сцяг і герб. Займеў права гаспадарыць на ўласнай зямлі. Азначыў шлях беларускага дзяржаўнага будаўніцтва, агучыў на ўвесь свет высокія беларускія нацыянальныя ідэалы і каштоўнасці. І гэтая найсвятлейшая ў беларускай гісторыі падзея здарылася ў вельмі цяжкі час — Беларуская Народная Рэспубліка нараджалася ў віры з эпідэміі, рэвалюцыі, вайны і акупацыі.


pasztouka1_150325-pq1u2.jpg

Такі самы цяжкі час перажывае зараз і наша Беларусь. Нашу Бацькаўшчыну засмоктвае ў бязлітасны вір гісторыі, які сваімі абрысамі да жудасці нагадвае той разбуральны вір стогадовай даўніны. І ад кожнага з нас ужо сёння, літаральна ў гэты самы момант, залежыць, які лёс напаткае наш родны дом у наступнае імгненне.

Але чым шчыльней змрок ахінае нашу зямлю, тым яскравей бачны кірунак, выратавальны для краіны і сумлення, — ён пазначаны тымі самымі колерамі і сімваламі, якія стагоддзе таму абралі заснавальнікі беларускай дзяржавы, там гучыць мова, на якой гаварылі нашы продкі. Наш кірунак — вольная незалежная Беларусь, дзе жыцці людзей, іх свабоды і правы — перадусім.

Каманда грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» віншуе ўсіх беларусаў з Днём Волі! Гэта наш дзень і нашае нацыянальнае свята! Хай ідэалы 25 сакавіка натхняюць усіх нас на адзінства, салідарнасць і веру ў непераможную сілу дабра!