Псіхолаг і былая кіраўніца гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка напісала кнігу «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме». У ёй сабраны ўспаміны дзяцей аб рэпрэсіях, што закранулі іх сям’ю, а таксама сны, мары і казкі, якія яны апісалі, каб перажыць траўму, піша «Новы Час». Прадмову да кнігі напісала нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
Кніга Вольгі Вялічка. Фота выдавецтва «Gutenberg»
Мы паразмаўлялі з Вольгай пра яе кнігу, беларускіх дзяцей і новыя падыходы ў псіхалогіі.
— Як да вас прыйшло ўсведамленне, што вы хочаце напісаць такую кнігу: быў нейкі трыгер ці рашэнне нараджалася паступова?
— У мяне ніколі не было мары напісаць кнігу, я ніколі не планавала гэтага рабіць. Пачалося ўсё ў 2021 годзе, да мяне звярнуліся бацькі, якія маюць у сям’і палітзняволенага, з запытам: з дзецьмі адбываецца нешта не тое. Я сказала, прыводзьце, пагляджу, што з імі. Пасля да мяне прывялі другога дзіцёнка, потым трэцяга...
На той момант я амаль не ведала, як працаваць з дзецьмі, чыіх бацькоў на іх вачах вывозілі, збівалі, а дома рабілі ператрус. Гэта дзеці, якія зараз жывуць у пэўнай небяспецы, псіхалагічнай і фізічнай, з-за таго, што яны вымушана і несправядліва разлучаны з бацькамі.
Я для сябе вызначыла гэта як працоўную задачу. Як працаваць з такімі дзецьмі, я не ведаю, але маю шмат іншых ведаў.. Зараз я нешта пачытаю, параюся з калегамі, і мы разбяромся. Але рускамоўнай ці беларускамоўнай літаратуры па такой праблематыцы няма, альбо я не знайшла. Тады я пачала шукаць англамоўную і таксама нічога не знайшла.
— Вы распрацавалі нейкую сваю методыку ці ў выніку знайшлі штосьці, на што можна абаперціся?
— Бацькі прывялі дзяцей, я паабяцала ім дапамагчы, але я была ў прафесійна незайздросным становішчы. Пачала думаць, дзе яшчэ можна знайсці інфармацыю. Стала чытаць мастацкую літаратуру, а таксама ўспаміны ўжо дарослых людзей, бацькоў якіх забралі ў ГУЛАГ. І там я знайшла вельмі шмат падабенства. Яшчэ я стала чытаць кнігі пра досвед людзей у фашысцкіх канцлагерах і пра тое, што адбывалася менавіта ў дзіцячых, напрыклад, пад Бухенвальдам. Частка дзяцей была ў Асвенцыме, я туды з’ездзіла, каб даведацца болей. Так я пачала працаваць з дзецьмі, іх бацькамі, бабулямі, дзядулямі.
— Першапачатковая ідэя ў тым, што сучасных кніг такога кшталу не існуе і вам захацелася яе стварыць?
— Напрыканцы 2021-га я сядзела ў кавярні і чытала тэксты з праекта «Мамы больше нет». Гэта гісторыі дарослых людзей, чые бацькі трапілі пад савецкія рэпрэсіі і высылку, альбо дзяцей высылалі разам з маці ў АЛЖЫР, у Казахстан.
І тады ў мяне ўзнікла думка: тое, што я цяпер чытаю, гэта ўспаміны дарослых людзей, якія распавядаюць пра сваё дзяцінства праз прызму пражытага жыццёвага досведу. Да мяне прыйшло ўсведамленне, што мне трэба задакументаваць тое, што гавораць менавіта дзеці. Тыя запісы, якія я вяла — гэта прафесійныя псіхалагічныя запісы, яны былі патрэбны для структурызацыі клінічнай карціны, каб я магла знайсці заканамернасці. Я пачала запісваць казкатэрапію — дзеці прыдумляюць і распавядаюць казкі, а я запісваю. Мне гэта вельмі дапамагло зразумець унутраны свет дзяцей палітвязняў: і тых, хто ў Беларусі, і тых, хто быў вымушаны з’ехаць у эміграцыю.
Вольга Вялічка
— То-бок вы працуеце з дзецьмі і афлайн, і анлайн?
— Я імкнулася да таго, каб асноўная частка маіх пацыентаў была ўнутры Беларусі. Гэта анлайн, і гэта складаная задача: усадзіць перад камп’ютарам маленькага дзіцёнка, які ў не вельмі добрым псіхалагічным стане, а сям’і пагражае статус сацыяльна небяспечнага становішча. Крок за крокам, безумоўна, з памылкамі, я намацвала патрэбную лінію тэрапіі і рабіла запісы.
У 2023 годзе я распавяла пра свае занатоўкі сяброўцы-журналістцы. Яна сказала мне, што нататкі трэба апублікаваць, а я ёй адказала, што там памылка на памылцы, там ні косак няма, ні іншых знакаў прыпынку... І я сама, калі чытаю, не заўжды магу разабрацца. Але сяброўка пасеяла ў маёй галаве думку пра апублікаванне кнігі, потым яшчэ адна калега-журналістка пра гэта нагадала... Я вельмі сумнявалася, бо ніколі такога не рабіла, гэта вельмі рызыкоўна. Я пачала думаць, з кім мне параіцца, і ў мяне была такая мажлівасць, каб гэтыя нататкі прачытала Святлана Алексіевіч.
— А вы з ёй асабіста знаёмыя?
— Так, я адправіла рукапіс ёй на мэйл, і яе адказ мяне пераканаў, што сапраўды можна паспрабаваць. Словы Святланы Алексіевіч былі пераканаўчымі. І пасля вельмі хутка знайшліся рэдактары, ілюстратар і выдавецтва.
— Ці карысталіся вы кнігамі Святланы, як прыкладам, каб узяць адтуль формы ці прыёмы? Альбо нейкай іншай дакументальнай літаратурай, перакладной?
— Безумоўна, я чытала кнігі Святланы Алексіевіч, некаторыя перачытвала ў свядомым узросце. Але калі я пачынала запісваць нататкі, я не думала, што яны ператворацца ў кнігу. Калі мы пачалі складаць яе, я за аснову не брала нічога.
— А ці давала вам Святлана Алексіевіч парады пасля таго, як прачытала ваш рукапіс?
— Не, яна не давала канкрэтных парад, хаця мы абмяркоўвалі, што мне патрэбны добры рэдактар, каб перапісаць некаторыя часткі, папрацаваць з пунктуацыяй... Спадарыня Святлана напісала прадмову да кнігі, якая надрукавана на вокладцы. А ўжо з рэдактарам было шмат працы.
— З чаго складаецца ваша кніга?
— У кнізе ёсць раздзелы пра сны, мары і жаданні дзяцей. Ёсць тэксты, у якіх сучасныя беларускія дзеці параўноўваюцца з савецкімі дзецьмі з Акмолінскага лагера жонак здраднікаў Радзімы. І асобная частка «Як гаварыць з дзецьмі пра палітыку» — гэта быў запыт ад бацькоў, якія знаходзяцца ў Беларусі.
— Колькі часу вам спатрэбілася, каб напісаць і падрыхтаваць кнігу?
— Дакументавала я два гады, а падрыхтоўка да друку была даволі хуткай. Мы пачалі займацца кнігай у красавіку 2023-га, а ў сярэдзіне снежня была прэзентацыя. Мне вельмі пашанцавала з рэдактарамі, імёны якіх я не магу назваць, таму што яны не хочуць публічнасці. Ілюстратар, які хаваецца пад псеўданімам Святан Птах — вельмі таленавіты малады чалавек.
Мне было вельмі важна, каб ілюстрацыі намаляваў хтосьці, хто па сённяшні час знаходзіцца ўнутры краіны ў абставінах, якія зараз у Беларусі. Каб у яго была сувязь з людзьмі, якія жывуць у Беларусі. Таму што людзі, якія выехалі, усё ж такі адарваныя: мы можам разумець, але мы ўсё менш адчуваем, што там сапраўды адбываецца. Мне хацелася, каб чалавек з дапамогай сваёй графікі паказаў гісторыі дзяцей, спалучыў іх са сваім бачаннем.
І лічу, што мне пашанцавала з выдавецтвам «Gutenberg» — гэта супрацоўніцтва на высокім узроўні, вельмі добрая эфектыўная камунікацыя, вельмі прафесійная праца.
Ілюстрацыя з кнігі
— Як праходзіла праца над кнігай? Ці былі складаныя моманты?
— Мне вельмі хацелася, каб кніга выйшла па-беларуску. Але большасць дзяцей, з якімі я працую, гавораць па-руску. І я за імі запісвала па-руску. Я раілася з рэдактарамі, была думка, каб маю навуковую частку зрабіць на беларускай мове, а тое, што гавораць дзеці — на рускай. Я вельмі ўдзячная Валянціне (Валянціна Андрэева, кіраўніца выдавецтва «Gutenberg»), яна сказала важныя словы: «Калі не рабіць гэта па-беларуску, то навошта наогул гэта рабіць?»
Я сказала: калі гэта можна перакласці, але сэнс і эмацыйны пасыл не згубяцца, то я, канешне, «за». Валянціна знайшла добрых перакладчыкаў, і дзіцячыя думкі і казкі таксама загучалі па-беларуску.
— Як вы вырашылі пытанне з персанальнымі данымі і канфідэнцыйнасцю?
— З персанальных даных, якія ёсць у кніжцы, сапраўдным з’яўляецца толькі ўзрост дзяцей. Імёны дзяцей, гарады і іншае — зменена. Гэта зроблена з пункту гледжання бяспекі і захавання медыцынскай таямніцы. Для мяне было важна захаваць канфідэнцыйнасць. Перад тым, як аддаваць кнігу ў друк, я дала яе пачытаць бацькам маіх пацыентаў, і яны не змаглі знайсці гісторыі сваіх дзяцей. Таксама кнігу глядзелі юрысты, каб усё было па законе і без парушэнняў.
— Мне здаецца, што вы моцны чалавек, таму што берацеся за псіхалагічна цяжкія праекты: вы былі кіраўніцай хоспіса, з’яўляецеся каардынатаркай ініцыятывы «Урачы за праўду і справядлівасць», якая даследуе беларускую турэмную медыцыну і псіхалогію. І вось вы напісалі кнігу пра дзяцей палітзняволеных.
Як вы вытрымліваеце ціск гісторый, з якімі судакранаецеся амаль кожны дзень? Як перажываеце ў сабе гэтыя эмоцыі, пры гэтым яшчэ дапамагаеце іншым? Вы ад прыроды такая моцная ці гэтаму можна навучыцца?
— Я чалавек з медыцынскага асяроддзя, працавала 15 год у хоспісе, на маіх вачах паміралі дзеці. Калі б урачы-рэаніматолагі ці наогул медыкі прапускалі кожнага пацыента праз сябе, праз год мы б не мелі нікога. Гэта не пра выбудову бар’ераў, не пра чэрствасць, гэта пра ўменне прафесійна працаваць з чалавечым болем штодзённа. Гэта навык, які трэба развіваць, але пры гэтым не стаць чэрствым і не бачыць у людзях толькі дыягназ. То-бок гэта кампетэнцыя, мяне гэтаму навучыў хоспіс, мы глядзелі на дзяцей як на асобу, а не як на набор дыягназаў, гэта прафесійны падыход. Трэба ўмець выслухаць чалавека, умець спачуваць чалавеку, але пры гэтым умець дапамагчы. Менавіта так я і працую.
— Існуюць такія спрэчкі ў мастацкіх колах: ці варта зараз ствараць фільмы, спектаклі, кнігі, заснаваныя на падзеях 2020 года, ці на падзеях, якія былі пазней? Сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, нічога яшчэ не скончылася, тыя, хто знаходзіцца ўнутры краіны, перажываюць рэпрэсіі ці кожны дзень жывуць са страхам рэпрэсій. Альбо выехалі, сутыкаюцца з эмігранцкімі праблемамі і не могуць вярнуцца ў Беларусь. То-бок мы ўсё яшчэ знаходзімся ў так званых «гістарычных часах» і наша рэфлексія незавершаная, бо не завершаны працэсы, якія пачаліся ў 2020-ым.
— Так, у мяне былі падобныя думкі, я шмат разважала пра гэта. Калі мы выходзілі на плошчу і крычалі «Хочам перамен!», мы ўзялі крэдыт у сваіх дзяцей. За кашу, якую мы заварылі, расплачвацца будзе не наша пакаленне, а пакаленне нашых дзяцей і ўнукаў. У мяне былі ваганні, але я і выдавецтва максімальна падбалі пра бяспеку і захаванне канфедэнцыйнасці.
— А калі разгледзець гэтае пытанне з боку псіхалогіі? Ці не рана беларусам чытаць кнігі, якія апісваюць «незагоеныя раны», што дзякуючы рэжыму пастаянна «развярэджваюцца»?
— Калі кіравацца такой логікай, то можна, напрыклад, прачытаўшы кнігу Віктара Франкла пра яго досвед у канцлагеры, заявіць, што, маўляў, я атрымала траўму.
Мы «завялі пласцінку» траўмы, але насамрэч дыяпазон НЕнормы нашмат шырэйшы, чым траўма. Клапаціцца пра здароўе людзей — гэта задача іх саміх. У кожнага ёсць права выбару: чытаць кнігу ці не чытаць. Ёсць такая рыторыка: не чытаць навіны, не чытаць дакументальныя кнігі... Я лічу, што гэта неправільна.
Моцны чалавек — гэта той, хто ўмее натрэніраваць сваю псіхіку. Людзі не нараджаюцца моцнымі. Каб было моцнае цела, трэба трэніравацца, з псіхікай тое ж самае. Трэніраваць яе трэба граматна. Але казаць, што я не хачу чытаць навіны, не хачу ведаць, праз што праходзяць людзі ў турмах...
Напэўна, такія людзі маюць на гэта права. У такім выпадку старонка перагортваецца, урокі 2020-га года нявывучаныя, як і ўрокі сталінскіх рэпрэсій.
Тут яшчэ справа адказнасці. Ніхто з нас у 2020-ым годзе не мог уявіць, якія рэпрэсіі будуць, мы не разумелі наступстваў. Але мы дарослыя людзі, не дзеці, мы нясём адказнасць за тое, што мы робім.
Фота выдавецтва «Gutenberg»
— Як праходзяць прэзентацыі кнігі? Ці спадабалася вам быць у ролі аўтаркі?
— Не, не асабліва спадабалася (смяецца). Мяне віншуюць з выхадам кнігі, кажуць, гэта так важна... Маё жыццё ніяк не змянілася пасля яе напісання.
— Але ваша кніга можа паўплываць на жыццё іншых...
— Так, канешне. У кожнага чалавека ёсць свая ментальная «ёмістасць», і павялічваецца яна праз боль і выпрабаванні. Тут справа кожнага беларуса сказаць самому сабе: я хачу расці альбо не. Ці паглыбляюся я, адчуваю, разумею чужы боль... Калі большасць захоча расці і браць на сябе адказнасць, то мы як нацыя выйдзем на новы ўзровень, і ў нашых дзяцей і ўнукаў ёсць шанец. Альбо мы кажам, што для нас гэта занадта траўматычна, мы больш не можам, і ўсё застаецца, як ёсць.
— У якіх гарадах ужо былі прэзентацыі кнігі і дзе яшчэ плануюцца?
— Першая прэзентацыя адбылася ў Беластоку, мы плануем іх і ў іншых гарадах Еўропы, ёсць запыт ад дыяспар. Для мяне гэта індыкатар таго, што кніга запатрабаваная. 27 студзеня пройдзе прэзентацыя ў Вільнюсе.
Увогуле, мне падаецца, што людзі прыходзяць пагаварыць і асэнсаваць, што адбылося з намі і нашымі дзецьмі, што адбываецца цяпер і як жыць далей. Тэма дзяцей і палітызаванага грамадства падымаецца мала, а там вялікі свет крыўды і надломаў. Калі мы кажам, што беларускія дзеці траўміраваны, гэта вельмі спрошчанае разуменне сітуацыі. Мы можам паглядзець, што адбываецца з намі, праз тое, як пачуваюцца нашы дзеці.
— Можа, у вас ёсць канкрэтныя прыклады?
— Я раскажу вам пра гэта на прыкладзе сваіх дзяцей. Майму сыну 17, амаль 18, у 15 гадоў ён быў пастаўлены ў сітуацыю без выбару: у падлеткавым узросце ён быў вымушаны рэзка з’ехаць з Беларусі. І ў мяне ёсць дачка, яна была ў 4-м класе, ёй было тады 9 год, зараз ёй 13.
Калі мяне няма дома, сын ніколі не зачыняе дзверы на замок. А дачка зачыняе заўсёды. Больш за тое, калі, напрыклад, мяне ў сем гадзін няма з працы, яна пачынае запытваць, ці хутка я прыду, калі я буду дома і чаму затрымліваюся.
— Так у яе праяўляецца трывога?
— Гэта ўжо больш за трывогу. А я сама магу спакойна быць з незамкнёнымі дзвярыма.
— Як вы думаеце, якія псіхалагічныя падыходы цяпер з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі, каб дапамагчы людзям, якія трапілі пад каток рэпрэсій?
— Падчас працы я зрабіла наступны вывад: каб дапамагчы чалавеку, ужо мала адной псіхалогіі. Трэба разумець не толькі псіхалогію асобнага чалавека, псіхалогію групы, а яшчэ і гісторыю Беларусі, сацыялогію, філасофію і правы чалавека. Перада мной цяпер стаіць такая задача. У мяне ёсць прыклад, калі чалавек звяртаўся з праблемай, мы ўсе нюансы па псіхалогіі прайшлі і застылі на месцы. А пасля аказваецца, што такі стан быў выкліканы не толькі затрыманнем блізкага чалавека, але і асабістай гісторыяй, якая ўсплыла ў памяці: як прабабулю і прадзядулю выслалі ў Казахстан. Таму маю меркаванне, што ў нашай сітуацыі толькі псіхалагічных інструментаў становіцца недастаткова.