Войны князя Трайдэна і знішчэнне Наваградка

29.11.2023 Гісторыя

У 1275 годзе хрысціяне-русіны ў саюзе з язычнікамі спалілі Наваградак.


Вялікі князь літоўскі Трайдэн, які гаспадарыў у 1270–1282 гг., быў язычнікам, па латыні paganus — паганец. Галіцка-валынскі летапісец пра яго напісаў «акаянны і беззаконны» — г. зн. не ведаў Божага закона. Адначасова трайдэнавы браты тым жа летапісцам характарызуюцца як пабожныя праваслаўныя хрысціяне, праўда, імёны ў іх яўна язычніцкія: Сірпуцій, Лесій, Свелкеній (быў прынамсі яшчэ адзін, імя якога не названае).

ТрайдэнКнязь Трайдэн. Мастак Артурас Слапшыс

Трое з іх загінулі ў войнах з валынскім князем Васількам Раманавічам, а язычнік Трайдэн помсціў за братоў-хрысціян ягонаму сыну Уладзіміру. З гэтых звестак летапісу вынікае выснова пра рэлігійную сітуацыю ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХІІІ ст., менавіта пра талеранцыю. Вера была асабістай справай, а хрысціянства ўсходняга абраду ішло ў Літву, па ўсёй верагоднасці, мірным місіянерскім шляхам.

А яшчэ галіцка-валынскі летапісец падрабязна напісаў пра войны Трайдэна з Галіцка-Валынскай дзяржавай, чым зрабіў вялікую паслугу сучасным гісторыкам, якія пакутуюць ад недахопу крыніц. Некаторыя паходы галіцка-валынскіх князёў на Панямонне апісаныя настолькі падрабязна і з такімі дэталямі, што ствараецца ўражанне ледзь не мастацкага аповеду. Тым не менш іх праўдзівасць пацвярджаецца надзвычай дакладным апісаннем геаграфіі Панямоння. У ім усё сыходзіцца: адлегласці паміж гарадамі, працягласць дзённых пераходаў, назвы рэчак і г. д. Адсюль напрошваецца выснова, што аўтар мог асабіста ўдзельнічаць у тых паходах і, верагодна, паходзіў з Пінска. Даследчыкі ўвогуле схіляюцца да думкі, што Галіцка-Валынскі летапіс дайшоў да нас у копіі, зробленай і дапоўненай у Пінску, бо пры канцы ў яго ўстаўлена інфармацыя пра пінскіх князёў.

войны ВКЛВойны ВКЛ у 13 стагоддзі

Вялікі князь Трайдэн быў добрым гаспадаром і пакінуў сваім наступнікам краіну мацнейшай, чым атрымаў. У замежнай палітыцы трымаўся слушных правілаў: «падзяляй ды пануй», «дапамагай слабейшаму супраць мацнейшага». Падтрымліваў плямёны Усходняй Балтыі ў іх змаганні з Тэўтонскім ордэнам: дасылаў вайсковую дапамогу, прыняў уцекачоў з Прусіі, пасяліў іх у Слоніме і Гародні. Тое ж і з Галіцка-Валынскай дзяржавай: ваяваў з Васількам ды яго сынам і адначасова сябраваў з іх сваяком галіцкім князем Ільвом Данілавічам.

Аднак па невядомай прычыне вырашыў парушыць мірныя адносіны і з Ільвом, што стала хіба самай вялікай памылкай за ўвесь час гаспадарання. Вясной 1275 г. на самы Вялікдзень гарадзенская дружына па загадзе Трайдэна захапіла і разрабавала Драгічын у Падляшшы — уладанне Ільва Данілавіча. Горад заспелі знянацку, бо ўвайшлі ў яго ноччу з дапамогай нейкага Трыда (ці то перабежчык, а можа разведчык). Браты-славяне і аднаверцы-хрысціяне напалі на славянскі хрысціянскі горад па загадзе язычніка.

Раз’юшаны Леў Данілавіч паскардзіўся сюзерэну — хану Залатой Арды, і той падняў супраць Літвы не толькі сваё войска, але і дружыны падуладных рускіх князёў — смаленскага, бранскага ды інш., «бо тады былі ўсе князі ў волі татарскай».

Леў Данілавіч

Леў Данілавіч на фоне Львова. Партрэт 18 ст.

Рушылі ўжо ўзімку, па дарозе забралі ў паход пінчукоў і тураўцаў, з татарамі злучыліся ва ўмоўленым месцы блізка Слуцка. Калі аб’яднаныя сілы ўвайшлі ў Наваградскую зямлю і сталі на начлег каля ракі Сервячы, Леў Данілавіч схітрыў, і, утаіўшыся ад сваякоў, пайшоў на Наваградак сам з дружынай і татарскім аддзелам. Татарскія разведчыкі, падкраўшыся пад замак, вярнуліся спалоханыя з данясеннем «раць стаіць за гарою, пар ідзе ад коней». Леў паслаў яшчэ сваіх звядоўцаў, «і тыя паехалі, паглядзелі, няма раці, але пар ідзе ад крыніцаў, цякучых з гор, бо мароз вялікі быў».

НаваградакНаваградак 13-14 ст. Малюнак Паўла Татарнікава

Калі я прачытаў гэтыя радкі летапісу, то кінуўся тэлефанаваць знаёмым у Наваградак, і тыя пацвердзілі, што сапраўды, іх крыніца, якая б’е з-пад падэшвы Замкавай гары, не замярзае зімой.

Далей летапісец паведаміў, што Леў з татарамі ўзялі вакольны горад, «а дзядзінец застаўся». Калі падышлі іншыя князі з дружынамі «Мсціслаў, Уладзімір і цесць яго Раман Бранскі, і Глеб Смаленскі і іншыя князі многія, усе гневаліся на іх, што не пачакалі, а самыя ўзялі горад з татарамі». На гэтым паход спыніўся, бо пакрыўджаныя на Льва саюзнікі адмовіліся ісці далей.

Мінуўшы сем стагоддзяў, дадатковым і цалкам аб’ектыўным пацверджаннем праўдзівасці летапісца стала адкрыццё археолагамі ХХ ст. тоўстай вугольна-чорнай праслойкі пажарышча на Малым Замку — вакольным горадзе старажытнага Наваградка. Рэдкі выпадак у археалогіі, калі пажар удалося датаваць з вялікай дакладнасцю — 1275 год, зіма.

Канстанцін Семяновіч, budzma.org