Андрэй Хадановіч у аўтарскай рубрыцы “Верш тыдня” на budzma.by апавядае пра рускага паэта Мікалая Рубцова, які напісаў твор, на дзіва блізкі да верша нашага класіка Максіма Багдановіча.
У канцы 80-х, калі я давучваўся ў школе, у нас раз-пораз здараліся ўрокі пазакласнага чытання, калі той ці іншы твор рыхтавалі на выбар. Для рэдкіх “прасунутых” вучняў гэта было амаль святам свабоды, можна было на кароткі час забыць прымус і чытаць што табе падабаецца. Што праўда, для рэшты (і большасці!) гэта стварала яшчэ горшае пекла, бо ўсе аўтары ў спісе для выбару аднолькава невядомыя – і выбіраць не хацелася нікога. Але ратунак мог прыйсці з нечаканага боку. На адным такім уроку сучаснай (як яе тады разумелі) рускай (ну а якой яшчэ?) паэзіі настаўніца стала выклікаць па журнале ахвяраў, што мусілі расказваць выбраны верш на памяць. Першым выйшаў круглы двоечнік і ўпершыню ў сваёй кар’еры без запінкі выдаў: “Я буду доооолго гнать велосипед. / В глухих лугах егоооо остановлю…”. Па класе прабег смяшок, але настаўніца даслухала да канца і паставіла добрую адзнаку. Потым выйшаў ціхі троечнік і да агульнай радасці абвясціў: Николай Рубцов, “Букет”, пасля чаго стаў чытаць, а на радку “О наших встречах позабыла ты” – нават трохі хлюпнуў носам (пра яго каханне да суседкі па парце хадзілі легенды). Настаўніца вывела пяцёрку, а потым спытала, хто яшчэ рыхтаваў гэты верш. Паднялося з тузін рук. Рэшта класа – з дзесяці прапанаваных аўтараў – выбрала і вывучыла на памяць іншыя творы Рубцова.
У тыя гады Рубцоў быў бадай што самым папулярным паэтам, а прынамсі тры яго тэксты – у выглядзе шлягераў – гучалі з кожнага праса. Усе школьныя дыскатэкі заканчваліся тым самым павольным танцам, і голас Салтыкова выводзіў: “Улетели листья с тополей…”, а большасць падлеткаў мела не тыповае для вучняў шкадаванне, што верш у аўтара атрымаўся занадта кароткі. Згадаеш пра такое, перакладаючы, і адкуль толькі бяруцца сілы й жаданне захоўваць не толькі словы, але й паўзы паміж імі – у належных месцах:
Скінулі таполі ў халады
Па законах свету ўсю лістоту.
Не шкадуй таполяў – не бяды,
А шкадуй любоў маю, пяшчоту.
Зябка голым дрэвам да вясны,
Ды не злуй, што вецер насваволіў.
Нічыёй ні ў чым няма віны,
Проста восень лісце рве з таполяў.
Верш, які робіцца яшчэ й песняй, – добрая нагода, каб сказаць пару словаў пра такія рэчы, як вершаваны памер і рытм. Бо яны не адно й тое ж, як здаецца на першы погляд. Памер – хутчэй абстрактная рытмічная схема, што існуе ў галаве аўтара, чытача ці слухача, калі радок успрымаецца як пяцістопны ямб ці, скажам, трохстопны анапест. Толькі схема. Рытм жа – тыя рэальныя словы, тая моўная плынь, што гэтыя радкі напаўняе. Напоўніць схему дадзенага памеру, напрыклад, перакладаючы, нейкімі словамі – што можа быць лягчэйшым? Расчуць сам гэты радок, з паўзамі між словаў і шоргатам гукаў на іх стыках – ужо складаней. І песня на верш – не апошняя ў гэтым дапамога.
Узяць той самы “Букет”. Неабавязкова ведаць, што Уладзімір Скарынкін надрукаваў свой пераклад у 1986 годзе, а спявак Аляксандр Барыкін выканаў хіт на арыгінальныя словы годам пазней, у 1987-м, каб сказаць, што перакладчык на момант перакладання песні не чуў. Досыць пачытаць пачатак:
Я буду доўга
Гнаць веласіпед.
На поплаве глухім яго спыню.
Нарву званочкаў.
Падару букет
Дзяўчыне той, якую часта сню.
Файны пераклад файнага верша. Амаль ніякіх прэтэнзій. Каб чытаў да 1987 года, дык, можа, нічога б і не заўважыў. А вось маючы ў вуху мелодыю, “на поплаве” ў пачатку радка ўжо не паставіш. Як і “нарву званочкаў” на месцы “нарву цветов”. Цэзура проста разрэжа гэтае “звано… чкаў” папалам. Дый сэнсава са “званочкамі” не ўсё так адназначна. Ці ведаем мы, якія кветкі герой дорыць гераіні? Мабыць, у кожнага чытача свая карціна. А калі, барані божа, рамонкі? У іншым перакладзе чытаем: “Не вырошчваць цюльпаны ні з кім”, а ў арыгінале: “И цветы не выращивать мне”. Той жа перакладчыцкі “фокус”. Чаму менавіта “цюльпаны”? Таму ж, чаму і “званочкі”. Тут як з кніжнымі ілюстрацыяй або экранізацыяй. Добра, калі яны супадаюць з нашым уяўленнем пра герояў, а калі не? Дык ці не пакінуць лепш пажыву нашай фантазіі?
Што праўда, крытыкаваць калегу нашмат лягчэй, чым самому зрабіць нешта цікавае. Я паспрабаваў – выйшла тое, што выйшла. Хібы новай версіі дзе-нідзе заўважныя самому перакладчыку. Так, педаль эмоцый у другой страфе відочна пераціснутая – і ў герояў з’яўляецца бурлівае мінулае, якога ў арыгінале магло й не быць. Па-другое, адбываецца пэўнае накручванне сінтаксісу. Складаназалежныя сказы ўзнікаюць там, дзе ў аўтара простыя словы ў простым парадку і самая складаная канструкцыя – “той девушке, которую”. Нарэшце, чаму памяняў салодкую парачку “веласіпед-букет”? Можна ж было жыўцом па-беларуску пакінуць! Можна, але не хацелася нагадваць сваіх аднакласнікаў, якія пайшлі лёгкай дарогай, а потым на ўроку літаратуры доўга апавядалі адно і тое ж.
Я буду гнаць
Свой ровар пад гару,
Яго спыню на поплаве між траў.
Нарву букет –
І кветкі падару
Дзяўчыне, што аднойчы пакахаў.
Я ёй скажу:
“Не мне – тваё святло,
Не мне – твой час і шчасце са слязьмі,
Ды на ўспамін
Пра ўсё, што ў нас было,
Ты кветкі мае сціплыя вазьмі!
Хай возьме іх,
Ды зноў у тую ноч,
Калі туман згушчаецца й адчай,
Хай пойдзе прэч,
Хай не падыме воч,
З усмешкаю не скажа “выбачай”…
Я буду гнаць
Свой ровар пад гару,
Яго спыню на поплаве між траў.
Хай толькі возьме
Кветкі, што збяру,
Дзяўчына, што аднойчы пакахаў.
Бадай што самы знакаміты твор Рубцова (і бясспрэчны рэкардсмен па спробах яго ператварэння ў песню!) – “В горнице”. На першы погляд, блізкая да фальклору чыста ідылічная замалёўка пра дом, родных і блізкасць да прыроды. Аднак усякае павярхоўна-замілаванае прачытанне спатыкаецца на факце ранняга сіроцтва паэта: Рубцоў яшчэ ў часы вайны, шасцігадовым хлопцам, страціў маці і выхоўваўся ў дзіцячым доме. Так што плоска-рэалістычай логікай у вершы нават не пахне. Увогуле, займацца інтэрпрэтацыяй чагось сэнсава напоўненага – справа не вельмі ўдзячная, сімвал – ён якраз добры сваёй невычарпальнасцю. Але для майго (вядома ж, суб’ектыўнага) разумення важна, што “в горнице” светла менавіта ад зоркі, і яна ў адзіночным ліку. Што паэт не баіцца плеаназму і двойчы паўтарае “ночной звезды”. Здавалася б, а якой яшчэ? Але апазіцыя “ноч-дзень” таксама вельмі важная. Верш здаецца мне такой алегорыяй зямнога быцця на тонкай мяжы з незямным – і трывожнай гатоўнасці да яе пераходу. А ён магчымы як адтуль (таму “матухна з вядром”), так і туды (таму “лодка”). Адтуль мы чэрпаем сілы, калі трэба штодзень “апрацоўваць наш сад”, туды глядзім у вусцішы, але й надзеі.
Перакладаючы, так і не змог знайсці годнага назоўніка ў адпаведнікі слову “горница”. Затое знайшоў такі дзеяслоў. Магчыма, узяў грэх на душу, трохі аслабіўшы вобраз “лодкі”. Бо найбольш займаўся “зоркай”.
Горнецца здалёк святло
Зорачкі начной сюды.
Матухна бярэ вядро –
Моўчкі прынясе вады.
Кветкі, што агнём цвілі,
Сонца ў летні сквар пячэ.
Човен на рачной мялі
Дзіва, што не згніў яшчэ!
Дрэмле ля вярбы маёй
Лёгкі, як карункі, цень.
Заўтра буду мець пад ёй
Дужа клапатлівы дзень.
Буду паліваць садок,
Човен ратаваць смалой…
Дзякуй за святло здалёк
Зорачцы начной малой!
Апроч “сур’ёзных” шэдэўраў мне заўсёды падабаліся ў Рубцова творы гумарыстычныя ды іранічныя. Некаторыя з іх гучаць зусім як дзіцячыя. Можа, нават дзіцячымі і ёсць, як трохі гарэзлівы й адначасова мудры вершык “Каза”:
Пацягнула казу ў агарод.
Ёй насустрач – суворы народ:
“Ганьба! Сорам!” – крычаць на казу.
Зразумела. Пусціла слязу.
А разбегся па хатах народ,
Зноў забралася ў той агарод.
Сёе-тое з гумарыстыкі Рубцова да дзіцячай літаратуры зусім не належыць, як, напрыклад, вершаваны жарт “Раніца перад экзаменам”, што прыкладна напалову складаецца з алкагольных вобразаў, другая ж палова – нервовае насланнё з цалкам апраўданых перад іспытам матэматычных асацыяцый: “Я глядзеў / Абурана і коса, / Як матляла брыдка / Галавой / Падабенства п’янае / Матроса / І брыло / Па ломанай крывой. // Дзікім рыкам / Будзячы акругу, / Спіну выгінаючы / Дугой, / Рухалася ромбам / І па кругу / З нечай раўнабедранай / Дачкой”. (Пераклад Уладзіміра Скарынкіна.) У арыгінале апошняя страфа гучыць яшчэ больш брутальна і не-па дзіцячы: “Спотыкаясь / Даже на цветочках, / – Боже! / Тоже пьяная… / В дугу! / – Чья-то равнобедренная / Дочка / Двигалась, / Как радиус в кругу…”
Найлепшыя з іранічных вершаў Рубцова – самаіранічныя. Як знакамітая “Элегія”, чыё заканчэнне ў свой час можна было пачуць калі не з кожнага праса, дык з вуснаў кожнага аматара літаратуры: “Стукну по карману – не звенит. / Стукну по другому – не слыхать. / Если только буду знаменит, / То поеду в Ялту отдыхать…”. Тэкст задае беларускаму перакладчыку адразу некалькі складаных задачак. Адпачынак паэта ў Ялце – непазбежная асацыяцыя з Багдановічам і месцам яго вечнага спачынку, што лёгка можа надаць тэксту цынічнае гучанне. Ці не таму перакладчык Уладзімір Скарынкін на ўсякі выпадак “прыбраў” Ялту і дадаў інфармацыю пра больш сучасны транспарт (самалёт): “Буду я славуты – так і быць! – / Палячу у Крым адпачываць”. Другая праблема звязаная з расійскай акупацыяй Крыму – у апошнія гады істотна памяняўся кантынгент ахвочых там адпачыць. Зразумела, ні першая, ні другая праблема ніякага дачынення да тэксту Рубцова не мае, але да сённяшніх беларускіх чытачоў перакладу – маюць, ды яшчэ якое. Таму мая версія перакладу атрымалася, так бы мовіць, з лёгкімі “варыяцыямі на тэму”:
Стукнуў па кішэні – хоць бы дзінь,
Мацаю другую – хоць бы звяк.
Адлятаюць думкі ў далячыць,
Дзіўныя, як зорны задыяк.
Ачуняю, выйду за парог,
Цэлы свет маркоты – мне ў пасаг.
Хай вятрыска пройдзеных дарог
Шастае ў апошніх валасах.
Памяць адбіваецца ад рук
І з-пад ног сыходзіць маладосць.
Сонейка па небе крэсліць круг,
Дні мае рахуе, колькі ёсць.
Стукну па кішэні – хоць бы дзінь,
Мацаю другую – хоць бы звяк.
Як бы дасягнуць такіх вышынь,
Каб у Ялту – адпачыць… Ніяк.
Але Ялта – не адзіная асацыяцыя, якую можа выклікаць паэзія Рубцова з нашым класікам. Ёсць сярод ранніх рубцоўскіх вершаў твор, у якім над зямлёй (калі ўжо зусім дакладна – над вадой) узыходзіць Венера. “Там любовно над бедным прудом / Драгоценная блещет Венера!..” Прычым гэтая другая ад Сонца планета называецца “зоркай” – зусім як у Багдановіча, дзе кепская астраномія робіцца выдатнай паэзіяй: “Жил однажды прекрасный поэт, / Да столкнулся с ее красотою. / И душа, излучавшая свет, / Долго билась с прекрасной звездою!”.
Ёсць, што праўда, і істотныя разыходжанні ў вершах, бо ў рубцоўскай версіі кантакты з зоркай заканчваюцца больш трагічна. Паэт так залюбаваўся адбіткам зоркі ў вадзе, што скочыў за ёй. Зусім як у легендзе пра смерць знакамітага кітайскага паэта Лі Бо, які быццам бы выпаў п’яны з чоўна, заглядзеўшыся на адбітак месяца ў хвалях: “Но Венеры играющий свет / Засиял при своем приближенье, / Так, что бросился в воду поэт / И уплыл за ее отраженьем…”. Аднак жа фінал твора зноў прымушае згадаць пра багдановічаўскі “Раманс”. Тут таксама пяць строф, і ў апошняй настолькі ж выразна гучыць тэма неўміручасці былога кахання, якое можа ўваскрэснуць, не без удзелу “зоркі Венеры”: “Да еще в этой зябкой глуши / Вдруг любовь моя – прежняя вера – / Спать не даст, как вторая Венера / В небесах возбужденной души!”
Вядома ж, занадта смела было б сцвярджаць, што Рубцоў неяк свядома арыентаваўся на “Раманс” Багдановіча і развіваў яго матывы. Але падабенства твораў так ці інакш моцна ўражвае. Падабенства, якое варта было падкрэсліць, пераклаўшы рубцоўскую “Венеру” на беларускую мову, што аўтар гэтых словаў і паспрабаваў зрабіць:
Мікалай Рубцоў. “Венера”
Там, дзе восень танюткім лядком
На люстранай вадзе зазвінела,
Дыяментам над бедным стаўком
Узыходзіла зорка Венера!..
І аднойчы вялікі паэт
Так здзівіўся яе прыгажосці,
Што зіхоткай душой у сусвет
Паляцеў да зіхоткае госці.
Той палёт быў двубоем святла,
І здалося глыбокае плыткім –
Ён убачыў, як зорка плыла,
І паплыў за чароўным адбіткам…
Ён імкнуўся, рывок за рыўком,
У абдымкі магутнейшай сілы…
Ах, Венера над бедным стаўком,
Ты й мяне давядзеш да магілы.
Не засну ў гэтай золкай глушы,
Бо кахання забытая вера
Абуджае, як зорка Венера
У нябёсах бяссоннай душы!
Андрэй Хадановіч