Падляскія замалёўкі: вёска Трасцянка, на гаворцы якой напісалі кнігу

Улетку 2022 года фалькларыстка Алена Ляшкевіч наведала Падляшша і дзеліцца з чытачамі Budzma.org экспедыцыйнымі нататкамі. Трасцянка — яшчэ адзін пункт на шляху турыстаў, якія цікавяцца драўлянай архітэктурай. На мясцовым дыялекце напісана цэлая кніга, якую можна пачытаць анлайн.


Драўляная архітэктура

001_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0077.jpg 

Трасцянка (па-польску Trześcianka) знаходзіцца ў гміне Нараў Гайнаўскага павета. Разам з Сацамі і Пухламі ўтварае турыстычны брэнд «Краіна адкрытых аканіц» і з’яўляецца найбольшай вёскай з усіх трох.

002_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0006.jpg

На некаторых хатах і брамах выразаныя прозвішчы гаспадароў.

003_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0039.jpg
Трасцянская драўляная царква пабудавана ў 1864–1867 гг. і асвечана ў гонар арханёла Міхаіла.

004_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0048.jpg

005_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0053.jpg

006_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0056.jpg

І ва ўнутраным, і ў вонкавым дэкоры царквы можна заўважыць падабенства з упрыгожаннямі хат.

007_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0016.jpg

Драўлянае дойлідства ў Трасцянцы паўплывала на архітэктуру мураваных будынкаў.

008_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0093.jpg

009_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0098.jpg

Матывы драўляных упрыгожанняў і геаметрычнага арнаменту выкарыстоўваюцца для дызайну абвестак.

010_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0034.jpg

У вёсцы ёсць некалькі прыдарожных крыжоў і капліц.

011_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0063.jpg

Крыж пастаўлены ў 1893 г. Надпіс на ім: «Всемогущий Боже, помилуй насъ и Благослови весь сію и достояніе сіе молитвами Пречастой Божьеи Матери и Св. Ант. Печ. (Антонія Пячэрскага — рэд.) 1893 года 10 іюля».

012_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0089.jpg

Прыдарожная слупавая капліца 1863 г., у якой паўстанцы хавалі карэспандэнцыю. Каля аснавання каплічкі была адтуліна, прыкрытая разьбяным сэрцам. Паўстанец, кленчачы ў малітве, мог пакінуць ці забраць цыдулку. Абраз Спаса нерукатворнага, які зараз знаходзіцца ў капліцы, прывезлі ў 2011 г. з маскоўскага храма Хрыста Збавіцеля.

Варта паглядзець таксама драўляную праваслаўную капліцу на могілках. Яе перанеслі з вёскі Белавежа.

З гісторыі Трасцянкі

013_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0060.jpg

Лічыцца, што назва Трасцянкі паходзіць ад балотнай травы трыснягу, «трасціны».

Вёска захавала з XVI стагоддзя вулічную планіроўку, якая ўзнікла пасля правядзення валочнай памеры — зямельнай рэформы каралевы Боны. У канцы XV стагоддзя тут быў маёнтак Трасцяніца. Месца, дзе ён стаяў, можна сёння шукаць па тапонімах «Городіска», «Груд», «Замок», «Дворыска», «Двуоршчына». Вакол маёнтка жылі каралеўскія сяляне.

014_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0043.jpg

Па адным баку вуліцы хаты не маюць вокнаў ад дарогі. У гэтай частцы будынкаў, арыентаванай на поўнач, знаходзілася камора, дзе сялянскія сем’і захоўвалі прыпасы ежы. Камора не ацяплялася ўзімку, а яе арыентацыя абумоўлівала, што і ўлетку яна менш награвалася.

015_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0040.jpg

016_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0041.jpg

Жыхары Трасцянкі, як і шматлікіх іншых падляскіх вёсак, у 1915 г. выязджалі ў бежанства ў Расію. Не ўсе вярнуліся.

017_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0082.jpg

Падчас перапісу 1921 г. 606 вяскоўцаў (98 %) задэкларавалі праваслаўнае веравызнанне і беларускую нацыянальнасць. Старэйшыя жыхары і сёння лічаць сябе ці беларусамі, ці «тутэйшымі». Тут жыло таксама некалькі яўрэяў. Памяць аб іх захавалася ў назве ўрочышча «Жыдоўшчына». Яны маліліся ў сінагозе ў Заблудаве. Загінулі падчас Другой сусветнай вайны.

018_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0044.jpg

Большасць жыхароў Трасцянкі маюць патранімічныя прозвішчы, якія сканчваюцца на -ук (-юк), што характэрна і для Брэстчыны. Тут гучыць падобны да заходнепалескага дыялект. Стваральнікі Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны адзначаюць: «Варта звярнуць увагу, што высновы аб нацыянальнай прыналежнасці жыхароў Беласточчыны на падставе гаворкі, якой яны карыстаюцца, могуць быць памылковымі. Нацыянальная свядомасць не развівалася тут адпаведна з моўнымі крытэрыямі. Істотную ролю адыгрывала веравызнанне. Пры гэтым не мае значэння, ці з’яўляецца чалавек вернікам... Вырашальную ролю адыгрывае выхаванне ў пэўным асяродку. Католікі з ваколіцаў Саколкі і Дамбровы Беластоцкай, якія ў побыце выкарыстоўваюць беларускую гаворку, лічаць сябе палякамі, а праваслаўныя з-пад Бельска Падляскага ці Сямятычаў — пераважна беларусамі, хаця іх гаворка мае шмат украінскіх рысаў. Здараецца таксама, што хтосьці размаўляе па-польску, лічыць сябе беларусам, а паходзіць з сям’і, дзе карыстаюцца ўкраінскай гаворкай. І да таго ж не ва ўсіх нацыянальная свядомасць цалкам сфармавалася».

019_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0026.jpg

На гаворцы Трасцянкі пісьменнік, журналіст, паэт і мастак Віктар Стахвюк напісаў кнігу «Сіва зязюля» (Siwa zozula). З яе можна даведацца, напрыклад, што старэйшыя жыхары Трасцянкі найлепш узгадвалі перыяд царскай Расіі і камуністычнай улады, а жыць у міжваеннай Польшчы ім не падабалася. Гэта цікава, бо па беларускі бок мяжы менавіта жыццё «за палякамі» называюць самым лепшым часам.

020_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0078.jpg

У кнізе апісаны абрады і песні Калядаў, Мясьніці (Масленіцы), Юр’я, Зелянец, Купалле, жніво, выкліканне дажджу, хрэсьбіны, вяселле, провады ў рэкруты, гасцяванні. Аўтар інтэрпрэтуе сімволіку святаў з адсылкамі да славянскага паганства, не заўсёды яго тлумачэнні навукова дакладныя. Але сабраны ў кнізе «Сіва зязюля» матэрыял дае добрае ўяўленне пра каляндарныя і сямейныя абрады Трасцянкі.

021_2022-08-13_02 Trzescianka_A.Leshkevich_0037.jpg

Фота аўтаркі

Алена Ляшкевіч, для budzma.org