17 гадоў у «псіхушках» і турмах за свае погляды — загубленае жыццё ці апраўданае самаахвяраванне? Вядомы беларускі дысідэнт Міхась Кукабака падводзіць вынікі мінулага і дзеліцца думкамі пра сучаснае ў інтэрв’ю budzma.by.
— У вашай біяграфіі тры дамы вар’ятаў і сем лагераў, не лічачы турмаў, дзе вы правялі 17 гадоў жыцця — не за злачынствы, а проста за іншадумства. Якая цана такога выбару? Гэта перакрэсліла вашае жыццё або напоўніла яго сэнсам?
— Вядома, «псіхушкі» і лагеры — не курорт, і яны перашкодзілі мне стварыць нармальную сям’ю, напрыклад. Але што тычыцца майго духу і маральнага стану — я ў поўнай гармоніі з сабой. Калі чалавек перакананы ў сваёй рацыі і яго перакананні пацвярджаюцца ўсім жыццём, пра што тады шкадаваць? Я ніколі не мог нават падумаць, што пры маім жыцці адбудзецца паўраспад імперыі, што Беларусь і Украіна будуць вольнымі, што адменяць «прыгоннае» права. А гэта адбылося. Значыць, усё было не дарма.
Пахіснула асновы кніга пра капіталізм у Даніі
— Як фармавалася вашае вальнадумства ў той час, калі яно ў прынцыпе было пад забаронай і нішто не спрыяла яго развіццю?
— Сапраўды, СССР быў практычна ў поўнай ізаляцыі ад свету, таму працэс усведамлення ішоў павольна. Але мая маладосць прыпала на хрушчоўскія часы, калі назіралася невялікае паслабленне, у тым ліку свабоды друку, і журналісты не проста вялі прапаганду, але прыводзілі і рэальныя факты пра замежжа. Першае моцнае ўражанне на мяне зрабіла кніга спецкора па краінах Скандынавіі Генадзя Фіша «Прывітанне, Данія», надрукаваная ў 1959 годзе. У кнізе сярод іншага апісвалася моцная сацыяльная сістэма гэтай краіны. Таксама там расказвалася пра рух Супраціву падчас Другой сусветнай вайны. Такое свабодалюбства датчанаў таксама мяне ўразіла. Я задумаўся, што ж гэта за такі капіталізм, якім нас палохалі ўсё жыццё. І чым больш я чытаў, у тым ліку працы па марксізме, Энгельса, Лібкнехта і інш., тым больш было сумневаў і адмаўлення існага ладу. У пачатку 60-х я стаў праяўляць гэтыя сумневы ўжо адкрыта. Напісаў, напрыклад, Хрушчову аб праблемах праваахоўнай сістэмы, звяртаўся ў цэнтральныя газеты з артыкуламі, дзе ставіў пытанні: чаму, калі мы дэмакратычная дзяржава, праўду пра ўласную краіну даведваемся ад розных «варожых галасоў»? Чаму наш урад закупляе збожжа ў Канадзе? Для чаго тады мы асвойвалі цаліну? Натуральна, ніякага адказу я не атрымліваў. Мяне выклікалі ў абкам партыі на «прапрацоўку». Я тады жыў у Казахстане, дзе не прынята выносіць смецце з хаты, што мяне, напэўна, і выратавала ад турмы. Потым я пераехаў ва Украіну. Тут за мяне ўзяліся больш сур’ёзна — у 1967 годзе ўпершыню выклікалі ў КДБ на азнаямленчую гутарку. Праводзіў яе капітан Кальноў з Кіеўскага гараддзела КДБ. Я шчыра казаў яму, што наш лад — абсалютна антынародны. Ён не пярэчыў, слухаў, запісваў. Але адпусціў. Калі пачаўся ўвод савецкіх войскаў у Чэхаславакію і мяне выклікалі ў кіеўскі ваенкамат, я ім проста заявіў: «Калі пашляце ў Чэхаславакію, павярну аўтамат супраць вас, акупантаў, і выступлю на баку народа». Мяне абмацюкалі, але зноў адпусцілі. Я на гэтым не спыніўся і напісаў ліст у чэхаславацкае консульства аб нязгодзе з акупацыяй іх краіны нашымі войскамі.
На каранцінным становішчы
— У 1969 годзе я пачаў агітаваць за байкот выбараў. Усім сваім знаёмым па інтэрнаце тлумачыў: калі няма альтэрнатывы, калі ў спісе толькі адзін кандыдат-камуніст, гэта не выбары. І ў маім пакоі ўсе адмовіліся ісці галасаваць. Пасля гэтага пакой паставілі на каранціннае становішча: да нас было забаронена прыходзіць староннім, і выхавальнік за гэтым сачыў. Потым мяне хацелі выселіць нібыта за п’янку. Але я звярнуўся ў суд, сабраў сведка. І суд адклалі, памяняўшы на таварыскі. Але таварыскі таксама не адважыліся праводзіць: ведалі, што я па слова ў кішэню не палезу. Тады пачалі ціснуць па-іншаму — зразаць зарплату, напрыклад. Я не вытрымаў, звольніўся і ў 1969 годзе пераехаў у Расію, у горад Аляксандраў. Вось тут мяне ўпершыню арыштавалі 14 красавіка 1970 года. Падставу для арышту знайшлі. У жніўні 1969 года я напісаў невялікі артыкул «Адкрыты ліст англійскаму пісьменніку Айвару Мантэгю». Гэта быў адказ на яго нататку ў «Комсомольской правде», дзе ён усяляк ганіў Анатоля Кузняцова, аўтара кнігі «Бабий Яр». Але замест заходняй газеты ліст трапіў у КДБ. Пачалося следства, у працэсе якога старшы следчы УКДБ па Уладзімірскай вобласці маёр П. Яўсееў узамен на волю прапанаваў мне падпісаць нейкую паперку, што я, маўляў, у нейкім месцы сустракаўся са статс-сакратаром амбасады Заходняй Германіі Мюлерам. Растлумачыў, што пра гэта ніхто не даведаецца. Я катэгарычна адмовіўся ад такога «супрацоўніцтва»: ніхто не даведаецца, але сам я заўсёды буду памятаць, што зрабіў паскудства чалавеку, якога ніколі не бачыў. Тады мяне і адправілі ў Інстытут Сербскага, дзе абвясцілі шызафрэнікам. Пасля экспертызы больш за год пратрымалі ва Уладзімірскай турме ў строгай ізаляцыі. Я пастаянна пісаў пратэсты, патрабаваў, каб мяне пазнаёмілі з матэрыяламі справы. Толькі 6 верасня 1971 года начальнік спецчасткі турмы заявіў, што суд адбыўся 4 лістапада 1970 года і мяне нібыта апавясцілі. Гэта была хлусня. Далей, скорагаворкай зачытаў мне акт экспертызы з інстытута Сербскага. Я добра запомніў некаторыя пасажы адтуль: «…занятие спортом, увлечение иностранным языком, а также интерес к философии — результат болезненных изменений личности…».
Даводзілі да вар’яцтва нейралептыкамі і «кулазінам»
— Якая з вар’ятняў была самай страшнай?
— Сычоўская спецклініка МУС, дзе разам з «палітычнымі» ўтрымліваліся адпетыя крымінальнікі. Але я прайшоў яе паспяхова, калі так можна казаць. За тры гады я атрымаў толькі адзін укол нейралептыку, хоць іншых «заколвалі» да вар’яцтва ці смерці. Па-першае, я знайшоў кантакт з маладым доктарам Вадзімам Сазанковым. Відавочна, ён зразумеў, што я чалавек па-свойму перакананы, ніякі не хворы. А галоўнае, мне можна давяраць. Мы часта гутарылі з ім на розныя тэмы ў яго кабінеце, абмяркоўвалі міжнародную палітыку. Адкрыта пагаварыць на гэтыя тэмы ён толькі і мог, што з такім «хворым», як я. Да таго ж мне ўдалося прабіцца на добрую працу — наладчыкам швейнага цэха пры бальніцы. Гэта была адказная праца, звязаная з электратэхнікай. Натуральна, ніякімі нейралептыкамі дактары мяне не «начынялі». Але не ўсім так шанцавала: дабівалі людзей у гэтай «псіхушцы» не толькі медыкаментамі. Санітарамі былі крымінальнікі. І калі хтосьці пачынаў скардзіцца, начальнік, маёр Леанід Лямец, уважліва і спагадліва выслухоўваў, а потым прапаноўваў гэтым санітарам прапісаць скаржніку «кулазін» (ад слова «кулак»). І няшчасных білі, адбіваючы жаданне скардзіцца. Але самае страшнае было ў іншым: пацыенты не ўяўлялі, колькі тут прабудуць, наогул нічога не ведалі пра свой лёс. Людзі там знаходзіліся па 10-15 гадоў, а то і пажыццёва. Таму і з’явіўся такі выраз «вечны ложак».
Калі я вызваліўся праз 6 гадоў, адразу напісаў артыкул пра парадкі ў савецкіх «псіхушках» і пераправіў яго на Захад. Яго пераклалі на ангельскую мову і надрукавалі ў 1979 годзе ў зборніку «SOVIET PSYCHOPRISONS».
Пасадзілі за Дэкларацыю правоў чалавека і ікону на сцяне
— Вы нядоўга былі на волі. Вас зноў неўзабаве ізалявалі і сярод іншага абвінавацілі ў тым, што ў вас на сцяне вісіць Дэкларацыя правоў чалавека, ікона і партрэты дысідэнтаў. Цікава, дзе вы ў той час дасталі Дэкларацыю правоў чалавека?
— Тады выпускаўся часопіс органа ЮНЕСКА — «Кур’ер». Ён распаўсюджваўся ў вольным продажы, і яго хутка раскуплялі, можа быць, тыя ж спецслужбы. Мне ў Маскве падарылі адзін нумар, дзе на развароце была надрукаваная Дэкларацыя правоў чалавека. Я праз знаёмых зрабіў некалькі яе копій. Гэта быў элемент агітацыі іншых людзей, а таксама аргумент у маю абарону — атрымлівалася, мае паводзіны і перакананні цалкам адпавядалі міжнароднаму заканадаўству.
— А чаму побач вісела яшчэ і ікона?
— З духу супярэчнасці. Я быў і застаюся атэістам. Але ў той час я разглядаў савецкую ідэалогію як рэлігію з бязгрэшным богам у Крамлі і навязанай усеагульнай аднамыснасцю. І разважаў так: калі камуністычная рэлігія вольна распаўсюджваецца, чаму ўшчамляецца іншая рэлігія?
Час пярэкрутаў
— Вы прайшлі шмат лагераў, у тым ліку пермскія, на месцы якіх падчас перабудовы быў створаны музей ахвяраў палітрэпрэсій. Але пасля ён быў пад пагрозай закрыцця, сышлі яго заснавальнікі, пад націскам былых ахоўнікаў лагера была закрытая частка першапачатковай экспазіцыі. Што вы запомнілі пра тыя лагеры і як успрынялі гісторыю з трансфармацыяй музея?
— Я туды трапіў летам 1985 года, потым у 1986 г. мяне адвезлі ў Віцебск, адтуль — у лагеры Мардовіі, а пасля вярнулі назад пад Перм. Дарэчы, я стаў апошнім палітычным вязнем, які пакінуў гэтую «выпраўленчую» калонію ў снежні 1988 года. Сапраўды, у 1995 годзе тут быў створаны музей і мяне запрашалі на адкрыццё. Але потым з музея ахвяр палітрэпрэсій ён пачаў ператварацца ў музей наглядчыкаў. Былыя ахоўнікі сталі распавядаць, як ім цяжка было ахоўваць спецкантынгент, што зняволеныя харчаваліся лепш за іх. Рэч у тым, што лагер курыраваў КДБ, таму тут было нямала тых, хто з ім супрацоўнічаў. І ім сапраўды дазвалялася атрымліваць пасылкі з волі з добрым харчаваннем. Але я, да прыкладу, за ўсе дзесяць гадоў не атрымаў у лагерах, у тым ліку пермскіх, ніводнай пасылкі. Хоць ахвочых дапамагчы мне было дастаткова. Бо мяне падтрымлівалі вельмі многія, пра што я нічога не ведаў да вызвалення. Дзякуючы знаёмствам на «зоне» і ў вар’ятнях з рознымі дысідэнтамі, якім удавалася выйсці з-за кратаў, эміграваць і распавесці пра мяне, на Захадзе добра ведалі маё імя. Напрыклад, актывістка Amnesty International з Англіі Караліна Браўн амаль кожны тыдзень цягам сямі гадоў пісала мне лісты ў лагеры. Натуральна, ніводнага я не атрымаў і пазнаёміўся з ёй толькі ўжо пасля выхаду на волю. Іншая актывістка з Аўстрыі (на жаль, памерла), Герхілд Кучэра, пастаянна «надакучвала» савецкім уладам наконт мяне. Падтрымлівала мяне і Amnesty з Даніі.
Хто паводзіў сябе прыстойна на следстве, у судзе і ў лагерах, пазбаўляўся базавых правоў, бо гэта было «правапарушэннем» з пазіцыі вертухаяў і куратараў з КДБ. Мяне шмат разоў нахабна пазбаўлялі ўсялякай перапіскі ў «Перм-36». Не пазбег я і зняволення на паўгода ў лагерную турму.
Тое, што пачалася дыскрэдытацыя былых палітвязняў, «ворагаў народа» і абяленне лагерных наглядчыкаў, — невыпадкова ў пуцінскай Расіі.
Яшчэ адзін штрых да сённяшняга дня: я быў рэабілітаваны ў 1991 годзе, але да гэтага часу пачынаючы з 2006 года не дамогся права пазнаёміцца са сваёй справай у архіве Інстытута Сербскага. Прайшоў усе інстанцыі, але безвынікова.
Праект budzma.by, прысвечаны рэпрэсіям у СССР
Міхась — маё палітычнае імя і крэда
— Чаму пасля вызвалення вы не засталіся жыць у Беларусі?
— Я рабіў неаднаразовыя спробы застацца, прыцягваў дэпутатаў. З адным з іх— дэпутатам Магілёўскага аблсавета Наталляй Рославай — мы ў 1991 годзе пайшлі на прыём да старшыні Магілёўскага гарвыканкама Габрусева. Я паказаў яму дакументы аб рэабілітацыі і папрасіў даць мне пакой хаця б памерам з турэмную камеру. Ён адказаў, што ў краіне былі мільёны рэпрэсаваных. А цяпер, маўляў, у нас праблемы з жыллём праз чарнобыльскую аварыю, і адмовіў. Потым я даведаўся, што яго знялі з пасады за спекуляцыю кватэрамі. У той перыяд дэпутаты ад БНФ былі моцнай фракцыяй у парламенце і пры жаданні маглі б дапамагчы мне застацца ў Беларусі. Але ім было не да мяне. У студзені 1989 года я сустракаўся ў Мінску з Васілём Быкавым, каб абмеркаваць праблему перагляду спраў тых, хто быў асуджаны за працу на акупаваных тэрыторыях. Але наша сустрэча скончылася нічым. І так атрымалася, што я застаўся ў Маскве.
— Калі вы былі на дэманстрацыі апошні раз?
— Цяпер я на «палітычнай» пенсіі і амаль не хаджу на розныя дэманстрацыі. Я ўжо сваё «адпрацаваў». Апошні раз быў у канцы лютага 2017 года на мітынгу з нагоды забойства Барыса Нямцова.
— А на выбары ходзіце?
— Не. Па гэтым пытанні я цалкам на баку Аляксея Навальнага.
— Мяне здзівіла, што вы — прыхільнік смяротнага пакарання. Але ведаеце, як прымірыцца з яго праціўнікамі. Якім чынам?
— Калі мы з павагай ставімся да процілеглага меркавання, то павінныя ўлічваць і пазіцыю тых, хто за смяротнае пакаранне. А іх прыкметна больш. Як знайсці баланс? Я б параіў стварыць фонд праціўнікаў пакарання, дзе яны б падпісвалі абавязанне ўтрымліваць тых, каму па іх патрабаванні смяротнае пакаранне замененае на пажыццёвае зняволенне. Не павінныя ўтрымліваць злачынцаў тыя, у каго забілі блізкіх.
— Калі вас апошні раз называлі Міхасём?
— Мяне так называюць у Беларусі і некаторыя блізкія мне па духу прыяцелі ў Маскве. Гэта маё палітычнае імя. Калі ў 2000 годзе я атрымліваў новы пашпарт, прасіў запісаць маё імя так, як яно гучыць па-беларуску, і пазначыць нацыянальнасць, але пашпартыстка сказала: «Такога імені ў нас няма, а ўказанне нацыянальнасці адмененае», — і выкінула маю заяву ў сметніцу. Але я застаюся беларусам, і мая нацыянальнасць для мяне прынцыповая.
Ганна Кручкова
ДАВЕДКА
Міхась Кукабака нарадзіўся 3 снежня 1936 года ў Бабруйску. Беларус. У вайну страціў бацькоў, выхоўваўся ў дзіцячым доме. Атрымаў прафесію механізатара і электраманцёра, працаваў у Сібіры, Узбекістане, Казахстане, Украіне, Беларусі, Расіі, жыў у рабочых інтэрнатах. Служыў у арміі (у Забайкаллі і на Далёкім Усходзе). Арыштоўваўся 4 разы па палітычных абвінавачваннях і правёў у зняволенні 1970–1976, 1978–1988 гады. Пасля вызвалення 5 краін гатовыя былі прыняць яго і даць грамадзянства. Але ён застаўся на радзіме — «у ліку тых, хто прыкладаў намаганні, каб зрабіць краіну лепшай». Жыве ў Маскве.
Фота з адкрытых крыніц