Прэзентацыя выставы “Нябесныя бегі. Вечны вандроўнік” адбылася ў мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка 27 сакавіка. Імпрэза ладзілася пры падтрымцы Культурна-асветніцкага цэнтру імя Язэпа Драздовіча ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Выставу адкрыла загадчыца мастацкай галерэі Ларыса Лысенка. Яна адзначыла вялікую ролю Язэпа Драздовіча ў станаўленні беларускай мастацкай школы і распавяла пра карціны, на якіх мастак увасобіў вялікія постаці гістарычнай Полаччыны –Усяслава Чарадзея і Францішка Скарыны.
Пасля гледачоў віталі старшыня Культурна-асветніцкага цэнтру імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак, старшыня творчай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін і дырэктар Полацкай мастацкай школы Наталля Анцімонава.
Пры адкрыцці выставы адбылася прэзентацыя альбома-каталога “Артаполіс”, прысвечанага 120-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча.
Адначасова з выставай суполкі “Пагоня” ў гэты дзень у залах галерэі адкрылася выстава навучэнцаў Полацкай мастацкай школы, якія прысвяцілі свае творы (маляваныя дываны) свайму знакамітаму земляку Язэпу Драздовічу.
На выставе “Нябесныя бегі. Вечны вандроўнік” прадстаўлена больш за 60 твораў жывапісу, графікі, дэкаратыўна-ужытковага мастацтва, скульптуры. На ёй можна пабачыць графіку Яўгена Шатохіна, Міколы Купавы, Уладзіміра Крукоўскага; жывапісныя палотны Уладзіміра Сулкоўскага, Юрася Піскуна, Генадзя Драздова; скульптурныя выявы Алеся Шатэрніка; габелены Святланы Баранкоўскай і Тацяны Козік. На экспазіцыі прадстаўлены і творы самога Язэпа Драздовіча, сярод якіх “Мужык з панам цягаецца” і краявід з цягніком.
Тэгі: Полацк