Уладзімір Караткевіч (1930 — 1984) і праз чатыры дзесяцігоддзі з часу сваёй смерці (25 ліпеня 1984 г. — гэтая журботная дата) з’яўляецца самым тыражным беларускім пісьменнікам. У апошнія дзесяцігоддзі выдадзены літаральна дзесяткі яго кніг. Выдаюцца кнігі класікі як з разлікам на масавага чытача, так і ў прыгожым мастацкім афармленні. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» завяршаецца выданне 25-томнага Збору твораў Уладзіміра Караткевіча. Сярод кніжных графікаў, якія спрычыніліся да афармлення кніг легендарнага беларускага пісьменніка, — самыя знакамітыя мастакі Беларусі, піша «Звязда».
Зборнік, які пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда», — кніга вершаў «Бацькаўшчына светлая мая». Укладальнік — Віктар Шніп. Болей 100 вершаў сабрана пад адной вокладкай. Адкрывае кнігу верш «Орша», які быў упершыню надрукаваны ў сакавіцкім нумары часопіса «Полымя» за 1956 год. Вядомы аўтограф твора ў значна пашыраным выглядзе ў лісце да Ю. К. Гальперына ад 28 снежня 1954 г. Першая кніжная публікацыя «Оршы» — у зборніку Уладзіміра Караткевіча «Матчына душа», выдадзеным у 1958 годзе.
«Яна не блішчыць красою,/ А ў сэрца навек запала,/ З паркам сваім змарнелым,/ З сваёй Кабылянскай гарой,/ З лянівай сястрой Аршыцай,/ Што летам бруіцца памалу/ Ў шырокі, як песня наша, / Магутны, сівы Дняпро. <...> Тут нарадзіліся думкі,/ Воля, імкненні, жаданні,/ Тут стаў я сынам краіны,/ Абпален яе агнём.../ Таму і люблю я Оршу/ Першым вялікім каханнем,/ Якое не знікне, пэўна,/ Нават з маім жыццём».
Тыраж паэтычнай «звяздоўскай» кнігі Уладзіміра Караткевіча — 1000 экзэмпляраў. Раней у Выдавецкім доме «Звязда» пабачылі свет укладзеныя Віктарам Шніпам паэтычныя зборнікі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, калектыўныя кнігі паэзіі мастакоў слова, чый лёс звязаны з Гродзеншчынай («Спрадвечны бераг»), Берасцейшчынай («Чыстая музыка неба», «Адчыненая хаціна»), Гомельшчынай («Жўрукі над Палессем»), Віцебшчынай («Зямлі нязгаснае святло») і іншыя выданні.