Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
З чаго пачаўся канфлікт паміж вялікім князем Кейстутам і яго пляменнікам, будучым польскім каралём Ягайлам? Якая рэальная палітычная пазіцыя ў тагачаснай дзяржаве належала маладому князю? Ці быў канфлікт справакаваны ўнутрыпалітычнымі гульнямі баярства? Якую ролю адыграў Тэўтонскі ордэн у сутычцы двух князёў ? З каторым з іх крыжакі стараліся заключыць саюз? На гэтыя пытанні адказвае гісторык Алесь Краўцэвіч у новым відэа.
Пра прычыны канфлікту Ягайлы з дзядзькам Кейстутам напісана вельмі шмат як гісторыкамі, так і папулярызатарамі гісторыі. Асабліва багатая польская гістарыяграфія, асноўнай тэндэнцыяй у якой з’яўляецца апалагетыка Ягайлы. Прычына зразумелая — ён пачынальнік вялікай дынастыі польскіх каралёў — Ягелонаў.
Насамрэч больш адпаведная рэальнасці даўняя традыцыйная версія, прадстаўленая ў беларуска-літоўскіх летапісах і працягнутая польскім гісторыкам XV ст. Янам Длугашам, які напісаў пра Кейстута: «Але за яго шчырую вернасць адплочана яму найстрашнейшай няўдзячнасцю».
Канфлікт паміж дуумвірамі выспяваў паступова. Аналіз наяўнага комплексу крыніц прыводзіць да высновы, што яго прычынай былі палітычныя амбіцыі вялікага князя Ягайлы Альгердавіча, незадаволенага сваёй рэальнай пазіцыяй у дзяржаве. Малады вялікі князь, якому яшчэ належала здабыць аўтарытэт у краіне, найперш сярод старэйшых і больш дасведчаных і заслужаных князёў-Гедымінавічаў, натуральна быў значна менш шанаваны, чым ягоны дуумвір — дзядзька Кейстут, якому нічога нікому даказваць не было патрэбы — ён ужо ўсё даўно даказаў як палітык і як ваяр.
Канфлікт паміж дуумвірамі найбольш дэталёва апісаны ў двух аўтэнтычных тэкстах, якія паходзяць ад адной крыніцы, а менавіта аповеду Вітаўта Кейстутавіча. Гэта першая частка «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх» і г.зв. мемарыл Вітаўта для кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна. Абедзьве крыніцы паходзяць з пачатку 90-х гадоў XIV ст.
Цікава, што ў беларуска-літоўскім летапісе галоўная віна за канфлікт ускладваецца на баярына Вайдылу — асобу, прыбліжаную да вялікага князя Альгерда, а потым і да Ягайлы. Маўляў, гэта ён настройваў маладога князя супраць дзядзькі і намаўляў на саюз з крыжакамі. Такая ўвага сярэднявечных аўтараў да простага, хай і ўплывовага баярына выглядае як ускоснае апраўданне вялікага князя і караля, унука Гедыміна, які сам па сабе не быў здраднікам, але паддаўся дрэннаму ўплыву.
Вайдыла сапраўды быў уплывовай асобай пры Ягайлу, ягоная пячатка нават падвешана да дамовы з Ордэнам, але, зразумела, нейкім значным палітыкам побач з князямі Гедымінава роду быць не мог. Ён добра падыходзіў да ролі сувязнога-ганца — вылазкі ў Ордэн баярына было лягчэй утрымаць у таямніцы, чым, напрыклад, паездку князя Скіргайлы. Баярын Вайдыла не ацалеў у змаганні паміж вялікімі панамі, быў павешаны па загадзе Кейстута ў 1381 г.
Гісторыкі згодныя, што не апошнюю, а магчыма і галоўную ролю ў эскалацыі ўнутрыліцвінскага канфлікту адыграў Тэўтонскі ордэн, які пільна сачыў за падзеямі ў лагеры свайго галоўнага ворага. Магчыма, маюць рацыю тыя даследчыкі, якія лічаць, што Ордэн гэты канфлікт і інспіраваў, спрытна згуляўшы на амбіцыях маладога Ягайлы. Прынамсі старанне ордэнскага кіраўніцтва канфлікт паглыбіць і завастрыць сумненняў ні ў кога не выклікае.
Ордэн заахвочваў Ягайлу (у тым ліку праз яго маці) да выступу супраць дзядзькі, заключыў з ім патаемную дамову, скіраваную супраць Кейстута, і зрабіў так, каб той пра яе даведаўся.
Ведаючы пра палітычную вагу і аўтарытэт дзядзькі, Ягайла пачынаў інтрыгу здалёк, дзейнічаў асцярожна і па магчымасці патаемна. Першым ягоным крокам было сагнанне з удзелу трэцяга па значнасці (пасля дуумвіраў) дзяржаўнага мужа краіны — полацкага князя Андрэя, брата па бацьку, старэйшага і найбольш заслужанага сярод сыноў Альгерда, даўняга саюзніка і паплечніка Кейстута ў вайсковых выправах. У выпадку адкрытага канфлікту паміж дуумвірамі Андрэй з пэўнасцю падтрымаў бы Кейстута. Той жа, напэўна, дзеля захавання дуумвірату, актыўных дзеянняў у абарону Андрэя не распачаў (версія пра ўдзел Кейстута ў выгнанні Андрэя з Полацка не мае пацверджання ў крыніцах).
Наступным крокам стала слыннае падарожжа на Захад Скіргайлы Альгердавіча ў ліпені 1379 г.