Набліжаецца летні сонцаварот. З даўніх часоў нашы продкі адзначалі самую кароткую ноч у годзе рознымі абрадамі ды рытуаламі. Купалле нароўне з Калядамі лічылася чароўным часам, то і бавілі яго адпаведна.
Гэта час максімальнага росквіту прыроды. Натуральна, што купальскія ўрачыстасці досыць маштабныя і разлічаны на прыродныя лакацыі: бераг вадаёма, поплаў, узлессе. А што рабіць, калі няма магчымасці выехаць за горад?
Як адзначыць Купалле ў «непрыродных» умовах, распавядаем у артыкуле.
Сувязь са стыхіямі
Як і амаль любое свята народнага календара, купальскія рытуалы цесна звязаныя са стыхіямі: найперш агнём і вадой.
Вогнішча
Гэта дзін з галоўных атрыбутаў свята, яго раскладалі вялікім, намагаліся, каб гарэла ўсю купальскую ноч. Вогнішча сімвалізуе нябесны агонь (Сонца) і палымяную прагу жыцця, увасабляе ідэю ачышчэння, перараджэння. На купальскім вогнішчы прынята спальваць рознае ламачча, старое рыззё, усё непатрэбнае. Праз вогнішча пераскокваюць, каб ачысціцца ад усяго благога. Над ім сушаць адзенне хворага, каб хутчэй пазбавіцца хваробы.
Натуральна, у кватэры раскласці нават маленькае вогнішча немагчыма. Тут на дапамогу прыйдуць свечы і ... крапіва!
Як адзначае фалькларыстка Алена Ляшкевіч, у некаторых рэгіёнах Беларусі купка надранай крапівы замяняла купальскае вогнішча. Такім чынам, палюбавацца жывым агнём можна, назіраючы за полымем свечкі, а вось скокі і іншыя рытуальныя дзеянні можна зладзіць з дапамогай пякучкі-крапівы.
Вада
Паплаваць у прыродным вадаёме на Купалле, канешне, варта. Але, не ўпадайце ў роспач, калі гэта не атрымліваецца. Прыняць ванну, наведаць лазню, пастаяць у душы — таксама прыемна і карысна. На самы скрайні выпадак можна проста абмыць твар, рукі і ногі «сонечнай» вадой. Такую ваду зрабіць не складана: напярэдадні пастаўце на падваконне шкляную ёмістасць з чыстай вадой так, каб на яе траплялі сонечныя промні. Папрасіце ў сонейка прагрэць вашу ваду, надзяліць яе чароўнымі ўласцівасцямі. І ўсё.
Увечары скарыстайце вадзічку па прызначэнні: змыйце з сябе не толькі пыл і пот, але і хваробы, дрэнныя думкі, роспач... карацей — змывайце сонечнай вадой усё, што вам не патрэбна.
Зямля
Сувязь з гэтай стыхіяй на Купалле ажыццяўляецца праз збор зёлак, звіванне вянкоў, прагулкі басанож, качанне па траве. Збіраць у шматпавярховіках лекавыя зёлкі ці гуляць басанож па лесвічных пляцоўках — ідэя так сабе, канешне. Але ўпрыгожыць свой пакой букетам жывых кветак, а на вячэру аддаць перавагу стравам расліннага паходжання цалкам магчыма.
Яшчэ, каб «зазямліцца», можна зрабіць ванначку для ног. Насыпце на дно адпаведнай ёмістасці солі, наліце прахалоднай вады і апусціце свае стомленыя ногі ў ванначку. Важна, каб вы адчулі падэшвамі няроўнасці солі. А можна ў ёмістасць проста насыпаць пяску (ці пакласці духмяных зёлак) і патупаць нагамі па іх.
Важным атрыбутам купальскіх святаў з’яўляецца папараць-кветка, якая ўвасабляе невычэрпныя багацці зямлі. Адшукаць яе і ў дзікіх гушчарах не проста, што ўжо казаць пра гарадскую кватэру. Але выйсце ёсць. Намалюйце сваю папараць-кветку! Можаце маляваць «з нуля» на чыстым аркушы, а можаце выкарыстоўваць гатовыя размалёўкі. Алоўкі, фарбы, пластылін ці нават каляровы пясок — выкарыстоўвайце тое, на што адгукаецца ваша сэрца. Можна нават крэйдай на асфальце маляваць, прыцягнуўшы да гэтай справы сяброў і суседзяў. Сеанс арт-тэрапіі нікому не зашкодзіць.
Паветра
Нейкіх спецыфічных рытуалаў па ўшаноўванню гэтай стыхіі на Купалле, бадай, і не было. Хіба што дыхаць на поўныя грудзі, убіраючы ў сябе водар купальскіх зёлак. Таму для поўнай гармоніі прапануем звярнуць увагу і на паветра. Напоўніце прастору адпаведнымі водарамі, расклаўшы зёлкі (напрыклад, мяту, мелісу), свежыя ягады (трускалкі, суніцы), паставіўшы букеты з жывых кветак альбо выкарыстаўшы аромалямпы ці дыфузары. І дыхайце напоўніцу!
Калі вам не хапае лёгкасці па жыцці, можна зрабіць разнастайныя дыхальныя практыкі (у ютубе зараз можна адшукаць іх на любы густ). Увогуле, іх карысна рабіць штодня, але ў самую кароткую ноч яны будуць максімальна эфектыўнымі. Галоўнае — верыць у гэта!
Сацыяльны складнік
Купалле — свята масавае, яно прадугледжвае гулянні і сустрэчы з сябрамі. Нават існавалі традыцыі абыходу двароў з песнямі і віншаваннямі (штось накшталт калядоўшчыкаў і валачобнікаў).
Такім чынам, летні санцаварот — цудоўная нагода пабачыцца з родныміі сябрамі, сустрэчу з якімі вы пастаянна адкладаеце. Калі ёсць сілы і імпэт, можна прайсціся па суседзях, павіншаваць іх, падарыць букецік палявых кветак ці зеляніны. Такі нечаканы сюрпрыз падыме настрой нават самым самотным і сумным людзям.
Парадак у хаце
Таксама важнай часткай купальскіх абрадаў была абарона ад чараў, знішчэнне вядзьмарак. Дзеля гэтага палілі пудзілы альбо колы, збівалі са слупоў конскі чэрап і іншае. Гэтыя сімвалічныя дзеянні пакліканы абараніць грамаду ад негатыўнага ўплыву звышнатуральных сіл, якія звычайна актывізуюцца падчас каляндарных святаў.
Спаліць у хаце пудзіла альбо драўлянае кола наўрад ці атрымаецца. А вось «знішчыць» вядзьмарскія чары можна. І дзеля гэтага не абавязкова выклікаць прафесійнага экзарцыста.
Першае, што варта зрабіць, навесці парадак у сваёй прасторы. Прыбярыцеся дома: старое, паламанае, непатрэбнае — на сметнік. Залішняе — на дабрачыннасць альбо раздаць па сябрах-знаёмых. Працерці пыл і вымыць падлогу. У ваду, якой будзеце мыць, можна дадаць некалькі кропель эфірных алеяў (чайнага дрэва, сасны, ядлоўца).
Чысціня цела і думак
Такі ж парадак варта навесці і ў думках. Выдзеліце 20 — 30 хвілін і выпішыце на аркушы ўсе свае трывогі, крыўды, непрыемнасці, што турбуюць вас апошнім часам. Без цэнзуры (можна не зусім літаратурнай мовай) — пішыце, як пішацца. Пасля гэты аркуш парвіце на дробныя шматочкі, спаліце.
Таксама ачысціце сваё цела: наведайце лазню, паляжыце ў цёплай ванне, прыміце душ з духмяным мылам.
Абярэг на свята Купалле
І завяршальны крок — зрабіце абярэг. Гэта можа быць букет з калючых раслін (крапіва, чартапалох, ружы). Гэта можа быць лялька-абярэг ці палатняны мяшэчак з соллю. А ўласна сабе можна падарыць якое-небудзь упрыгожанне.
І ніякія звышнатуральныя сілы не змогуць нашкодзіць вам!
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з манаграфій Алены Ляшкевіч «Традыцыйны каляндар. Нарысы» (Мн.: 2022) і Змітра Скварчэўскага «Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі» (Мн.: 2019)
АЯ
Чытаць яшчэ: Малавядомыя купальскія звычаі і павер’і