Не так ужо рэдка мае месца тэндэнцыя, калі мы ведаем пра падзеі пяцісотгадовай даўніны лепш, чым пра тое, што было зусім нядаўна. І аб тэрытарыяльных прэтэнзіях Вітаўта і Ягайлы нам вядома больш, чым пра тое, як мянялася або магла памяняцца карта Беларусі менш чым трыццаць гадоў таму. Сёння пра ВКЛ казаць не будзем, пагаворым пра кур’ёзны выпадак, калі БССР спрабавала запатрабаваць Вільню ў Літвы ў канцы 1980-х.
У апошнія гады існавання СССР жыццё было своеасаблівае. Галоснасць, перабудова, дэфіцыт і рэзкае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Адны радаваліся і варылі джынсы ў карпаратывах, іншыя напружана чакалі, чым усё скончыцца, трэція наогул не бачылі сваёй будучыні ў СССР. Напрыклад, краіны Прыбалтыкі. Яшчэ ніякай гаворкі пра СНД не ішло, а Эстонія, Латвія і Літва ўжо не хацелі ніякіх СНД, СССР 2.0 і іншых савецкіх і постсавецкіх праектаў. У лістападзе 1988 года Вярхоўны Савет Эстонскай ССР прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце. У 1989 годзе аналагічныя дакументы прынялі Літва і Латвія. Як апафеоз, 11 сакавіка 1990 года ВС Літоўскай ССР прыняў акт “Аб аднаўленні незалежнай Літоўскай дзяржавы”, які адмяняў савецкую канстытуцыю і ўводзіў Асноўны закон Літоўскай рэспублікі на аснове дакумента аж 1938 года. Неўзабаве дзве астатнія прыбалтыйскія рэспублікі прынялі аналагічныя законы. Такім чынам, у сакавіку 1990 года быў створаны сур’ёзны прэцэдэнт, які ставіў пад сумнеў далейшае існаванне СССР як адзінай дзяржавы.
У Беларусі СССР таксама падабаўся далёка не ўсім, але цэнтрабежныя сілы ў нас былі непараўнальна слабейшыя, а ўлада — лаяльнейшая да саюзнага кіраўніцтва. І калі стала ясна, што Літва адназначна выходзіць з СССР, улады БССР прыдумалі па-свойму элегантны план. Справа ў тым, што пасля атрымання Літвой незалежнасці ў 1918 годзе рэспубліка была крыху меншая, чым цяпер. І сталіцай яе быў Каўнас — Вільня заставалася ў Польшчы. А літоўскім Віленскі край — сем тысяч квадратных кіламетраў, паўмільёна жыхароў і Вільня — стаў толькі 10 кастрычніка 1939 года, пасля “вызваленчага паходу” Чырвонай арміі і “Дамовы аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы горада Вільні і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой”. Праўда, праз год СССР забраў у свой склад Літву ўжо цалкам. Але тым не менш тэарэтычна Вільня была атрыманая Літвой непасрэдна ад СССР. І тэарэтычна пры выхадзе Літвы з Саюза магла быць адабраная. І ўключаная, хутчэй за ўсё, у БССР. На гэтым і вырашыла згуляць беларускае кіраўніцтва.
Упершыню прадстаўнікі Беларусі ўзнялі пытанне аб тэрытарыяльных прэтэнзіях падчас пазачарговага III з’езда народных дэпутатаў 14 сакавіка 1990 года (там, дарэчы, Гарбачоў стаў першым і адзіным прэзідэнтам Савецкага Саюза). Там і выступіў першы сакратар Гродзенскага абкама КПБ В. Сямёнаў. У асноўным ён казаў пра Літву, яе незалежнасць і пра тое, што прыйшоў час аддаць Вільню.
Новаабраны старшыня Вярхоўнага Савета Літоўскай Рэспублікі Ландсбергіс на з’ездзе не прысутнічаў. Але словы Сямёнава да літоўскага кіраўніцтва дайшлі своечасова. Ужо 22 сакавіка 1990 года Ландсбергіс запытаў у старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Мікалая Дземянцея, што такое ўвогуле сказаў сакратар Гродзенскага абкама, ці быў ён у добрым здароўі і наколькі быў упаўнаважаны рабіць такія заявы. Літоўскі бок удакладніў, што “апошнім часам на мяжы Літвы і Беларусі расхаджваюць невядомыя кіраўніцтву Літоўскай Рэспублікі асобы, аказваючы псіхалагічнае ўздзеянне на мясцовых жыхароў, растлумачваючы пры гэтым, што ў будучыні тэрыторыя Літвы можа быць перададзеная БССР”. Усё гэта не дужа падабалася літоўскаму боку, апошні спасылаўся на Хельсінскі акт і спадзяваўся, што Вярхоўны Савет БССР будзе выконваць законы аб непарушнасці межаў і не зробіць рэзкіх рухаў.
Адказ прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР прагучаў 29 сакавіка 1990 года. Здагадка літоўскага боку, што Сямёнаў гаварыў сам за сябе, аказалася няслушнай — улады Беларусі вуснамі Дземянцея практычна цалкам пацвердзілі словы гродзенскага апаратчыка. Літаральна ў пачатку адказу прэзідыум ВС цалкам адкрыта выказваў яго асноўную думку: “Калі Літоўская СССР выйдзе з Савецкага Саюза, БССР не будзе лічыць сябе звязанай усімі Законамі, Указамі і іншымі актамі адносна перадачы Літве беларускіх земляў”. Акрамя Вільні беларускае кіраўніцтва “замахвалася” на перададзеныя Літве ў 1940 году Свянцянскі, часткі Відзаўскага, Гадуцішкаўскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў. Што ж да Віленскага краю, то беларускі бок не забыўся згадаць і той факт, што ў 1939 годзе яго перадалі Літве “без паведамлення і згоды з БССР” (які сюрпрыз, а?). Дакумент падпісалі сам Дземянцей і яго сакратар Л. Сыраегіна.
Дакумент атрымаўся, шчыра кажучы, унікальны. Агрэсіўных, ды і неагрэсіўных, тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў БССР звычайна не мела, канфліктаў, падобных да карабахскага або абхазскага, таксама, дзякуй Богу, не было — і тут такі дэмарш. На жаль, цяпер не хапае інфармацыі, каб выразна зразумець прычыны, з якіх беларускае кіраўніцтва наважылася на такое. Ці была гэта асабістая задумка Дземянцея, які “падпісаў” на яе Сямёнава? Была “віленская авантура” ініцыятывай Мінска або яе ўзгаднілі з Масквой? На што ў выніку разлічваў Мінск — што Літва спалохаецца і аддасць Вільню, што застанецца разам з Вільняй у СССР ці на нейкі трэці варыянт? Як бы павёў сябе Гарбачоў, калі б падзеі прасунуліся далей?
На ўсе гэтыя пытанні адказаў няма. Але мяркуючы па ўсім, літоўскае кіраўніцтва адказ Дземянцея не напалохаў. Пракансультаваўшыся з прадстаўнікамі БНФ, літоўцы вырашылі, што разглядаць такі варыянт сур’ёзна не варта, далі гарантыі абароны беларускага насельніцтва Віленшчыны, паабяцалі садзейнічаць у адкрыцці беларускіх школ, радыё і тэлебачання. А потым распаўся СССР, і кожная рэспубліка пайшла сваім шляхам. А дэмарш “Вільня наша” стаў здабыткам гісторыі.
Дзяніс Буркоўскі