Уявіце, на адпачынку альбо ў камандзіроўцы ў чужой краіне вы засталіся без пашпарта. Дакумент згублены альбо скрадзены, а вам трэба вярнуцца ў Беларусь, як гэта зрабіць, тлумачыць агенцтва «Мінск-Навіны».
Што рабіць?
Пакуль вы знаходзіцеся ў замежнай паездцы, без пасведчання асобы яшчэ сяк-так можна абысціся, але перасекчы мяжу без пашпарта наўрад ці ўдасца. Таму прыйдзецца аформіць пасведчанне на вяртанне. Дакумент чымсьці нагадвае айчынны пашпарт. Ён выдаецца грамадзянам у дыпламатычным прадстаўніцтве Беларусі. Таму далей ідзём па алгарытме.
Куды звяртацца і што рабіць
У паліцэйскім участку пішам заяву аб крадзяжы або страце пашпарта. Ад праваахоўнікаў вам патрэбна даведка аб крадзяжы або страце дакумента для афармлення пасведчання.
Шукаем сайт консульства або пасольства Беларусі. Удакладняем адрас, час працы, калі не патрэбна папярэдні запіс, ідзем на прыём. Магчыма, па тэлефоне патлумачыўшы сітуацыю дыпламату, вам атрымаецца паскорыць тэрміны выдачы дакумента.
Калі ў гэтай краіне няма дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі, звяртаемся да расійскіх дыпламатаў.
Запаўняем заяву на выдачу пасведчання (спампаваць).
Запаўняем таксама заяву з тлумачэннем абставінаў страты.
Робім два фота 4×5 см (патрабаванні).
Выплачваем консульскі збор — 20 еўра за афармленне. Пры асаблівых абставінах дакумент могуць выдаць бясплатна.
Для грамадзян да 14 гадоў дадаткова патрэбен пашпарт або пасведчанне асобы законнага прадстаўніка непаўналетняга. Калі пашпарт аднаго з бацькоў таксама згублены — копіі і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці.
Важна!
Раім загадзя зрабіць і захаваць на e-mail або ў воблаку копіі ўсіх важных дакументаў. Гэта выдатная страхоўка на выпадак непрадбачаных сітуацый.
Максімальны тэрмін разгляду заявы — месяц, але фактычна дакумент афармляецца некалькі дзён. Выдаюць яго максімум на 6 месяцаў.
Асаблівасці часовага дакумента
Пасведчанне сапраўды толькі для аднаразовага ўезду ў Беларусь. Выехаць па часовым дакуменце з нашай краіны нельга.
На працягу месяца пасля вяртання на Радзіму трэба перадаць пасведчанне ў аддзел грамадзянства і міграцыі па месцы прапіскі і падаць дакументы на новы пашпарт.