Новы навучальны год, і аднолькавыя праблемы пасля 2020-га. Узмацненне ідэалогіі, у школах — «правільныя» служкі культу ды ваенрукі замест псіхолагаў. Дзяцей гоняць на Плошчу Перамогі пад чырвона-зялёнай тканінай, а установы адукацыі — пад шчыльнай «аховай» міліцыі. І ўсё тыя ж «настаўнікі, што фальсіфікавалі выбары». Нядзіўна, што па сацсетках загучалі заклікі нават не вадзіць дзяцей на першы дзень у школу.
Але школа ж — не на адзін дзень. І шмат бацькоў у роспачы: як з гэтым жыць? Чаму навучаць маё дзіця ў гэтай школе? Зноў паборы, зноў «прамыванне мазгоў», класныя гадзіны «палітінфармацыі» і гэтак далей…
Шчыра кажучы, мне, як маці, даволі дзіўна чуць падобнае ныццё. З іншага боку, яно нават зразумелае. Мы, жывучы ў патэрналісцкім грамадстве чвэрць стагоддзя звыкліся, што ад нас нічога не залежыць. Згадваецца нават анекдот мінулай зімы, калі працоўныя, замярзаючы ў цэхах, скардзіліся на нізкую тэмпературу на прадпрыемстве Святлане Ціханоўскай. Нібыта, яна павінна прыехаць з-за мяжы і ўключыць ацяпленне. А вось наладзіць страйк з прычыны немагчымасці працаваць пры нізкіх тэмпературах нікому і ў галаву не прыходзіла.
Тут — тое ж самае. Бацькі стогнуць з-за палітызаванасці (у горшым сэнсе) нашай адукацыі, але пры гэтым нейкім аўтаматычным чынам выключаюць з гэтага працэсу саміх сябе. Нібыта ад іх нічога не залежыць: школа — гэта школа.
А ад бацькоў, насамрэч, залежыць шмат. Бо школа — гэта навучанне. А бацькоўская праца — гэта выхаванне. І выхаванне тут — найгалоўнае.
І няма лепшага выхавання, чым ўласны прыклад. Бацькі ж павінны быць прыкладам і аўтарытэтам для дзяцей, праўда? І толькі ад бацькоў залежыць, які прыклад яны пакажуць сваім дзецям: прыклад ныціка, які кажа, што «ўсё прапала, і я нічога не магу змяніць», ці прыклад героя, які змагаецца не толькі за свае правы, яле і за правы свайго дзіцяці.
Насамрэч, гэта нескладана — ісці супраць сістэмы ў школе. Таму што вы гэтай сістэме фактычна нічым не абавязаныя.
«Добраахвотна-прымусовыя» мерапрыемствы
Сапраўды, шмат каго абурыла з’яўленне ў школе ваенрукоў замест псіхолагаў і «асноваў праваслаўнай культуры». Але неяк выпадае з-пад увагі, што і ваенрукі, і праваслаўныя — гэта факультатывы. І іх наведаванне — неабавязковае. Проста адмоўцеся ад іх і патлумачце свайму дзіцяці, што ён ці яна не абавязаны наведваць гэтыя «пасяджэнні».
Клас гоняць на чарговы хакейны турнір, на нейкае «ўскладанне кветак», дзе яўка, нібыта, абавязковая? На першым жа бацькоўскім сходзе напішыце заяву прыкладнага зместу: «Я, такі-та такі-та забараняю ўдзел майго дзіцяці ў пазашкольных мерапрыемствах, не звязаных з адукацыйным працэсам».
А дзіцяці скажыце, што ў выпадку такога «добраахвотна-прымусовага ўдзелу» ён мае поўнае права зрабіць у адпаведнасці з пасылам: «Бяры шынель, ідзі дамоў».
Прымусовая падпіска і іншыя паборы
У класе збіраюць грошы на прымусовую падпіску «Юнага ратавальніка» і «СБ. Беларусь Сёння»? Адмоўцеся здаваць грошы. Скажыце што ваша дзіця такога не чытае. Канешне, вам будуць уціраць у мозг, што ад гэтага залежыць прэмія вашага класнага кіраўніка, — ціснуць, на жаль. Запытайце, які памер гэтай прэміі, і прапануйце іншым бацькам проста скінуцца па 5-10 рублёў, каб кампенсаваць страты, але на дзяржаўную прапаганду не падпісвацца.
Фота ganc-chas.by
Збіраюць грошы на «новыя шторы», на «рамонт класа» і гэтак далей? Прапануйце настаўніку разам з вамі скласці калектыўны ліст у Міністэрства адукацыі па пытанні фінансавання школы, якога на столькі не хапае, што школа вымушана прасіць бацькоў аб дадатковым фінансаванні. Бо вы шчыра гатовыя дапамагчы школе выбіць грошы, якіх школе не хапае!
Канешне, ёсць рэчы, якія навучэнцам неабходныя, і ў якія бацькі ўкладаюцца з радасцю — напрыклад, чыстая пітная вада ў класах, цэнтралізаваная закупка дзённікаў альбо контурных картаў, сумесныя паходы ў музей — гэтым займаецца апякунскі савет класа.
Але толькі вы вырашаеце, на што вам трэба здаваць вашыя, нялёгка заробленыя грошы, а на што, не.
Школьнае харчаванне. Абавязкова ці не?
Адміністрацыя школы часта ўсім кажа, што «адмовіцца ад яго нельга». Але гэта — зусім не так.
Фота infobank.by
Справа ў тым, што харчаванне ў школах — гэта паслуга, а паслугі па нашым заканадаўстве не могуць навязвацца. Больш за тое, гэтую паслугу аказвае не школа, а камбінат дзіцячага харчавання, які ўласна да навучальнай установы адносін не мае. Проста ў Мінску, напрыклад, вядзецца статыстыка: якая школа лепшая па зборы грошай на харчы, а якая — горшая.
Вы гатовыя плаціць за гэты віртуальны паказнік жывыя грошы, калі вашае дзіця ў школе нічога не есць?
У сярэдзіне мінулага года я напісала заяву пра тое, што адмаўляюся ад такой паслугі для дзіцяці, як харчаванне. І ведаеце што было? Нічога. Апроч папярэджання, што дзіця павінна харчавацца самастойна — то-бок мець з сабою ежу і гарбату ў тэрмакубку.
Заніжэнне адзнак у адказ на пазіцыю бацькоў
Багата людзей думае, што з-за падобных паводзінаў бацькоў яго дзіцяці будуць заніжаць адзнакі. То-бок, за прынцыповую пазіцыю бацькоў адкажуць яго дзеці. І ведаеце што? Гэта — абсалютная лухта.
Па-першае, у заніжэнні адзнакаў не зацікаўленыя самі настаўнікі. Гэта азначае, што яны дрэнна працуюць, а «паспяховасць класа» — зусім не пусты для іх паказчык.
Па-другое, не ўсе настаўнікі дрэнныя.
Памятайце, што лічба «97%» насамрэч, нікуды не падзелася, і сярод гэтых «97%» шмат тых самых настаўнікаў.
Каго я ні запытвала пра «першы дзень у школе», ніхто не пацвердзіў што іх дзецям на першым уроку прапаноўвалі сабраць з літар «ж», «о», «а», і «п» слова «прэзідэнт». У самым скрайнім выпадку настаўнікі казалі: «Мы павінны з вамі паразмаўляць пра патрыятызм і іншае. Будзем лічыць, што мы гэта зрабілі — слова “патрыятызм” прагучала. А цяпер вернемся да больш актуальных праблемаў».
І па-трэцяе: вы ўпэўненыя, што школьныя адзнакі сапраўды больш важныя за выхаванне? За самапавагу, за стаўленне да вас вашага ж дзіцяці? Калі дзіцё бачыць перад вачыма прыклад бацькоў, якія не паступаюцца сумленнем, гонарам і павагай да сябе дзеля сумнеўнай «ацэнкі», дзеля таго, каб «не было праблем»?
У любым выпадку, веды дзіцяці залежаць не ад адзнакі. А вось пачуццё гонару, годнасці, самапавагі і ўменне змагацца са складанасцямі — гэта застанецца з ім назаўжды.
І не трэба думаць, што дзеці гэтага не бачаць, не чуюць і не разумеюць. Насамрэч — менавіта наадварот. Менавіта вашыя годныя (альбо не) паводзіны закладаюць у іх падмурак, з якімі яны потым пойдуць па жыцці. Стануць яны валадарамі, героямі свайго лёсу, ці прыстасаванцамі — залежыць менавіта ад вас і вашых паводзінаў. Тут і цяпер.
І гэта сапраўды так. Як прыклад — допіс у Фэйсбуку адной знаёмай, які выпадкова трапіўся мне на вочы.
«У нас на лінейцы дырэктар выступае:
— Вы памятаеце мае словы на леташняй лінейцы, пра тое, чаго патрабуюць нашыя сэрцы?
Дзеці:
— Пераменаў!!!
Дырэктар, збянтэжана:
— Новых ведаў, уражанняў...»
І скажыце пасля гэтага, што дзеці нічога не разумеюць?
Аліна Бялова, budzma.by