У адзін год з Вільняй, на пару гадоў раней за Мінск.
Адзін з найстарэйшых гарадскіх здымкаў у Беларусі. Антал Рорбах, 1861. Фота: limis.lt
Датай вынаходніцтва фатаграфіі лічыцца 1839 год, калі ў сценах Французскай акадэміі навук быў зачытаны даклад пра дагератыпію — ранні фатаграфічны працэс, у якім выкарыстоўвалася святлоадчувальнае ёдзістае срэбра.
Стварэнне такіх здымкаў было дарагім і патрабавала шмат часу. Сапраўдны бум фатаграфіі адбыўся ў 1850-я гады, калі на змену дагератыпам прыйшлі амбратыпы і фератыпы, дзе ў якасці асновы выкарыстоўвалася шкло і металічныя пласцінкі, пакрытыя святлоадчувальным калодыем.
Партрэт маці мінскага фатографа Антона Прушынскага, зроблены ў 1858 годзе, з’яўляецца першай вядомай беларускай фатаграфіяй.
У гэты час фатаграфія пранікае і на тэрыторыю Беларусі. Адным з піянераў фатаграфіі стаў мінскі шляхціц Антон Прушынскі, які адкрыў сваю фотамайстэрню ў 1850 годзе. Праўда, першая вядомая беларуская фатаграфія датуецца 1858 годам — на ёй адлюстравана маці фотамастака. Амаль уся фатаграфія таго часу канцэнтруецца па партрэтных здымках, зробленых у дэкарацыях прыватных майстэрняў.
Рака Вілія і Замкавая гара ў Вільні. Абдон Корзан, каля 1860 года. Фота: madeinvilnius.lt
Вуліцы беларускіх гарадоў яшчэ амаль дзесяцігоддзе не трапляюць у аб’ектывы фотакамер. Каля 1860 года фатограф Абдон Корзан стварыў шэраг фотаздымкаў Вільні і ваколіц, якія сёння лічацца першымі здымкамі гарадоў на тэрыторыі Літвы.
Але паколькі дакладная дата здымкаў невядомая, а ў кадр трапляюць будаўнічыя работы, звязаныя са стварэннем чыгуначнага тунэлю ў Панарах, то з імі могуць канкураваць здымкі іншага аўтара.
Будаўніцтва чацвёртай у Расійскай імперыі чыгункі, Пецярбурга-Варшаўскай, якая мусіла звязаць сталіцу імперыі са сталіцай Царства Польскага, вялося з 1852 па 1862 гады. Чыгунка пралягала акурат праз Вільню.
Будаўніцтва моста цераз Нёман у Гродне — адзін з найстарэйшых гарадскіх здымкаў у Беларусі. Антал Рорбах, 1861. Фота: limis.lt
У сакавіку 1862 года быў адкрыты ўчастак Дынабург — Ландварава, які злучыў Пецярбуг з Вільняй. У маі — участак Варшава — Беласток, які трохі пазней працягнулі да Гродна. Нарэшце ў верасні ўжо можна было даехаць з Варшавы да Вільні.
Для ўзвядзення найбольш складаных інжынерных аб’ектаў на чыгунцы былі прыцягнуты французскія спецыялісты, адзін з якіх запрасіў венгерскага фатографа Антала Рорбаха сфатаграфаваць іх.
Рорбах працаваў на радзіме аптэкарам, але праславіўся сваімі фотаздымкамі гарадскіх пейзажаў. У 1850-я гады, нягледзячы на недасканаласць тагачаснай фатаграфіі, ён зрабіў шмат здымкаў горада Сегеда, дзе жыў і працаваў.
У Расійскую імперыю Рорбах прыехаў у жніўні 1861 года, а вярнуўся ў назад толькі ў снежні. За гэты час ён зрабіў здымкі будаўніцтва мастоў і тунэляў на чыгунцы, але не канцэнтраваўся выключна на іх — нярэдка на здымкі трапляюць і гарадскія краявіды.
Краявід старога горада ў Гродне — адзін з найстарэйшых гарадскіх здымкаў у Беларусі. Антал Рорбах, 1861. Фота: limis.lt
Краявід старога горада ў Гродне — адзін з найстарэйшых гарадскіх здымкаў у Беларусі (фрагмент). Антал Рорбах, 1861. Фота: limis.lt
Мяркуючы па здымках, Рорбах наведаў прынамсі Рэжыцу, Дынабург, Вільню, Коўна і Гродна. Здымкі змешчаны ў альбом, які сёння захоўваецца ў музеі ў літоўскіх Шаўлях.
У Гродне фатограф зрабіў не менш за тры здымкі, на якіх паказанае будаўніцтва чыгуначнага моста цераз Нёман.
Першы паказвае будаўніцтва апор моста з узроўню ракі, так што акрамя рыштаванняў, схілаў рачной даліны і дахаў хатак нічога больш і не бачым.
Два другія больш цікавыя. Адзін з іх, зроблены, відаць, аднекуль з Лінейнай вуліцы, дзе цяпер знаходзіцца «Белкард», паказвае будоўлю з вышыні карэннага берага ракі, захопліваючы вялікі кавалак старога горада з вежамі храмаў. Іншы, зняты з насыпу, які вядзе да моста, паказвае выключна стары горад, які спускаецца да Нёмана.
На сёння гэта найстарэйшыя фотаздымкі гарадской забудовы Беларусі. На іх можна знайсці подпіс аўтара і год здымкі.
Найстарэйшы здымак Мінска, зроблены каля 1863 года. Фота: «Фотографическая Иллюстрация», №№ 8-9
Першы здымак, напрыклад, Мінска з’яўляецца толькі ў 1863 годзе ў расійскім літаратурна-мастацкім часопісе «Фотографическая Иллюстрация». Ён зроблены з Татарскіх агародаў, якія ў савецкі час былі часткова затоплены для пашырэння Свіслачы, і паказвае Траецкую гару і Высокі рынак.
Праўда, на старонках часопіса пазначаны толькі аўтар здымка — мінскі фатограф Брафман, — але не пазначаны час, калі ён быў зроблены, так што ў беларускай сталіцы яшчэ ёсць шанец нагнаць і перагнаць і Гродна, і Вільню.