Кіраўнік інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат» Яраслаў Іванюк: У нашых планах шмат цікавых, важных кніжак, якімі будзем займацца ў юбілейны год

«Калі б нехта з чытачоў «Будзьма беларусамі!» прапанаваў бы «Камунікату» нейкі раман з хэпі-эндам, то гэта, можа, стаў бы і бэстсэлер нават», — жартуе заснавальнік і кіраўнік найбуйнейшай беларускай інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат» Яраслаў Іванюк. А можа, нават і не жартуе, бо большасць выдавецкіх планаў, па словах Яраслава, грунтуецца як раз на запытах чытачоў, якія ён атрымлівае падчас кніжны кірмашоў і аўтарскіх сустрэч. Сёлета «Камунікату» спаўняецца 25 год. З чаго і як ён пачынаўся, як дадалася выдавецкая справа, чаго чакаць чытачам і слухачам у юбілейны год? Пра гэта Яраслаў Іванюк распавёў у вялікім інтэрв’ю парталу Budzma.org.

Jaraslaŭ Ivaniuk
Яраслаў Іванюк

— Юбілейны год пачаўся для «Камунікату» кнігай з дзвюма аповесцямі Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыя». Чаму старт выпаў гэтаму выданню?

— Выданне непадцэнзурнага Васіля Быкава — гэта, можна лічыць, працяг святкавання юбілею стагоддзя пісьменніка, якое адзначалася летась. План быў выдаць гэтую кнігу ў 2024-м, аднак справы з выданнем гэтых аповесцяў крыху зацягнуліся. І вось таму давялося нам перанесці кнігі Быкава на 2025 год, пачаць год з іх. Яны, як мне падаецца, надзвычай актуальныя. Васіль Быкаў вельмі часта лічыцца ваенным пісьменнікам, хаця гэта, на маю думку, не да канца праўда, бо Быкаў усё ж такі піша найперш пра чалавека, пра яго выпрабаванні ў экстрэмальных умовах, а вайна — гэта вось тыя экстрэмальныя ўмовы. І ўмовы, у якія патрапіў сам Быкаў.

А вайна сёння тут, побач з намі, фактычна, ля нашых межаў. Нам можа здавацца, што яна вельмі далёка, што нас не датычыць, але вось памятаю, як пад Бахмутам 16 траўня 2023 года загінуў Міраслаў Лазоўскі... Я літаральна адчуў, што гэтая вайна да мяне пальцамі дакранулася. І цяпер прыходзяць усё новыя і новыя навіны пра тое, што беларусы ў гэтай вайне гінуць, паміраюць, іх забіваюць расейскія кулі, расейскі імперыялізм. Таму гэта, на жаль, вельмі актуальна.

Jaraslaŭ Ivaniuk
Яраслаў Іванюк

«Ліквідацыя», якая ў савецкі час выходзіла пад назвай «Сотнікаў», распавядае пра архетып, які ў кожны час актуальны, гэта ж сюжэт пра Каіна і Авеля, брат забівае брата. Па-рознаму гэта бывае. Чаму так? Адны так робяць, бо хочуць нейкую маёмасць здабыць гэтага брата, іншыя хочуць проста пражыць, выжыць.

— Актуальна, хаця і сумна, што актуальна...

— Ну сапраўды, як нехта сказаў, усе цяпер хочуць нечага станоўчага і пазітыўнага, а ты выдаеш Быкава з фіналам зусім не як у Дыкенса... Актуальнасць — першая прычына, а другая прычына — гэта тое, што аповесці «Ліквідацыя» і «Мёртвым не баліць» выйшлі асобнымі кнігамі ў Беларусі без цэнзуры — правак, купюраў — такім тэкстам, як хацеў аўтар і пад загалоўкам менавіта аўтарскім, у 2014 годзе. І я быў у жаху, калі даведаўся, што пасля 2014-га гэтыя аповесці выходзілі, але зноў з цэнзурнымі праўкамі. Для мяне зусім незразумела, чаму гэта так сталася, але сапраўды гэта так. І «Ліквідацыя» выходзіла пазней ізноў пад назвай «Сотнікаў».

«Likvidacyja»

Таму гэтая кніга, якую мы забралі з друкарні ў мінулы чацвер, яна ўсяго толькі другое выданне гэтых твораў Васіля Быкава без цэнзуры. А цэнзурных правак там было вельмі шмат — у адной сотня, а ў другой — удвая больш. Таму нам падалося вельмі важным і істотным менавіта гэтыя аповесці вярнуць беларускаму чытачу ў належным выглядзе.

— Кніга выйшла менавіта як папяровае выданне?

— Так, як папяровая традыцыйная ў Беластоку, можна было зрабіць перадзамову на нашым сайце kamunikat.shop — у нашай інтэрнэт-краме з усімі іншымі кнігамі, якія мы дагэтуль выдалі. І перадзамоваў было дзясяткі. Вось літаральна днямі разаслалі ў розныя месцы — у тым ліку ў Вільню, у Злучаныя Штаты Амерыкі, у Нідэрланды, на Кіпр і па ўсёй Польшчы фактычна — Труймяста, Уроцлаў, Кракаў, Познань, Варшава, меншыя гарады. Так што гэтая кніга часткова ўжо разасланая. Але да 2 лютага ў нас гэтую кнігу яшчэ можна замовіць са зніжкай на сайце kamunikat.shop, пазней яна будзе прадавацца крыху даражэй, хаця не нашмат. Можа, і варта паклапаціцца цяпер.

Апрача нашай інтэрнэт-кнігарні, мы будзем прадаваць гэтую кнігу на розных беларускіх літаратурных імпрэзах. Першая такая жывая сустрэча чытачоў з кнігай здарыцца ў Вільні, дзе 14-16 лютага будзе праходзіць традыцыйны Стральцоўскі фэст. Напэўна, гэтая кніга будзе і на кніжных кірмашах у Варшаве, Катавіцах. Павінна трапіць таксама і на літаратурны фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Мы традыцыйна таксама і сёлета плануем выехаць са спадаром Уладзімірам Арловым, адным з найбольш папулярных беларускіх пісьменнікаў, вядомых і запатрабаваных, на сустрэчы з аматарамі беларускай літаратуры па краінах Еўрапейскага звязу. То, спадзяюся, чытачы і там таксама змогуць гэтую кнігу набыць.

— І яшчэ на самым пачатку года «Камунікат» запусціў прыкладанне для айфона. Можа, плануецца на андроідзе?

— Прыкладанне на айфон, якое можна загрузіць на appstore, гэта проста неверагодная гісторыя. Вядома, свет ідзе наперад, трэба, каб такія праекты, як «Камунікат», дзе ёсць электронныя і аўдыякнігі, развіваліся. Беларусы ж абсалютна не адсталыя ад сучасных тэхналогій, некаторыя, якія пасля 2020 года з’ехалі ў Польшчу, гавораць нават, што гэта тут крыху адстаюць у параўнанні з тым, што ў Беларусі было. Тут можна спрачацца ці пагадзіцца, але тэхналагічнае развіццё для нас вельмі важнае.

Аднак я як гуманітарый сам распрацоўкай такога заняцца не мог. Але знайшліся, так скажу, добрыя людзі, якія яшчэ летась запрапанавалі нам з’яўленне «Камунікату» ў якасці прыкладання да аўдыякніг на айфонах. І мы ўжо бачым самыя станоўчыя водгукі ад карыстальнікаў прыстасаванняў Apple, на якіх можна цяпер слухаць аўдыябукі «Камунікату»! Істотна, што гэтае прыкладанне таксама працуе ў Беларусі. Тым больш, ведаю, што ў Беларусі айфон даволі папулярны. Ва ўсялякім разе, бачыў гэта падчас былых наведванняў Беларусі.

Я вельмі веру ў добрых людзей і спадзяюся, што прыкладанне для андроіда таксама з’явіцца з цягам часу. Ёсць таксама прапанова ад распрацоўшчыкаў прыкладання на appstore дадаць функцыю чытання кніг на «Камунікаце» ў фармаце ePub.

Пакуль жа скажу так: амаль тысяча асобаў на працягу двух тыдняў далучылася да нас менавіта ў appstore. Яны могуць слухаць цяпер з задавальненнем беларускую літаратуру ў якасным выкананні, таму што мы працуем з вельмі добрымі дыктарамі, акторамі.

Можам тут згадаць Купалаўцаў, Хрысціну Дробыш, якая мае таксама свой праект з аўдыякнігамі, варта назваць таксама Кацярыну Ваданосаву, вядомую ў розных сферах дзейнасці, варта сказаць пра Змітра Бартосіка, які найбольш аўдыякніг для «Камунікату» начытаў, і пра Віктара Сямашку, які, можа, нячаста чытае для нас аўдыякнігі, але яго аўдыякнігі — гэта проста шэдэўры. Я не кажу, што іншыя дрэнныя, але тое, што зрабіў Віктар Сямашка з успамінамі Францішка Аляхновіча «У кіпцюрох ГПУ», — гэта проста фантастыка.

Апошнім часам мы таксама выдалі ў форме аўдыя ўспаміны Лявона Савёнка. Там такі гумар, што можна качацца ад смеху. Вельмі рэкамендую, Зміцер Бартосік начытаў. Рыхтуем таксама ў гэтым годзе пры супрацоўніцтве Хрысціны Дробыш і ейнай каманды раман Уладзіміра Някляева «Гэй бэн гіном». Гэта важная для нас кніга, яна першая папяровая, якую выдаў «Камунікат» у 2021 годзе, з гэтага і пачалася нашая выдавецкая дзейнасць.

Uspaminy Liavona Savionka

Цяпер гэтых кніг ужо пад 50 будзе, а можа нават ужо 50. Скажу, што кніга не маленькая. Працэс працы па агучцы будзе вельмі працяглы, а потым выставім яе ў свабоднае карыстанне. Але каб нашыя чытачы і аматары беларускай літаратуры не сумавалі, трэба сказаць, што мы ўзновім «Гэй бэн гіном» і ў папяровай версіі. Прывязем на Стральцоўскі фэст другое выданне кнігі ў мяккай вокладцы. На сустрэчах з чытачамі ў розных месцах вельмі часта былі пытанні, ці будзе «Гэй бэн гіном» ізноў на паперы, ці будзе аўдыябук ці электронная кніга. Ну і мы вырашылі, што будзем запісваць, але будзем таксама выдаваць і папяровую кнігу.

Нашыя аўдыякнігі даступныя не толькі на YouTube-канале «Камунікату» ці на сайце kamunikat.org або праз гэтае прыкладанне для айфона, але і на больш як дзесяці іншых платформах для аўдыякніг, напрыклад Spotify ці Apple Podcasts.

— Вы пачалі стагоддзе беларускай электроннай бібліятэкай. Калі пачыналі справу, якая была мэта — зрабіць у Сеціве бібліятэку ўсяго, што выдавалася па-беларуску? Пра традыцыйнае кнігавыданне тады ж думкі не было?

— Ой не, зусім не так усё было з «Камунікатам». Ён пачынаўся вельмі сціпла і пачынаўся як бюлетэнь Беларускай рэдакцыі «Польскага радыё» ў Варшаве, які меў менавіта такі загаловак — «Камунікат». Мы яго выдавалі ў Варшаве і рассылалі па нашых слухачах у папяровым выглядзе. У 90-я гады гэтая рэдакцыя вяшчала вельмі актыўна на сярэдніх і кароткіх хвалях, гэта было папулярна сярод жыхароў Беларусі, сярод радыёаматараў. Яны слухалі нас, прысылалі нам QSL-карты, у якіх была інфармацыя пра якасць прыёму нашых перадач. Але паколькі якасць прыёму гэтых перадач на сярэдніх і кароткіх хвалях не заўсёды была здавальняючая, мы вырашылі выдаваць вось такі бюлетэнь «Камунікат».

Потым я пераехаў у Беласток працаваць на «Радыё Беласток», але надалей падтрымліваў сувязь з Беларускай рэдакцыяй «Польскага радыё» ў Варшаве і надалей займаўся сувяззю са слухачамі, у тым ліку рэдагаваў гэты бюлетэнь. У ім быў спісаны змест некаторых нашых радыёперадачаў, у тым ліку «Гістарычнае падарожжа», якім я займаўся. Прыйшоў 2000 год, інтэрнэт быў яшчэ такі, ледзь рухаўся, толькі пачыналася ягоная эпоха. І як цяпер мы думаем пра штучны інтэлект, што перад ім будучыня, то тады так думалі пра інтэрнэт — вось яна, будучыня. Я так сабе падумаў, што можна было б паспрабаваць змест гэтага бюлетэня перанесці ў інтэрнэт. Але, паўтаруся, я гуманітарый, для мяне такога тыпу справы зусім чужыя. А вось мая жонка Данута — матэматык і крыху праграмаваннем займалася. То яна мяне неяк і навучыла рабіць гэтыя простыя інтэрнэт-сайты ў кодзе html — з гэтага ўсё і пачалося. Я выставіў найперш змест гэтага бюлетэня Беларускай рэдакцыі «Польскага радыё», там было тэкстаў 50, можа.

Я звычайна гавару, што ў мяне 20 чэрвеня 2000 года нарадзілася двое дзяцей: мой сын Хрыстафор і «Камунікат». Жонка вучыла мяне гэтым тэхналогіям, будучы цяжарнай.

А пазней выявілася, што людзі, якія прыходзяць на сайт, вельмі цікавяцца гісторыяй. Тады я звярнуўся ў Беларускае гістарычнае таварыства ў Беластоку, ці яны не супраць, каб Беларускі гістарычны зборнік і кнігі таварыства я выставіў у Сеціва — яны пагадзіліся. Потым звярнуўся да прафесара Яна Чыквіна, які кіраваў літаратурным аб’яднаннем «Белавежа» тут на Падляшшы — ён таксама пагадзіўся, пазней Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку даў сваю згоду на перанос іх выданняў на «Камунікат». І атрымаўся такі прынцып снегавой кулі...

— Вось як. А зараз дайшло да таго, што калі цябе няма на «Камунікаце», значыць, цябе няма ў беларускай літаратуры...

— У любым выпадку «Камунікат» — гэта цяпер вельмі сучасная бібліятэка, не такая, як у 2000 годзе, не такая, як у 2010-м, калі мы стварылі першы-першы, вельмі сучасны на той час рухавік, цяпер гэта выглядае зусім па-іншаму. Будзем спадзявацца, што нягледзячы на розныя цяжкасці і складанасці, будзем нашае 25-годдзе адзначаць плённай працай. Што да цяжкасцяў, то, канечне, узгадаю, што асноўны дамен «Камунікату» ў Беларусі заблакаваны.

Я спадзяюся, што наш юбілей перш за ўсё дадасць шмат новых магчымасцяў на нашым сайце, але і не толькі на сайце. Мы пачалі размову з выдавецкай дзейнасці, то зазначу, што ў нашых планах ёсць таксама шмат, я лічу, цікавых, важных кніжак, якімі будзем займацца ў юбілейны год.

— Можна нешта ўжо анансаваць?

— У нас выйшаў другі нумар «Апострафа», гэта вельмі важны альманах — працяг «Дзеяслова», які выходзіў у Беларусі два дзесяцігоддзі, а можа, і больш.

Згадаў я ўжо пра кнігу Васіля Быкава і другое выданне кнігі Уладзіміра Някляева «Гэй бэн гіном».

«Hej ben hinom»

Выйдзе ў нас таксама кніга для аматараў філатэлістыкі, зборнік Лявона Карповіча «Апавяданні паштовых марак пра Вялікае Княства», гэта ўжо зусім-зусім неўзабаве.

Спадзяюся, што хутка выйдзе зборнік п’ес Сяргея Кавалёва, выдатнага беларускага драматурга, сябра журы прэміі Гедройця, аўтара «Камедыі Юдзіф» . Гэта ў беларускай літаратурнай прасторы нячаста здараецца, каб па-за межамі краіны выходзілі зборнікі тэатральных п’ес. Хаця хачу сказаць, што ў эміграцыі пасля Другой сусветнай вайны былі такія выпадкі, нават і ў далёкай эміграцыі. Пазней гэтыя п’есы ставіліся аматарскімі тэатрамі, так што гэта цікава.

Kalaž

І вельмі важная кніга, над якой мы цяпер працуем разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку, спадзяюся, што яна вось-вось пойдзе ў друк і прывязу яе ў Вільню на Стральцоўскі фэст, гэта ўспаміны Ларысы Геніюш «Птушкі без гнёздаў». Зноў, пэўне, нехта папракне: вось, ты не хочаш выдаваць нешта станоўчае. Але гэта таксама кніга, пра якую вельмі часта пыталі нас, ці будзе яна. Я ведаю, што гэтая кніга выходзіла ў Беларусі, там яна традыцыйна выходзіць пад загалоўкам «Споведзь». Але, як гаварыла нам сям’я — унук Міхась, які жыве на Беласточчыне, — Ларыса Антонаўна не лічыла свае ўспаміны споведдзю, яна не лічыла, што перад некім павінна спавядацца. Яе ідэя была такая, каб кніга выйшла пад загалоўкам «Успаміны».

У 2012 годзе «Камунікат» і Беларускае гістарычнае таварыства выдалі пераклад гэтых успамінаў на польскую мову выдатнага польскага перакладчыка Чэслава Сэнюха, ужо спачылага, пад загалоўкам «Ptaki bez gniazd». І выйшла аўдыякніга з арыгінальным беларускім тэкстам у выкананні Зінаіды Бандарэнкі, выдатнай беларускай дыктаркі, акторкі, таксама пад загалоўкам «Птушкі без гнёздаў». Гэта не выпадковы загаловак, бо ён узяты з кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш, дзе яна піша так: «Жылі мы з дня на дзень, вечныя чужынцы, птушкі без гнёздаў, у якіх надзея была толькі на Бога».

Кніга, я лічу, вельмі важная. Гэта была наагул першая кніга, да выдання якой я прыклаўся, бо і тады разумеў, што яна надзвычай для беларусаў важная. І зараз яна выходзіць таксама ў вельмі важны момант — 19 снежня мінулага года чэшскія ўлады прынялі рашэнне пра аднаўленне чэшскага грамадзянства Ларысе і Янку Геніюшам. У гэтым дакуменце чэшскіх уладаў напісана, што яны, Ларыса і Янка Геніюш, ніколі не страчвалі гэтага грамадзянства і што іх выдача савецкім уладам была абсалютна незаконнай. Тады ж, у 1948-м, нагадаю, камуністычныя чэхаславацкія ўлады выдалі іх Саветам як грамадзян Савецкага Саюза. Спадзяюся, гэтая кніга будзе на Стральцоўскім фэсце.

І яшчэ ў нас у планах на далейшую ўжо будучыню, але яшчэ ў гэтым годзе, выданне «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. У гэтым годзе Караткевічу 95 год, варта яе выдаць. У Беларусі яна без цэнзарскіх правак выходзіла двойчы. Зразумела, у нас таксама будзе без купюр, тэкст нам да друку будзе рыхтаваць Валянціна Андрэева — галоўная рэдактарка выдавецтва «Гутэнберг» з Кракава. А днямі ў размове з прафесарам Алегам Латышонкам з’явілася такая ідэя, каб разам з «Каласамі», пад адной вокладкай, выдаць таксама і «Зброю». Бо «Зброя» ж, фактычна, гэта працяг «Каласоў пад сярпом тваім». Гэта трэба яшчэ ўдакладніць, як гэта зрабіць, розныя пытанні высветліць. Але лічу, што ідэя добрая, варта над ёй задумацца. Так што, думаю, мы ўзрадуем нашых прыхільнікаў, чытачоў шмат чым у гэтым юбілейным годзе.

Цяпер вось пачаліся працы па начытцы Змітром Бартосікам рамана Валера Гапеева «Пазл», так што таксама ў лютым чакаем на прэм’еру. Яшчэ ёсць у постпрадукцыі кніга Аляксея Карпюка «Вершалінскі рай» пра секту саматужнага прарока Альяша Клімовіча на Беласточчыне.

— Як выбіраеце, што друкаваць? Што варта выдаць, што важна, ці ёсць нейкая зваротная сувязь з чытачамі?

— Гэта вельмі па-рознаму. Пра Быкава я патлумачыў. Кніга Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча — тут можна сказаць, што адыграла ролю зваротная сувязь. Гэта ці не найчасцей паяўлялася ў пытаннях на нашых стэндах, кірмашах, сустрэчах. На зваротную сувязь абавязкова трэба звяртаць увагу, таму гэтыя кнігі мы выбралі. Важна, што «Птушкі без гнёздаў» мы выдаем разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку. Пазней гэтая кніга выйдзе таксама на польскай мове, яна будзе перавыдадзеная пад іншай вокладкай, з іншым тыпаграфічным вырашэннем, але гэта пазней. Пакуль мы рыхтуем беларускі тэкст, пазней будзем рыхтаваць польскі.

Агульна можна сказаць, што выдаем тое, што лічым важным, што лічым каштоўным для беларускай літаратуры.

Бываюць і такія кнігі, калі звяртаюцца да нас аўтары. Я лічу, напрыклад, што выдаць кнігу Алега Груздзіловіча «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы» было вельмі важна. Таму што такой кнігі ў беларускай літаратуры, дзе ёсць вершы і малюнкі для дзяцей з дарослымі (гэта аўтар разам з намі вызначыў жанр), якія распавядаюць пра турму, не было і гэта было вельмі важна. Цяпер кніга Лявона Карповіча, якая выйдзе, пра паштовыя маркі, здаецца, гэта толькі для аматараў паштовых марак будзе цікава, але гэта сапраўды вельмі цікавая кніга.

«Pryhody dziadzi Vici na Valadarcy»

— Дык а што наконт пазітыўнага, станоўчага, з хэпі-эндам, якога прагнуць чытачы і пра што ўзгадалі на пачатку размовы?

— Канечне, урэшце вельмі хацелася б выдаць нешта пазітыўнае і станоўчае. І гэтага вельмі цяжка знайсці ў беларускай літаратуры. Шчыра скажу, вельмі складана знайсці зараз у нас свайго Дыкенса, каб быў хэпі-энд і ўсё астатняе, каб з добрымі людзьмі і гэтак далей. А ў нас вось заўсёды з’яўляюцца на гарызонце гэтыя нелюдзі...

Але калі б нехта з чытачоў «Будзьма беларусамі!» прапанаваў бы «Камунікату» нейкі раман з хэпі-эндам, то, лічу, гэта, можа, стаў бы і бэстсэлер нават.

Бо сапраўды, пра такія кнігі найчасцей просяць чытачы на аўтарскіх сустрэчах, кірмашах — каб у выніку ўсё добра сканчалася.

Вяртаючыся да юбілейнага года, думаю, напэўна, яшчэ з’явіцца нешта па дарозе, юбілей будзе вельмі і вельмі працоўны. Хачу яшчэ дадаць: не забывайма, што «Камунікат» — гэта ў асноўным інтэрнэт-бібліятэка, і мы ў мінулым годзе дадалі туды больш за 6 тысяч новых публікацый на нашу старонку. Заходзяць на яе да тысячы чалавек у дзень, але тут большым паказчыкам ёсць колькасць запамповак файлаў — 1 мільён 200 тысяч у мінулым годзе, то-бок 100 тысяч запамповак на месяц. Таму хацелася б, каб юбілейны год не быў горшым. То будзем вельмі і вельмі плённа працаваць і развіваць гэта, бо ведаем, што гэта патрэбна.

Мы ўпэўненыя, што гэта абсалютна патрэбна беларусам, якія апынуліся ў эміграцыі, а таксама тым беларусам, якія засталіся ў Беларусі.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org