Артыкул гэты пачынаўся з намеру апісаць адзін момант у гісторыі — здрадніцкі захоп 10 ліпеня 1067 года Яраславічамі пасля бітвы на Нямізе Усяслава Чарадзея і двух яго сыноў на Ршы і зняволенне ўсіх трох у кіеўскім порубе. Стоп. А хто такія Яраславічы? Трэба б і пра гэта напісаць. Стоп. А дзе і што такое Рша? А як туды трапіў полацкі князь? А што не падзялілі ён і ворагі на Нямізе? А што такое, нарэшце, поруб? Гара пытанняў прыціснула вашага пакорлівага слугу да зямлі і прымусіла, каб пазбегнуць нелагічнасці, пачаць з пачатку — з нараджэння таго, каго пасля будуць ведаць як Усяслава Полацкага, Усяслава Чарадзея, а ў былінах — як Волха Усяславіча.
Полацк з часоў узяцця Уладзімірам і забойства Рагвалода паспеў цалкам акрыяць. На троне княства ізноў былі Рагвалодавічы (па матчынай лініі, па бацькавай — Рурыкавічы), якія праводзілі самастойную палітыку і на Кіеў аглядваліся хіба што зрэдку. Сын Уладзіміра і Рагнеды Ізяслаў паводзіў сябе яшчэ ціха, але ўжо яго сын Брачыслаў вярнуўся да актыўнай палітыкі і аднаўлення моцы Полацка. Час для гэтага быў спрыяльны. Імперыю Рурыкавічаў, умоўна названую пазней Кіеўскай Руссю, пасля смерці Уладзіміра Яснае Сонейка, хрысціцеля Русі, падзялілі нашчадкі. Сярод апошніх быў і Брачыслаў, які разам з Мсціславам Тмутараканскім і Яраславам Наўгародскім вырашаў лёс дзяржавы. Кіеўскага князя сярод трыумвіраў не было: за сталіцу сышліся ў смяротнай бойцы Святаполк Акаянны і той самы Яраслаў Наўгародскі, які пасля застанецца ў гісторыі як Мудры. Нарэшце, калі Яраслаў заняў кіеўскі сталец, а Мсціслаў памёр, цэнтраў сілы на Русі засталося два — уласна Кіеў і Полацк.
Прыкладна ў гэты час паміж полацкім і кіеўскім войскамі адбылася бітва — дзе і калі дакладна, невядома. Але скандынаўская “Сага аб Эймундзе” паведамляе, што ў выніку быў заключаны мір, і да Полацка адышлі гарады Віцебск і Усвяты.
Калі нарадзіўся Усяслаў — аб тым ніякіх звестак няма. Затое яскрава апісана, ЯКІМ нарадзіўся будучы полацкі князь. “Маці яго нарадзіла ад чарадзейства. Калі маці яго нарадзіла, на галаве яго была язвена. І сказалі вешчуны яго маці: “Гэтую сарочку навяжы на яго, няхай носіць яе да смерці”. І носіць яе на сабе Усяслаў і сёння, таму і нялітасцівы ён на кровапраліцце”…
Так піша “Аповесць мінулых гадоў”. Можна параўнаць, дарэчы, словы пра нараджэнне Усяслава з легендамі пра тое, як з’явіўся на свет Чынгісхан: “…заваёўнік паловы свету Чынгісхан нарадзіўся, трымаючы ў руках па згустку крыві, якія, паводле старажытных павер’яў, былі матэрыялізаваным увасабленнем асаблівай сілы”. Вось такія паралелі. Што канкрэтна за “язвена” была на галаве Усяслава, як яна звязаная за сарочкаю і гэтак далей — аб гэтым ідуць дыскусіі і сёння, але іх пакінем па-за межамі артыкула і вернемся да гісторыі.
Хутчэй за ўсё, нарадзіўся Усяслаў Брачыслававіч у 1028 ці 1029 годзе. Такім чынам, князем ён стаў у даволі маладым узросце — Брачыслаў Ізяслававіч памёр у 1044, таму яго сыну было 15-16 гадоў. Амаль дзіця па сённяшнім меркам, але тады сталелі нашмат раней чым цяпер.
У першыя гады княжання Усяслава на землях Кіеўскай Русі было “ціха” — ніякіх значных канфліктаў паміж князямі не адбывалася, Яраслаў Мудры паходам на Полацк не збіраўся, а пасля смерці кіеўскага князя ўлада ізноў была падзеленая паміж трыумвіратам — на гэты раз без удзелу Полацка. Старэйшы сын Яраслава Мудрага, Ізяслаў, атрымаў адразу Кіеў і Ноўгарад, Святаслаў сеў у Чарнігаве, а Усевалад — у Пераяславе. Усе сілы браты ў першыя гады трацілі на ўнутраную палітыку і ўмацаванне межаў ад набегаў качэўнікаў з Вялікага Стэпу. Шчыра кажучы, паняцце “трыумвірат” тут не вельмі добра падыходзіць, бо яно хутчэй значыць хаўрус трох аднолькава моцных палітыкаў — а ў выпадку трох братоў Ізяслаў Яраславіч, які меў і Кіеў, і Ноўгарад, сваёй моцай пераўзыходзіў і Усевалада, і Святаслава, і, магчыма, абодвух разам. Таму некаторыя гісторыкі лічаць адносіны паміж братамі таго часу хутчэй сеньяратам, дзе два браты слухаліся старэйшага не толькі і не столькі дзеля ўзаемнай выгады.
Так ці інакш, у першыя 16 гадоў княжання Усяслава Полацкага ўладар і яго падданыя маглі дазволіць сабе засяродзіцца на ўласных справах — не трэба было нікога бараніць, заваёўваць, падначальваць або проста біць. Першае, чым заняўся малады князь, — будоўля, будоўля і яшчэ раз будоўля. Полацк у сярэдзіне XI стагоддзя на мегаполіс ніяк не цягнуў — дастаткова сказаць, што гарадзішча (умацаваны цэнтр) сталіцы княства дасягала прыкладна 1000 квадратных метраў — сем-дзесяць сучасных дачных участкаў! Вакол яго, праўда, быў значна большы пасад плошчай да 20 гектараў, але гэта ўсё роўна мала адпавядала княжацкай сталіцы. І Усяслаў вырашае “ператварыць Полацк у горад-сад”. Спачатку будуецца новы замак-дзядзінец: сцены, вежы, княжацкі палац. І сэрца горада: храм Полацкай Сафіі.
Сафійскі сабор — не звычайны храм. Гэта сімвал пераемнасці ўлады ад візантыйскага імператара, ад Канстанцінопаля, ад той самай, галоўнай Сафіі на Басфоры. Таму нядзіўна, што Сафійскія саборы імкнуліся будаваць князі, што сядзелі ў найбольш значных цэнтрах улады ў Старажытнай Русі: Кіеве (30-я гады XI ст.) і Ноўгарадзе (прыкладна 1045-1050 г.). А цяпер і ў Полацку. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што майстры — Давыд, Капес, Мікула, Таўма і іншыя — скончыўшы будаўніцтва Наўгародскай Сафіі, не марудзячы перайшлі ў Полацк і пачалі будаўніцтва ўжо там. У 1050 годзе быў закладзены, напэўна, першы камень храма, у 1055 — апошні.
Але будаўніцтва, развіццё гарадоў і іншае — гэта адно, але моцны князь не павінен быў забывацца і пра знешнюю палітыку. Інакш суседзі з’ядуць і не задушацца. Да таго ж з’явілася новая пагроза з поўдня — торкі. Яраславічы запрасілі Усяслава ў паход на стэпнякоў, і адмаўляцца ён не стаў: без вялікай вайны няма і вялікай палітыкі. Асабліва калі ўлічыць, што паход аказаўся лёгкай прагулкай: сіла злучаных дружын князёў сталася такой, што качэўнікі сышлі назад у стэп без бою. Полацкі князь атрымаў пашану і славу, Полацкая зямля — яшчэ пяць гадоў спакою. А ў іншых землях спакою было значна менш.
У 1060 годзе памерлі смаленскі князь Вячаслаў і ўладзімірскі князь Ігар. Яраславічы парадаваліся ўдаламу збегу абставінаў і неадкладна падзялілі паміж сабой іх маёмасць, паставіўшы Смаленск у залежнасць ад Кіева. На што, паводле запавету Яраслава Мудрага, не мелі права. У нябожчыка Вячаслава Смаленскага застаўся сын Барыс, але законнай спадчыны ён не атрымаў, на смаленскі стол сеў адзін з сыноў Мудрага Ігар. Абодва сыны Ігара Яраславіча, Давід і Усевалад, таксама засталіся ні з чым. Больш за тое, Яраславічы выгналі ў 1064 годзе з Ноўгарада і князя Расціслава — браты вырашылі сабраць усе магчымыя землі пад сваёй рукой.
Усяслаў быў не сляпы і бачыў, што адбываецца навокал. Яраславічы падзялілі Смаленшчыну, падзялілі Уладзімірскую зямлю, змянілі князя ў Ноўгарадзе. Чаму б наступным не стаць Полацку? Акрамя таго, і без непасрэднай небяспекі Полацка Ноўгарад быў адным з самых галоўных гандлёвых канкурэнтаў княства. Нарэшце, момант быў абраны ўдала: выгнаны з Ноўгарада князь Расціслаў сышоў з дружынаю на поўдзень, у Тмутаракань, і Яраславічы беспаспяхова спрабавалі выгнаць яго і адтуль. У 1065 годзе полацкія войскі пайшлі на поўнач.
Спачатку Усяслаў ударыў на Пскоў. Паход аказаўся няўдалы, Пскоўскае гарадзішча выстаяла. Але Усяслаў не засмуціўся і ўжо ў наступным, 1066 годзе пайшоў на Ноўгарад. Гэты паход быў значна больш удалым: наўгародцы былі разбітыя, горад узяты, разрабаваны, а з Сафіі знятыя званы. Пераможныя палачане вярнуліся ў сваю сталіцу.
Канкурэнт быў часова ліквідаваны, але пагроза Яраславічаў нікуды не падзелася, наадварот, паспяховы паход Усяслава не мог не выклікаць іх лютасці. Супраць Полацка пачала складвацца кааліцыя, у якую ўвайшлі кіеўскі, чарнігаўскі і пераяслаўскі князі — усе асноўныя Яраславічы. Вельмі своечасова памёр Расціслаў, і барацьба за Тмутаракань была скончаная. Ужо ў лютым 1067 года Яраславічы падышлі да межаў Полацкага княства і пазней узялі Менск. Усяслаў не змог аказаць дапамогі гораду, які быў узяты і практычна знішчаны.
Нагружаныя здабычай, войскі Яраславічаў падышлі да Нямігі, дзе іх і перахапіла дружына Усяслава. 3 сакавіка 1067 года пачалася жорсткая бітва на Нямізе, вядомая ўсім па радках “Слова пра паход Ігаравы”:
На Нямізе галовы сцелюць снапамі,
харалужнымі малоцяць цапамі,
жыццё кладуць на таку злюцела,
веюць душу ад цела.
Нямігі крывавыя берагі
не збожжам былі засеяны зноў —
засеяны косцьмі рускіх сыноў.
У выніку бітвы палачане адступілі, але разгромленыя не былі. Ужо тое, што бітва скончылася не разгромам, дазваляе высока ацаніць майстэрства Усяслава як палкаводца: ён здолеў не прайграць арміі трох наймагутнейшых паўднёвых княстваў. Больш за тое, пасля сваёй “перамогі” Яраславічы не адважыліся нават ісці на Полацк, што абавязкова зрабілі б, калі б былі сапраўднымі трыумфатарамі. Іх войска пайшло да Смаленска, і праз чатыры месяцы яны запрасілі на перамовы Усяслава. Пакляўшыся на крыжы не чыніць князю шкоды, 10 лiпеня 1067 года Яраславічы сустрэліся з Усяславам і яго двума сынамі “на Ршы у Смаленску” (цяпер — рака Аршыца, а 10 ліпеня 1067 года лічыцца днём заснавання Оршы). Чаму князь, які, мяркуючы па рабаванні Наўгародскай Сафіі, наўрад ці быў фанатычным хрысціянінам, так лёгка паверыў крыжацалаванню? Невядома. Але ён адназначна зрабіў гэта дарма. Усяслаў і сыны былі схопленыя, адвезеныя ў Кіеў і пасаджаныя ў поруб — турму, дзе ім трэба было правесці астатак жыцця.
Але лёс распарадзіўся інакш. Ва Усяслава наперадзе было яшчэ шмат, шмат узлётаў і падзенняў…
Дзяніс Буркоўскі, budzma.by